Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАТАБНЯ́ (Аляксандр Апанасавіч) (22.9.1835, с. Грышына Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 11.12.1891),

украінскі і рускі філолаг-славіст; кіраўнік харкаўскай лінгвістычнай школы. Брат Андрэя А.Патабні. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1877). Скончыў Харкаўскі ун-т (1856), з 1875 праф. гэтага ун-та. Развіваў псіхал. кірунак у рус. мовазнаўстве. Асн. працы па агульным мовазнаўстве, тэорыі славеснасці, тыпалогіі, лексікалогіі, гіст. стылістыцы, семасіялогіі, літ. мове, тэорыі фразеалогіі: «Мысленне і мова» (1862), «З запісак па рускай граматыцы» (т. 1—2, 1874; т. 3—4, апубл. 1899—1941), «З запісак па тэорыі славеснаці» (апубл. 1905) і інш. Вял. ўклад яго ў славістыку, асабліва ў слав. дыялекталогію, параўнальна-гіст. граматыку слав. моў, даследаванне рус. і ўкр. моў.

Літ.:

О.​О.​Потебня: Ювілейний эб. до 125-річчя з дня народження. Київ, 1962;

Франчук В.Ю. О.​О.​Потебня. Київ, 1975.

Аляксандр Апанасавіч Патабня.

т. 12, с. 177

ПАТАБНЯ́ (Андрэй Апанасавіч) (31.8.1838, с. Перакопаўка Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 5.3.1863),

рэвалюцыйны дэмакрат, удзельнік паўстання 1863—64. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. Скончыў Канстанцінаўскі кадэцкі корпус у Пецярбургу (1856), афіцэрскую школу ў Царскім Сяле (1859). Служыў прапаршчыкам, потым падпаручнікам у 15-м Шлісельбургскім палку ў Польшчы. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камітэта рускіх афіцэраў ў Польшчы. Трымаў сувязь з Я.​Дамброўскім, З.​Серакоўскім, А.​І.​Герцэнам, М.​П.​Агаровым, у час наведвання Лондана вёў перагаворы пра рус.польскі рэв. саюз. З ліст. 1862 чл. «Зямлі і волі». З лют. 1863 у атрадах ген.

М.​Лянгевіча, смяротна паранены ў баі супраць царскіх войск.

В.​С.​Семенякоў.

т. 12, с. 177

ПАТАГЕНЕ́З (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...генез),

працэс пашкоджання клетак, тканак і органаў; неспецыфічныя рэакцыі арганізма ў адказ на ўздзеянні на яго і развіццё тыповых паталагічных працэсаў (напр., запаленне); раздзел паталогіі, які вывучае механізмы ўзнікнення і развіцця хваробы. Складаецца з многіх этапаў ці звенняў, якія злучаны паміж сабой прычынна-выніковымі адносінамі. Уключае фізіял., біяхім., марфал., імуналагічныя і інш. змены ў арганізме пры хваробе.

Механізмы развіцця П. вызначаюцца сукупнасцю асаблівасцей арганізма (агульны стан, бар’ерная функцыя, рэакцыі імунітэту, рэгенерацыя і інш.) і этыялогіяй. Звязана з дзейнасцю нерв. і эндакрыннай сістэм і ахопліваюць усе ўзроўні рэгуляцыі арганізма — сістэмныя, клетачныя, субклетачныя і малекулярныя. Этыялагічны фактар з’яўляецца пускавым момантам хваробы. П. пачынаецца з пашкоджання, з паталаг. рэакцый, якія выклікаюць уключэнне і фарміраванне кампенсаторна-прыстасавальных рэакцый паводле прынцыпу рэфлексу або гарманальных уздзеянняў. Даследаванне П. — аснова мэтанакіраванага лячэння. Пры дыягностыцы найб. важна вызначыць вядучае звяно ў ланцугу парушэнняў, што узнікаюць у ходзе хваробы. Уздзеянне на гал. звяно дазваляе атрымаць лячэбны эфект.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 177

ПАТАГЕ́ННАСЦЬ.

хваробатворнасць, здольнасць некат. арганізмаў выклікаць інфекц. захворванні інш. істот. Тэрмін звычайна ўжываецца ў адносінах да мікраарганізмаў і вызначае іх патэнцыяльную магчымасць выклікаць хваробы. Залежыць ад вірулентнасці інфекц. агента і ўспрымальнасці арганізма, які інфіцыруецца. Для кожнага мікроба П. мае адносны характар і звязана з відам, узростам, полам і фізіял. станам арганізма, у які ён укараняецца. П. узнікла ў працэсе эвалюцыі мікробаў у выніку адаптацыі іх да пэўных відаў арганізмаў (напр., бактэрыі брушнога тыфу паразітуюць толькі ў арганізме чалавека). Гл. таксама Патагенныя мікробы. А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 177

ПАТАГЕ́ННЫЯ МІКРО́БЫ,

віды мікраарганізмаў, якія выклікаюць хваробы чалавека, жывёл і раслін. Паводле характару жыўлення — паразіты і сапратрофы. Бываюць унутрыклетачныя паразіты (напр., узбуджальнікі сыпнога тыфу), пастэрэлы развіваюцца ў крыві, халерны вібрыён і сальманелы пасяляюцца ў кішэчніку, узбуджальнікі пнеўманіі (некат. кокі) выклікаюць пашкоджанне клапанаў сэрца і інш. Паводле функцыян. значэння адрозніваюць 3 групы фактараў, якія садзейнічаюць інфіцыраванню арганізма: інвазіўныя (напр., з дапамогай варсінак бактэрыі прыліпаюць да эпітэліяльных клетак слізістых абалонак); асаблівасці будовы, што надаюць устойлівасць да ахоўных сістэм арганізма (напр., утварэнне капсул); таксічныя (напр., узбуджальнікі батулізму ці слупняку маюць экзатаксіны, якія выклікаюць інтаксікацыю арганізма з выбіральным пашкоджаннем ц. н. с. без наяўнасці адпаведных бактэрый). Умоўна П.м., якія звычайна з’яўляюцца нармальнай мікрафлорай, становяцца патагеннымі пры зніжэнні агульнай рэзістэнтнасці макраарганізма і інш. зменах яго імуналагічнага статуса. Гл. таксама Патагенез, Патагеннасць.

А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 177

ПАТАГО́НІЯ (Patagonia),

прыродная вобласць у Паўд. Амерыцы, на Пд Аргенціны, на Пд ад рэк Рыо-Каларада і Рыо-Негра і на У ад Андаў. Пл. 650 тыс. км. Паверхня — пераважна ступеньчатыя плато, якія ўзвышаюцца ад Атлантычнага ак. на 3 да 2200 м. Клімат умераны, засушлівы. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі 150—300 мм за год, на Пд да 600—700 мм. Характэрны моцныя вятры. У П. (прав. Чубут) — полюс холаду Паўд. Амерыкі (абс. мінімум т-ры -33 °C). Рэкі, якія бяруць пачатак у Андах, перасякаюць плато ў глыбокіх каньёнах. Найб. азёры: Наўэль-Уапі, В’едма, Лага-Архенціна і інш. каля падножжа Андаў. Пераважае злакава-хмызняковая паўпустыня, у перадгор’ях Андаў — стэп. Авечкагадоўля. Здабыча нафты і прыроднага газу.

т. 12, с. 177

ПАТАГО́НСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Голантарктычная біягеаграфічная вобласць. Уваходзіць у царства Натагею. Займае тэр. Пд Паўд. Амерыкі (Пд Аргенціны і Чылі) разам з архіпелагамі Вогненная Зямля, Хуан-Фернандэс, а-вы Фалклендскія, Кергелен, Кразе, Паўд. Георгія і інш. Больш як палавіна відаў флоры і фауны — эндэмікі.

Відавы склад раслін характэрны для стэпаў (пампасаў), паўпустынь і пустынь, з перавагай злакаў, кактусаў, азарэлы, болаксу і інш. Шмат лішайнікаў і мохападобных. Есць 10 эндэмічных сям. кветкавых раслін. Вільготныя лясы з паўд. бука трапляюцца пераважна на архіпелагах Вогненная Зямля і Чылаэ. Фауна даволі бедная. Тыповыя прадстаўнікі сярод наземных млекакормячых — вікунья, гуанака, грызуны нутрыя, шыншыла, віскаша, мара, тука-тука, цэналеставыя сумчатыя пацукі і мышы і інш.; з марскіх млекакормячых—ластаногія (марскі леапард, паўд. марскі слон і інш.), кіты. Сярод птушак эндэмічныя прадстаўнікі атр. пінгвінападобных, а таксама белыя сяўцы, калібры, тынаму, чарнашыі лебедзь і інш. Сярод паўзуноў—ігуаны, вужападобныя змеі і інш., з земнаводных — рынадэрмы, свістуны і інш. Прэснаводныя рыбы прадстаўлены пераважна відамі з атр. карпападобных (сям. харацынавыя), ласосепадобных (сям. галаксіевыя) і інш. З наземных беспазваночных характэрны шэраг эндэмічных жукоў-жужаляў, нагахвостак-калембал, матылёў і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Патагонская біягеаграфічная вобласць. Тыповыя прадстаўнікі фауны: 1 — свістун пяціпальцы; 2 — чырок оклендскі; 3 — тынаму вохрыстагаловы; 4 — тука-тука; 5 — мара; 6 — віскаша.

т. 12, с. 177

ПАТАГО́НСКІЯ А́НДЫ (Andes Patagonicos),

паўднёвая частка горнай сістэмы Анды, у Паўд. Амерыцы, у Чылі і Аргенціне, на Пд ад 39° паўд. ш. Складаюцца з Патагонскай (Галоўнай) Кардыльеры на У і а-воў Чылійскага архіпелага на 3. Выш. 2—3 тыс. м, найб. — 4058 м (г. Сан-Валянцін). У паўн. ч. моцная сейсмічнасць, на Пн — вулканы; Ланін, Асорна і інш. Клімат умераны, вельмі вільготны (ападкаў да 5000 мм і больш за год) і халаднаваты. Ледавікі (пл. каля 20 тыс. км²). Шмат буйных ледавіковых азёр: Льянкіўэ, Наўэль-Уапі. У паўн. ч. на схілах хваёва-лістоўнічныя вечназялёныя лясы, на зах. схілах пераважна лістападныя букі, на паўд. і ўсх. — мяшаныя лістападна-вечназялёныя і хваёвыя.

т. 12, с. 177

ПАТА́ЕЎ (Георгій Аляксандравіч) (н. 27.9.1944, Мінск),

бел. архітэктар. Д-р архітэктуры (1999). Скончыў БПІ (1967), з 1971 выкладаў у ім. З 1977 у ін-це БелНДІПгорадабудаўніцтва (з 1980 нам. дырэктара). З 1995 заг. кафедры БПА. Працуе ў галіне горадабудаўніцтва і ландшафтнай архітэктуры. Асн. праектныя работы: «Схема развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку і турызму, прыродных паркаў і запаведнікаў у СССР», «Генеральная схема развіцця і размяшчэння курортаў і зон адпачынку Беларускай ССР» (абодва 1981), «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» (1982), «Генеральная схема комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Беларускай ССР» (1989), «Схема размяшчэння першачарговых аб’ектаў аздараўлення і адпачынку насельніцтва Рэспублікі Беларусь, што пражывае на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі» (1991; усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў кніг «Горадабудаўнічае асваенне поймавых тэрыторый Беларускай ССР» (1986), «Горадабудаўніцтва Беларусі» (1988), «Горадабудаўнічыя асновы развіцця курортна-рэкрэацыйных раёнаў СССР» (1990), «Беларусь: асяроддзе для чалавека» (1996) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі. 2000.

Тв.:

Рекреационные ландшафты: Охрана и формирование. Мн., 1996.

т. 12, с. 178

ПА́ТАКА,

цукрысты прадукт, вязкі, празрысты водны раствор глюкозы, алігацукрыдаў і дэкстрынаў. Колькасць сухіх рэчываў каля 80%. Павышае растваральнасць цукрозы ў вадзе (затрымлівае крышталізацыю). Атрымліваюць ацукроўваннем крухмалу разведзенымі к-тамі, потым сіроп фільтруюць і ўварваюць. Выкарыстоўваюць у кандытарскай, кансервавай, тэкст. прам-сцях, у хлебапячэнні.

т. 12, с. 178