САМААПЫЛЕ́ННЕ,
працэс пераносу пылку з пыльнікаў кветкі на рыльца песціка той самай кветкі або інш. кветкі адной расліны. У адных раслін С. — аблігатны (асноўны) спосаб апылення (авёс, пшаніца, некат. крыжакветныя), у другіх — факультатыўны (рэзервовы), выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі. Звычайна адбываецца пад канец цвіцення, рэдка да яго пачатку. Пастаяннае С. бывае часцей у аднагадовых раслін. Эвалюцыя кветкавых раслін ішла па шляху выпрацоўкі шматлікіх прыстасаванняў, якія перашкаджаюць С. і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню. Але ў большасці яно спалучаецца з С., таму што генет. С. спрыяе стабілізацыі адзнак віду, а перакрыжаванае — розным камбінацыям і ўзмацненню ўнутрывідавой зменлівасці. Прыватны выпадак С. — клейстагамія.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)