САМААДНАЎЛЕ́ННЕ,

працэс аднаўлення цэлага з разрозненых частак або надбудовы недастаючых яго элементаў пасля разбурэння цэлага ці страты ч. яго элементаў. У прыродных сістэмах — працэс бесперапыннага аднаўлення або ўзнаўлення структуры, уласцівасцей, колькаснага і якаснага складу прыродных сістэм, які адбываецца без удзелу чалавека; самастойнае вяртанне прыродных сістэм да стану дынамічнай раўнавагі, з якога яны былі выведзены ўздзеяннем прыродных ці антрапагенных фактараў. Напр., складанне занава гідры з фрагментаў яе цела, рэгенерацыя хваста ў яшчаркі, сукцэсія, якая вядзе да С. заканамернага шэрагу экасістэм і завяршаецца клімаксам як апошнім звяном паслядоўных змен біягеацэнозаў або фарміраваннем вузлавых згуртаванняў.

т. 14, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)