Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЯВО́ЗЕРА, Пяўвозера. На Пн Карэліі, у Расійскай Федэрацыі. Пл. 659 км², глыб. да 49 м. Шмат астравоў (больш за 30) і заліваў. Замярзае ў ліст., крыгалом у красавіку. Рыбалоўства. Суднаходства. З 1962—66 — ч. Кумскага вадасховішча.

т. 13, с. 155

ПЯГА́НКІ (Tadorna),

род птушак сям. качыных. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі, Афрыцы. Жывуць на марскіх узбярэжжах, у стэпавых, паўпустынных і пустынных ландшафтах па берагах азёр. Гняздуюцца ў норах, расколінах скал, пакінутых пабудовах, часам у кустоўі. На Беларусі адзначаны агар і П. звычайная (T. tadoma) — вельмі рэдкі гняздуючы і зімуючы від. П. хахлатая (T. cristata) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 60 см, маса да 1,65 кг. Афарбоўка пярэстая (рус. «пегая» — адсюль назва); спалучэнне белага, чорнага і рыжага колераў. Кормяцца пераважна расліннасцю, дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць да 12 (зрэдку да 18) яец. Аб’екты палявання.

Пяганка звычайная: 1 — самка; 2 — самец.

т. 13, с. 155

ПЯ́ДЗЕНІКІ (Geometridae),

сямейства лускакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах. Пераважна змрокавыя і начныя матылі. На Беларусі больш за 12 родаў, каля 300 відаў. Найб. трапляюцца П.: асенні (Oporinia autumnata), зімовы (Operophtera brumata), хваёвы (Bulapns piniarius), чубаты (Colotois pennaria), яловы вуглакрылы (Semiothisa liturata) і інш. Некат. віды — шкоднікі лесу і с.-г. раслін.

Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка разнастайная. Вусені шараватыя або зеленаватыя, нагадваюць сучкі, галінкі, сцяблінкі (яскравы прыклад мімікрыі), маюць звычайна 2 пары брушных ног. Пры перамяшчэнні дугападобна выгінаюць цела ўверх — рухаюцца «пядзямі» (адсюль назва). Кормяцца лісцем, бутонамі, кветкамі, пупышкамі раслін; многія — паліфагі; ёсць драпежнікі.

Літ.:

Мержеевская О.И., Литвинова А.Н., Молчанова Р.В. Чешуекрылые (Lepidoptera) Белоруссии: Кат. Мн., 1976;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. 1984.

С.​Л.​Максімава.

Пядзенікі: 1 — зімовы (а — самец, б — самка); 2 — агрэставы; 3 — асенні; 4 — чубаты; 5 — яловы вуглакрылы; 6 — хваёвы (а — самец, б — самка); 7 — вусені (а — у руху, б — у позе абароны).

т. 13, с. 155

ПЯ́ДЗЯ,

старажытная адзінка (мера) даўжыні ў Беларусі і Расіі, роўная макс. адлегласці па прамой лініі паміж канцамі выцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі чалавека. Слова «П.» абазначае «кісць рукі» і паходзіць ад агульнага кораня са словам «пяць». Лікавае значэнне П. вагалася ад 18 да 27 см. У 16 ст. мерную П. прыраўнавалі да ​1/4 аршына (17,78 см), пасля чаго найменне «П.» паступова выйшла з карыстання. Захавалася ў прымаўках: «Ні пядзі зямлі» (не аддаць, не саступіць). У англамоўных краінах выкарыстоўваюць падобную адзінку даўжыні спэн (англ. span — пядзя), роўную 9 цалям, або 22,86 см.

т. 13, с. 155

ПЯКА́РСКІ (Аляксандр Антонавіч) (н. 30.5.1952, в. Буда Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1975). З 1982 у Гродзенскім ун-це, з 2000 у Бел. тэхнал.’ ун-це. Навук. працы па тэорыі функцыі рэчаіснай і комплекснай пераменных. Даказаў прамыя і адваротныя тэарэмы рацыянальнай апраксімацыі ў класічных функцыян. прасторах.

Тв.:

Чебышевские рациональные приближения в круге, на окружности и на отрезке // Матем. сб. Нов. сер. 1987. Т. 133, №1;

Hardy space niethods in rational approximation // Grundlehren der matheniatischen Wissenschaften. Berlin etc., 1996. Bd. 304.

т. 13, с. 156

ПЯКА́РСКІ (Эдуард Карлавіч) (25.10.1858, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —29.6.1934),

расійскі этнограф, географ, мовазнавец, фалькларыст. Чл.-кар. (1927), ганаровы акад. (1931) АН СССР. Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай і Чарнігаўскай гімназіях, Харкаўскім вет. ін-це (1877—88). За ўдзел у народніцкім руху арыштаваны (1879) і сасланы ў Якуцію. Удзельнік экспедыцый Усх.-Сібірскага аддзялення Рус. геагр. т-ва (РГТ, 1894—96) і Аяна-Нельканскай (1903). З 1905 працаваў у музеях Пецярбурга, з 1911 у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі Рас. АН, з 1914 сакратар этнагр. аддзела РГТ, у апошнія гады жыцця ў у Ін-це усходазнаўства АН СССР. Аўтар артыкулаў па геаграфіі, этнаграфіі, лінгвістыцы і фальклору якутаў і тунгусаў. Асн. праца — «Слоўнік якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—30; у сааўт.).

Літ.:

Э.​К.​Пекарский: (К 100 летию со дня рождения). Якутск, 1958;

Грыцкевіч В. Эдуард Пякарскі: Біягр. нарыс. Мн., 1989.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 13, с. 156

ПЯКО́ТКА,

адчуванне пякучага болю ў страваводзе. Звязана з закідваннем кіслага змесціва страўніка ў стрававод, таксама з парушэннем маторыкі стрававода, страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Бывае пры гастрыце, халецыстыце, язвавай і жоўцекамянёвай хваробах, пасля аперацый на страўніку, пры цяжарнасці, таксама ўзнікае пры непераноснасці некат. харч. прадуктаў. Лячэнне накіравана на асн. захворванне.

т. 13, с. 156

ПЯЛЁСТАК,

ліст расліны, які эвалюцыйна трансфармаваўся; частка вяночка кветкі. Мае пераважна яркую афарбоўку.

т. 13, с. 156

ПЯЛІ́КША (Пелікша) Карнель Ігнатавіч [1823, в. Сталовічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.7 (паводле інш. звестак 12.3). 1872], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на тэр. Беларусі, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцку, у дваранскім ін-це ў Вільні. Да паўстання жыў у сваім маёнтку Горкі пад Мінскам, дзе адкрыў школу і бальніцу, сабраў багатую б-ку. З вясны 1863 паўстанцкі цывільны начальнік Мінскага ваяв. Садзейнічаў разгортванню паўстання на Міншчыне, у вер. — кастр. 1863 дапамог пасланцу К.​Каліноўскага І.М.Яманту рэарганізаваць у Мінску паўстанцкую адміністрацыю. Потым з ведама Каліноўскага выехаў за мяжу. Завочна асуджаны царскімі ўладамі да пакарання смерцю з канфіскацыяй маёмасці. У эміграцыі жыў у Францыі, Італіі, Румыніі, Галіцыі. У 1872 ахвяраваў музею кн. Любамірскіх у Львове каштоўны габелен Карэліцкай мануфактуры Радзівілаў 18 ст. «Бітва пад Славечна» (цяпер у гіст. музеі ў Львове).

Г.​В.​Кісялёў.

т. 13, с. 156

ПЯЛЮ́ШКА, гарох палявы, гарох пясчаны,

адзін з падвідаў гароху пасяўнога. Часам П. вылучаюць у самастойны від (Pisum arvense). Культывуецца на зялёны корм, сена, сілас.

Аднагадовая травяністая расліна. Корань стрыжнёвы. Сцёблы павойныя, выш. да 2 м. Лісце складанае, парнаперыстае, з зубчастымі прылісткамі. Кветкі чырв.-фіялетавыя або пурпуровыя. Плод — шматнасенны струк. У пасевах харч. гароху расце як пустазелле. Зерне П. дрэнна разварваецца, надае ежы цёмную афарбоўку і непрыемны смак. Кармавая расліна.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 156