Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,

награвальная прылада з адкрытым накіраваным полымем. Полымя ўтвараецца на выхадзе трубы Пл. пры гарэнні сумесі пары вадкага паліва (бензіну, спірту, газы) з паветрам, прадукты гарэння ўтвараюць выцягнуты факел. Найб. пашыраны П.л. фарсуначнага тыпу (гл. Фарсунка) з ёмістасцю рэзервуара да 2 л. Выкарыстоўваюцца для награвання рабочай часткі паяльніка і дэталей, расплаўлення прыпою ў працэсе пайкі, а таксама награвання металу для праўкі, гібкі і інш., выдалення рэшткаў старога масла, фарбы, лаку з драўляных і метал. вырабаў і інш.

Паяльная лямпа: 1 — рэзервуар для газы; 2 — ванначка для распальвання газы; 3 — труба; 4 — вентыль; 5 — помпа; 6 — заліўное прыстасаванне; 7 — паветраная пробка.

т. 12, с. 251

ПАЯ́ЛЬНІК,

інструмент для пайкі металаў і расплаўлення прыпою. Медная рабочая частка П. награваецца ад знешняй крыніцы цяпла (ад паяльнай лямпы і інш.). Форма, памеры і маса П. вызначаюцца тыпам паянага шва, канфігурацыяй і масай вырабу. Бываюць без пастаяннага падагрэву, з падагрэвам полымем ці з электрападагрэвам (найб. пашыраны). Спец. від П. — ультрагукавы, у якім ваганні нагрэтага стрыжня разбураюць аксідную плёнку на паверхні паянага вырабу пад слоем прыпою. Асн. перавага — магчымасць бясфлюсавай пайкі. Выкарыстоўваюцца для пайкі і луджэння вырабаў са сталі, медзі і медных сплаваў, алюмінію (пераважна ультрагукавыя П.) мяккімі алавяна-свінцовымі прыпоямі.

Паяльнікі: 1 — газавы з падагрэвам адкрытым полымем; 2 — бензінавы з рэзервуарам для гаручага ў рукаятцы; 3 — электрычныя (звычайны і з фарсіраваным падагрэвам — паяльны пісталет).

т. 12, с. 251

ПАЯНХУ́,

возера на У Кітая, у правабярэжнай частцы даліны р. Янцзы. Пл. 2,7 тыс. км². Глыб. летам да 20 м (памеры і глыбіня рэзка вагаюцца, бо ў летнюю паводку частка сцёку ідзе ў р. Янцзы). У П. ўпадае р. Ганьцзян. Суднаходства. Рыбалоўства.

т. 12, с. 251

ПАЯ́РКАЎ Васіль Данілавіч, рускі землепраходзец (17 ст.). У 1643—46 кіраваў атрадам (каля 130 чал.), які прайшоў ад Якуцка па рэках Лена, Алдан, Уур, Ганам і праз водападзел выйшаў да р. Зея і потым да р. Амур. Ад вусця Амура па Ахоцкім м. дасягнуў вусця р. Улья і адтуль праз горны хр. Джугджур, па рэках Мая і Алдан вярнуўся ў Якуцк. Сабраў каштоўныя звесткі аб прыродзе і насельніцтве Д. Усходу. Яго імем наз. гар. пасёлак у Рэспубліцы Саха (Якуція) у Расіі.

т. 12, с. 252

ПАЯСНЫ́Я ЦЭ́НЫ цэны, дыферэнцыраваныя па паясах, кожны з якіх уключае некалькі адм.-тэр. адзінак, мясцовасцей з падобнымі прыродна-эканам. ўмовамі вытв-сці, рэалізацыі і спажывання асобных відаў прадукцыі; цэны аднаго і таго ж тавару, характэрныя для шэрагу рэгіёнаў.

т. 12, с. 252

ПАЯСНЫ́ ЧАС,

сістэма адліку часу па гадзінных паясах, што распасціраюцца ўздоўж мерыдыянаў з даўгатой, кратнай 15°. Нумарацыя 24 паясоў (ад 0 да 23) вядзецца з З на У ад Грынвіцкага мерыдыяна. П.ч. у сумежных паясах адрозніваецца на 1 гадз. Межы часавых паясоў звычайна праводзяць па дзярж. і адм. граніцах, па рэках, хрыбтах і інш. Ва ўсіх пунктах, якія знаходзяцца ў межах аднаго пояса, лічыцца адзін і той жа час сярэдняга мерыдыяна дадзенага пояса. П.ч. уведзены ў 1883 у ЗША, у СССР — з 1919. Гл. таксама Дэкрэтны час, Мясцовы час.

т. 12, с. 252

ПАЯСЫ́ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, паясы фізіка-геаграфічныя, паясы прыродныя,

самыя вялікія шыротна-занальныя падраздзяленні геаграфічнай абалонкі. Характарызуюцца асаблівасцямі рэжыму цяпла і вільгаці, цыркуляцыі паветраных мас [гл. Кліматычныя паясы (зоны)], рытмікай біягеахім. і геамарфал. працэсаў, вегетацыі расліннасці, складам глеб, расл. покрыва, жывёльнага свету і інш. Кліматычныя фактары ў межах пояса могуць рэзка адрознівацца, што дазваляе вылучаць унутры кожнага пояса зоны геаграфічныя і падзоны. На канфігурацыю П.г., іх памеры ўплываюць аддаленасць ад акіянаў (вылучаюцца сектары: прыакіянічны, унутрымацерыковы і пераходны паміж імі), рэльеф (вышынная пояснасць), марскія цячэнні. На сушы вылучаюць экватарыяльны пояс, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя паясы, трапічныя паясы, субтрапічныя паясы, умераныя паясы; у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я размяшчаюцца субарктычны пояс і арктычны пояс, у Паўд. паўшар’і — адпаведна субантарктычны пояс і антарктычны пояс. П.г. існуюць і ў Сусветным ак., дзе ім уласціва большая аднароднасць.

т. 12, с. 252

ПАЯ́Ц (італьян. pagliaccio ад paglia салома),

1) камічны персанаж старадаўняга нар. італьян. тэатра.

2) Клоун у цырку, балагане.

3) У пераносным сэнсе — чалавек, які крыўляецца, вядзе сябе, як клоун.

т. 12, с. 252