Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАЎАЗЕ́Р’Е,

другая назва воз. Палазер’е.

т. 12, с. 188

ПАЎВО́СТРАЎ,

участак сушы, які рэзка і далёка выдаецца ад краю мацерыка або вострава ў мора. Большасць П. — прамы працяг мацерыка (Апенінскі, Малая Азія, Лабрадор). Некаторыя П. раней былі астравамі, а затым далучыліся да мацерыкоў (Індастан, Камчатка, Крымскі, Фларыда). Самы вялікі П. Зямлі — Аравійскі.

т. 12, с. 188

ПАЎВО́СТРАЎ НАНО́СЫ,

геалагічны (геамарфалагічны) помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Каля в. Наносы Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на зах. беразе воз. Нарач. Пл. 0,9 км². На паўвостраве вузкая града (выш. да 11 м), якая ўтварылася каля 17 тыс. г. назад у шчыліне ледавіка ў выніку адкладання пяску, жвіру і валуноў. Ва ўзбярэжных пясках адзначаны намнажэнні (шліхі) галацэнавага ўзросту паўкаштоўнага мінералу гранату-альмандзіну. П.Н. — адзінае месца ў краіне, дзе трапляюцца магутныя гранатавыя шліхі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 188

ПАЎВО́СТРАЎ ЧАРАЎКІ́,

геалагічны (геамарфалагічны) помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Каля в. Чараўкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на паўн.-ўсх. беразе воз. Нарач. Паўвостраў уразаецца ў возера больш як на 700 м і злучаецца з карэнным берагам лагчынай-пратокай з рэшткавым возерам. У рэльефе вылучаюцца пагоркі (камы) якія ўтварыліся каля 20 тыс. г. назад.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 188

ПАЎВО́СЬ,

вал вядучага моста самаходнай колавай машыны, які перадае вярчэнне ад дыферэнцыяла на вядучае кола. Бываюць паўразгружаныя і поўнасцю разгружаныя. Паўразгружаная П. нясе на сваім канцы вядучае кола. Выкарыстоўваецца ў легкавых аўтамабілях, дзе нагрузкі на колы адносна невялікія. Поўнасцю разгружаная П. свабодна праходзіць праз адтуліны вядучага моста і злучаецца са ступіцай вядучага кола, падшыпнікі якога ўстаноўлены на бэльцы вядучага моста, якая ўспрымае папярочныя і падоўжныя сілы, што ўзнікаюць на вядучым коле. Выкарыстоўваюцца на грузавых аўтамабілях, аўтобусах, цяжкіх колавых трактарах.

т. 12, с. 188

ПАЎВЫ́ВАДКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,

група відаў птушак, у якіх птушаняты ад моманту вылуплення да пачатку самастойнага жыцця больш-менш працяглы перыяд развіваюцца ў гняздзе або паблізу ад яго і першапачаткова выкормліваюцца бацькамі. Займаюць прамежкавае становішча паміж птушанятнымі птушкамі і вывадкавымі птушкамі, біялагічна блізкія да птушанятных, марфалагічна — да вывадкавых. У арнітафауне Беларусі да П.п. належаць дзённыя драпежнікі, чайкі, чаплі і інш.

Птушаняты П.п. выходзяць з яец з адкрытымі зрокавымі і слыхавымі праходамі, з развітым эмбрыянальным пухам, здольныя праз 20—30 гадз. трымаць галаву і стаяць на нагах, але яшчэ не могуць хадзіць за дарослымі птушкамі і самастойна карміцца.

т. 12, с. 188

ПАЎГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах перыядычнага празмернага ўвільгатнення (больш за 15—20 сут за год) паверхневымі ці грунтавымі водамі. Прысутнічаюць прыкметы агляення глебы. Асаблівасці паўгідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы, падзолаўтварэнне, інтэнсіўны вынас спалучэнняў жалеза, паніжэнне акісляльна-аднаўленчага патэнцыялу, лесіваж. Марфалагічны профіль характарызуецца наяўнасцю шызых і белаватых плям з іржавымі пражылкамі, афарбоўка якіх залежыць ад ступені акіслення іонаў жалеза. На Беларусі да П.г. адносяцца дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, дзярновыя забалочаныя глебы, падзолістыя забалочаныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і інш. Займаюць больш за 30% плошчы с.-г. угоддзяў. Для с.-г. выкарыстання П.г. патрабуюць рэгулявання вільготнага рэжыму.

Л.​В.​Круглоў.

т. 12, с. 188

ПАЎГРО́Ш,

медная або білонная манета вартасцю ў палавіну гроша, у шэрагу краін Еўропы ў 14—18 ст. Упершыню выпушчаны ў 1-й пал. 14 ст. ў Чэхіі; з канца 14 ст. чаканіўся ў Кракаве. Маса ў 1399—1414 каля 1,58 г, у 1479 каля 0,92 г, у 1501—26 каля 1,02 г. У 1342—1414 выпускаўся ў Львове, у 1470—1528 у Сілезіі (маса 1,2 г). У ВКЛ П. чаканіўся з 1492 да 1565 у Вільні і ў 1566 у Тыкоціне. Вартасць літ. П. на 1/5 большая, чым польскага. У 1766 у Рэчы Паспалітай быў адноўлены выпуск П. Апошнія П. чаканіліся ў 1796—97. На Беларусі абарачаліся літ., польскія, свідніцкія П.

т. 12, с. 188

ПАЎГРУБАШЭ́РСНЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з неаднароднай паўгрубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. У адрозненне ад грубашэрсных авечак воўна П.а. больш мяккая, мае пух даўж. да 8 см, восць больш тонкая. Воўну выкарыстоўваюць для вытв-сці дываноў, штучнага футра, коўдраў, тканін.

Да П.а. належаць сараджынская (Зах. Туркменістан) і таджыкская (Таджыкістан) пароды, алайская і горнакарпацкая пародныя групы. Сараджынскія П.а. маюць падцягнуты курдзюк, маса 60 кг (маткі), 80 кг (бараны); настрыг воўны 3—4,5 кг. Таджыкская парода з шырокім курдзюком, маса 70 кг (маткі), 120 кг (бараны); настрыг воўны 2,5—4 кг. Гл. таксама Авечкагадоўля.

А.​А.​Козыр.

т. 12, с. 188

ПАЎДЗЁННАЯ ЛІ́НІЯ,

лінія перасячэння плоскасці нябеснага мерыдыяна з плоскасцю матэм. гарызонта. На перасячэнні з нябеснай сферай дае пункты Пн і Пд. Уздоўж П.л. падае цень у сапраўдны поўдзень. Напрамак П.л. супадае з напрамкам геагр. мерыдыяна ў дадзеным пункце паверхні Зямлі.

т. 12, с. 188