САМААРГАНІЗА́ЦЫЯ,
працэс узнікнення, узнаўлення і ўдасканальвання складанай дынамічнай сістэмы. Ажыццяўляецца шляхам перабудовы ранейшых ці стварэння новых сувязей паміж элементамі сістэмы. Уласцівасці С. выяўляюцца ў аб’ектах рознай прыроды (жывая клетка, арганізм, біял. папуляцыя, чалавечы калектыў і інш.). Працэсы С. маюць мэтанакіраваны, але натуральны, спантанны характар; працякаюць ва ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем, але адносна незалежныя ад яго. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў С.: самазараджэнне арганізацыі (узнікненне новай цэласнай сістэмы з шэрагу аўтаномных аб’ектаў); падтрымліванне сістэмы на пэўным узроўні арганізацыі пры змене ўнутр. і знешніх умоў яе функцыянавання; удасканальванне і самаразвіццё сістэм. Праблемы С. даследуюцца ў кібернетыцы і сінергетыцы. Гл. таксама Самаарганізавальная сістэма, Самарух, Развіццё.
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)