Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЮВІ́ ДЭ ШАВА́Н ((Puvis de Chavannes) П’ер) (14.12.1824, г. Ліён, Францыя — 24.10.1898),

французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў А.​Шэфера і Т.​Куцюра. Зазнаў уплывы Ж.​А.​Энгра, Т.​Шасерыо, італьян. Ранняга Адраджэння. Распрацаваў своеасаблівы варыянт сімвалізму, заснаваны на сінтэзе маст. прыёмаў Ранняга Адраджэння і класіцызму. Работам характэрны ўрачысты лінейны рытм, абагульненыя, умоўна трактаваныя фігуры, аб’яднаныя ў статычныя ўраўнаважаныя групы, тонка стылізаваныя пейзажныя фоны, што нагадваюць ідылічныя ўяўленні пра «залаты век» чалавецтва. Колеравая гама пабудавана на спалучэнні прыглушаных жамчужных тонаў. Сярод твораў: манум. пано «Мір», «Вайна», «Праца», «Адпачынак» (усе 1861—63), «Свяшчэнны гай» (1884), размалёўкі «Жыццё Святой Жэнеўевы» ў Пантэоне (1874—98), «Навукі і Мастацтвы» ў Сарбоне (1887—89) у Парыжы і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

П.Пюві дэ Шаван. Свяшчэнны гай. 1884.

т. 13, с. 155

ПЮЖЭ́ ((Puget) П’ер) (хрышчаны 16.10.1620, г. Марсель, Францыя — 2.12.1694),

французскі скульптар, жывапісец і архітэктар; прадстаўнік барока. Вучыўся скульптуры ў Ж.​Рамана. У 1640—43 жыў у Італіі, дзе займаўся пераважна жывапісам пад кіраўніцтвам П’етра да Картоны. Працаваў у Тулоне, Марселі, Парыжы, Генуі. Скульпт. творы вызначаліся яснасцю кампазіцыі, экспрэсіўнасцю вобразаў, пераканаўчасцю перадачы фізічнага напружання і пакут: 2 паўфігуры атлантаў, якія падтрымліваюць балкон ратушы ў Тулоне (1656—57), «Гальскі Геркулес» (1660—61), «Св. Себасцьян» у царкве Санта-Марыя ды Карыньяна ў Генуі (каля 1661—67), «Мілон Кратонскі» (1672—82), «Аляксандр Македонскі і Дыяген» (1681—92), «Персей і Андрамеда» (1683—84), «Чума ў Мілане» (1692—94) і інш. Жывапісу ўласцівы энергічны каларыт: «Хрыстос Выратавальнік свету» (1665) і інш. Аўтар арх. праекта перабудовы Марселя (1660-я г., не ажыццёўлены).

т. 13, с. 155