Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПО (Po),

самая вялікая рака Італіі. Даўж. 652 км, пл. басейна каля 75 тыс. км². Вытокі ў Коцкіх Альпах, цячэ пераважна па Паданскай раўніне з З на У, упадае ў Адрыятычнае м., утварае забалочаную дэльту (пл. каля 1,5 тыс. км²). Гал. прытокі: Дора-Рыпарыя, Дора-Бальтэа, Агонья, Тычына, Ада, Ольё, Мінча, Тартара (злева); правыя прытокі больш кароткія і менш мнагаводныя. Частыя паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля г. Ферара 1460 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. У бас. П. шмат ГЭС. Суднаходная на 540 км ад вусця. Суднаходнымі прытокамі і каналамі злучана з азёрамі Лага-Маджорэ, Кома, Гарда. На П. гарады Турын, П’ячэнца, Крэмона.

т. 12, с. 446

ПО (Pau),

горад на ПдЗ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Ніжнія Пірэнеі і гіст. вобл. Беарн. Засн. ў 12 ст. Каля 100 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог, чыг. вузел (лінія ў Іспанію праз перавал Сампорт). Прам-сць; маш.-буд., харч., тэкст., абутковая. Ун-т. Цэнтр турызму. Горнакліматычны курорт.

т. 12, с. 446

ПО ((Poe) Эдгар Алан) (19.1.1809, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 7.10.1949),

амерыканскі пісьменнік, крытык. Вучыўся ў Англіі (1815—20), Віргінскім ун-це (1826), ваен. акадэміі Уэст-Пойнт (1830—31). У 1835—46 рэдактар часопісаў і газет. У творчасці пераважаюць матывы прыгажосці, кахання, смерці, хуткаплыннасці ўсяго існага. Паэт. зб-кам «Тамерлан і іншыя вершы» (1827, выд. ананімна), «Аль-Аарааф, Тамерлан і малыя вершы» (1829), «Вершы» (1831), «Крумкач і іншыя вершы» (1845) уласцівы сімволіка, сугестыўнасць, музыкальнасць, спалучэнне рамант. зместу і лагічнай формы. Стваральнік псіхалагічнай, ці «жахлівай» («Падзенне дома Ашэраў», «Чорны кот», «Вільям Вільсан»), дэтэктыўнай, ці «лагічнай» («Забойства на вуліцы Морг», «Таямніца Мары Ражэ», «Украдзенае пісьмо», «Залаты жук»), навукова-фантаст. («Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы», «Незвычайныя прыгоды нейкага Ганса Пфааля», «Гісторыя з паветраным шарам») навелы. Аўтар «Аповесці аб прыгодах Артура Гордана Піма» (1838), зб-каў прозы «Гратэскі і арабескі» (т. 1—2, 1840), «Апавяданні» (1845), філас. паэмы ў прозе «Эўрыка» (1848), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў і інш. Распрацаваў эстэт. праграму паэзіі («Філасофія творчасці», 1846; «Паэтычны прынцып», 1850), у якой падкрэсліваў значэнне эмацыянальна-псіхал. ўздзеяння твораў («татальны эфект»). Да творчасці П. звярталіся кампазітары К.​Дэбюсі, М.​Равель, С.​Рахманінаў, С.​Пракоф’еў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Ю.​Бушлякоў, С.​Шупа, У.​Шчасны (проза), А.​Мінкін, В.​Савіч, А.​Хадановіч (лірыка).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1993;

Избранное: Стихотворения. Проза. Эссе. М., 1984;

Рассказы. Мн., 1997;

Лирика. Мн., 1999.

Літ.:

Ковалев Ю.В. Эдгар Аллан По: Новеллист и поэт. Л., 1984;

Аллен Г. Эдгар По: Пер. с англ. 2 изд. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

Э.По.

т. 12, с. 446

ПО́БАЛАВА,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабасна, каля аўтадарогі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 145 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 705 ж., 263 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Пятра і Паўла (1990). Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1918. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

Вядома з 16 ст. як вёска Рэчыцкага пав. ВКЛ. З 1595 мястэчка, мела каралеўскі прывілей на гандаль і кірмашы, пацверджаны ў 1788. Належала Зяньковічам, Варанецкім, Жукоўскім, Маліноўскім. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 у Бабруйскім пав. Мінскай губ., з 1865 належала Кутаеву. У 1880-я г. каля 300 ж., 50 двароў, царква, млын, 4 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Рагачоўскага раёна. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, разбурана. Адноўлена пасля вайны.

т. 12, с. 446

ПО́БАЛЬ (Леанід Давыдавіч) (н. 28.5.1924, в. Мікалаева Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. археолаг. Д-р гіст. н. (1978), праф. (1990). Скончыў ін-т фізічнай культуры (1950), БДУ (1951). У 1950—55 працаваў ва ўстановах нар. асветы. З 1958 супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Беларусі; з 1970 заг. сектара, з 1980 заг. аддзела археалогіі, у 1986—91 — археалогіі першабытнага грамадства. З 1991 вядучы навук. супрацоўнік, з 1997 гал. хавальнік фондаў Музея гісторыі Нац. АН Беларусі. Чл. Міжнар. уніі слав. археалогіі, Польскага археал. т-ва. Асн. кірунак навук. дзейнасці — вывучэнне гісторыі стараж. славян ў Еўропе, у т. л. на Беларусі.

Тв.:

Славянские древности Белоруссии: (ранний этап зарубинецкой культуры). Мн., 1971;

Славянские древности Белоруссии: (могильники раннего этапа зарубинецкой культуры). Мн., 1973;

Славянские древности Белоруссии: (свод археологических памятников раннего этапа зарубинецкой культуры — с середины III в. до н.э. по начало II в. н.э.). Мн., 1974;

Древности Белоруссии в музеях Польши. Мн., 1979;

Археологические памятники Белоруссии. Железный век. Мн., 1983;

Новые данные о древнем Менеске (Минске) // Древности славян и Руси. М., 1988;

Индоевропейские черты в древностях археологических культур железного веха Белоруссии: (К проблеме этногенеза славян) // VI Междунар. конгр. славянской археологии. М., 1990.

Т.​М.​Каробушкіна.

т. 12, с. 446

«ПО́БУГ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 160 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Грабоўскія, Доўнар-Запольскія, Каняцпольскія. Мае ў блакітным полі выяву сярэбранай падковы з пастаўленым на ёй залатым кавалерскім крыжом. Клейнод — над прылбіцай з каронай палова сярэбранага харта. У першапачатковым варыянце герб меў чырв. поле. Вядомы з канца 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Побуг».

т. 12, с. 446

ПО́БЫТ,

гл. Быт.

т. 12, с. 446

«ПО́ВЕСТЬ ВРЕМЕННЫ́Х ЛЕТ,

гл. «Аповесць мінулых гадоў».

т. 12, с. 446

ПО́ГЕНДОРФ ((Poggendorff) Іаган Крысціян) (29.12.1796, г. Гамбург, Германія — 24.1.1877),

нямецкі фізік і выдавец. Чл. Берлінскай АН (1839). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1869). Вучыўся ў Берлінскім ун-це (1820—24), з 1834 праф. гэтага ун-та. Навук. працы па электрамагнетызме і гісторыі фізікі. Вынайшаў і ўдасканаліў шэраг электравымяральных прылад. Заснавальнік і рэдактар бібліягр. даведніка прыродазнаўчых і матэм. навук (1863), які носіць яго імя і выдаецца цяпер.

т. 12, с. 446

ПО́ДКІНА (Марыяна Барысаўна) (н. 10.2.1931, г. Краснадар, Расія),

расійская і бел. артыстка балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1967). Скончыла Пермскае харэагр. вуч. (1950), у 1951—89 выкладала ў ім (з перапынкамі). У 1950—91 працавала ў рас. і замежных т-рах. З 1994 на Беларусі: рэпетытар-педагог у Дзярж. т-ры муз. камедыі, з 1998 у Нац. акад. т-ры балета Беларусі. Да 1974 выступала на сцэне. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы яркі, вобразны стыль танца, які вызначаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам. Першая выканаўца партый: Грушанька («Грушанька» Б.​Машкова), Маці («Бераг надзеі» А.​Пятрова), Марутка («Выбух» М.​Крукава і Г.​Церпілоўскага). Сярод інш. партый: Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.​Пракоф’ева) і інш.

т. 12, с. 446