Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЯЛЁСТАК,

ліст расліны, які эвалюцыйна трансфармаваўся; частка вяночка кветкі. Мае пераважна яркую афарбоўку.

т. 13, с. 156

ПЯЛІ́КША (Пелікша) Карнель Ігнатавіч [1823, в. Сталовічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.7 (паводле інш. звестак 12.3). 1872], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на тэр. Беларусі, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцку, у дваранскім ін-це ў Вільні. Да паўстання жыў у сваім маёнтку Горкі пад Мінскам, дзе адкрыў школу і бальніцу, сабраў багатую б-ку. З вясны 1863 паўстанцкі цывільны начальнік Мінскага ваяв. Садзейнічаў разгортванню паўстання на Міншчыне, у вер. — кастр. 1863 дапамог пасланцу К.​Каліноўскага І.М.Яманту рэарганізаваць у Мінску паўстанцкую адміністрацыю. Потым з ведама Каліноўскага выехаў за мяжу. Завочна асуджаны царскімі ўладамі да пакарання смерцю з канфіскацыяй маёмасці. У эміграцыі жыў у Францыі, Італіі, Румыніі, Галіцыі. У 1872 ахвяраваў музею кн. Любамірскіх у Львове каштоўны габелен Карэліцкай мануфактуры Радзівілаў 18 ст. «Бітва пад Славечна» (цяпер у гіст. музеі ў Львове).

Г.​В.​Кісялёў.

т. 13, с. 156

ПЯЛЮ́ШКА, гарох палявы, гарох пясчаны,

адзін з падвідаў гароху пасяўнога. Часам П. вылучаюць у самастойны від (Pisum arvense). Культывуецца на зялёны корм, сена, сілас.

Аднагадовая травяністая расліна. Корань стрыжнёвы. Сцёблы павойныя, выш. да 2 м. Лісце складанае, парнаперыстае, з зубчастымі прылісткамі. Кветкі чырв.-фіялетавыя або пурпуровыя. Плод — шматнасенны струк. У пасевах харч. гароху расце як пустазелле. Зерне П. дрэнна разварваецца, надае ежы цёмную афарбоўку і непрыемны смак. Кармавая расліна.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 156

ПЯЛЯ́КА,

рака на Беларусі і Літве, гл. Пеляка.

т. 13, с. 156