ПЮЖЭ́ ((Puget) П’ер) (хрышчаны 16.10.1620, г. Марсель, Францыя — 2.12.1694),

французскі скульптар, жывапісец і архітэктар; прадстаўнік барока. Вучыўся скульптуры ў Ж.​Рамана. У 1640—43 жыў у Італіі, дзе займаўся пераважна жывапісам пад кіраўніцтвам П’етра да Картоны. Працаваў у Тулоне, Марселі, Парыжы, Генуі. Скульпт. творы вызначаліся яснасцю кампазіцыі, экспрэсіўнасцю вобразаў, пераканаўчасцю перадачы фізічнага напружання і пакут: 2 паўфігуры атлантаў, якія падтрымліваюць балкон ратушы ў Тулоне (1656—57), «Гальскі Геркулес» (1660—61), «Св. Себасцьян» у царкве Санта-Марыя ды Карыньяна ў Генуі (каля 1661—67), «Мілон Кратонскі» (1672—82), «Аляксандр Македонскі і Дыяген» (1681—92), «Персей і Андрамеда» (1683—84), «Чума ў Мілане» (1692—94) і інш. Жывапісу ўласцівы энергічны каларыт: «Хрыстос Выратавальнік свету» (1665) і інш. Аўтар арх. праекта перабудовы Марселя (1660-я г., не ажыццёўлены).

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)