Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАША́ (тур.),

тытул вышэйшых грамадз. і ваен. саноўнікаў у Асманскай імперыі. Пасля рэформ танзімату (сярэдзіна 19 ст.) — ганаровы тытул генералаў і міністраў. Скасаваны ў 1934. Захоўваўся некаторы час у Егіпце (да 1952) і Іраку (да 1958).

т. 12, с. 246

ПА́ША, выпас,

зямельныя ўгоддзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы; адна з асн. крыніц высокапрадукц. і таннага корму для с.-г. жывёл.

Адрозніваюць П. прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расл. покрыве натуральнай П. пераважаюць дзікарослыя злакавыя травы, асокі і разнатраўе. Палепшаную П. ствараюць шляхам спец. сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых травасумесей. Звычайна П. займае сухадольныя ці нізінныя месцы. участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасць прыроднай П. нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэннем, культуртэхнічнымі работамі і інш. аграмеліярац. мерапрыемствамі; вапнаваннем, выкарыстаннем угнаенняў, падкошваннем, падсевам траў, арашэннем, аховай ад перавыпасу.

На Беларусі пад П. занята 1,7 млн. га, з іх палепшанай 1,1 млн. га, асушанай 0,78 млн. га. Прыродныя ўмовы і біякліматычны патэнцыял краіны спрыяюць стварэнню высокапрадукцыйнай П. практычна ва ўсіх рэгіёнах.

Літ.:

Баранова М.Е., Пиотрашко Л.А., Мурашко В.Г. Луговодство и пастбищное хозяйство. 2 изд. Мн., 1980;

Руденко Е.В., Марчяускас С.П., Башлаков Н.Ф. Эксплуатация культурных пастбищ. Мн., 1982;

Создание и рациональное использование пастбищ. Мн., 1998.

т. 12, с. 246

ПА́ШАВІЦКІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 1 км на Пн ад в. Пашавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі з уключэннямі крышталёў палявога шпату. Даўж. 1,4 м, шыр. 1 м, выш. 0,4 м, у абводзе 4,3 м, аб’ём 0,3 м³, маса каля 0,8 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з ПдУ Фінляндыі. Мае цэглападобную форму. На верхняй пляцоўцы захаваліся 11 выемак (глыб. да 3 см, у папярочніку да 5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 246

ПА́ШАВЫЯ КЛЯШЧЫ́,

гл. ў арт. Іксодавыя кляшчы.

т. 12, с. 246

ПАШАЛЫ́К (paşalik),

правінцыя або вобласць (эялет, санжак) у Асманскай імперыі пад кіраваннем пашы.

т. 12, с. 246

ПА́ШКАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партызан 6-й Магілёўскай брыгады з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Пашкава Магілёўскага р-на 11.2.1943 у Вял. Айч. вайну. У вёсцы размяшчаўся ням. гарнізон з 53-м паліцэйскім батальёнам. Пасля папярэдняй падрыхтоўкі партызаны на чале з нач. штаба брыгады С.Г.Сідарэнкам-Салдаценкам праніклі ў размяшчэнне гарнізона, блакіравалі ўсе выхады з казармы, афіцэрскія будынкі, раззброілі салдат, знішчылі старшых афіцэраў, захапілі каравульнае памяшканне, шмат зброі, патронаў, медыкаментаў і інш. маёмасці. 180 салдат батальёна перайшлі да партызан.

т. 12, с. 246

ПАШКЕ́ВІЧ Алаіза Сцяпанаўна, сапр. прозвішча Цёткі.

т. 12, с. 246

ПАШКЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; н. 11.9.1972, в. Набушава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1998). Скончыў БДУ (1994). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», часопісах «Першацвет» і «Нёман». З 1998 у БДУ. Друкуецца з 1989. Метафарычная, узвышаная паэзія П. напоўнена роздумам над складанымі пытаннямі нашага часу (зб. «Нябесная сірвента», 1994). У рамане-дакуменце «І дам табе вянок жыцця» (2000) расказаў пра малавядомыя старонкі нац.-адраджэнскага і літ.-грамадскага руху на Беларусі і па-за яе межамі ў 1916—46. Даследуе бел. паэзію 1920-х г., л-ру бел. замежжа.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 246

ПАШКЕ́ВІЧ (Анатоль Паўлавіч) (н. 14.12.1954, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне робататэхнікі. Д-р тэхн. н. (1996), праф. (1998). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1977). З 1977 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па метадах і алгарытмах шматкрытэрыяльнага сінтэзу маніпуляцыйных і кіроўных сістэм прамысл. робатаў. Распрацаваў спец. прылады для сістэм лічбавага праграмнага кіравання робатаў.

Тв.:

Применение управляющих вычислительных машин. Мн., 1988 (у сааўт.);

Автоматизированное проектирование промышленных роботов и робототехнологических комплексов для сборочно-сварочных производств. Мн., 1996.

т. 12, с. 246

ПАШКЕ́ВІЧ (Валянціна Мікалаеўна) (н. 5.2.1916, г. Казельск Калужскай вобл., Расія),

бел. педагог і лексікограф. Вучылася ў Віленскім ун-це (1935—39). У 1942 вывезена на работы ў Германію, з 1946 у бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце каля Браўншвайга. З 1949 у Таронта (Канада). Займалася выкладчыцкай працай. Склала «Першую чытанку пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (Кліўленд, 1968). Аўтар падручніка «Беларуская мова» (т. 1—2, Таронта, 1974—78) — адзінага сістэматычнага і найб. поўнага курса бел. мовы для навуч. мэт па-за межамі Беларусі. У дадатку да падручніка змешчаны бел.-англ. і англа-бел. слоўнікі (кожны да 9 тыс. лексічных адзінак). Падрыхтавала вял. (каля 50 тыс. слоў) «Ангельска-беларускі слоўнік». Апублікавала арт. «Навучаньне беларускае мовы ў англамоўным асяроддзі» (1983).

Р.​М.​Жук-Грышкевіч.

т. 12, с. 246