Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПОЛ,

сукупнасць марфалагічных, фізіялагічных, біяхімічных і інш. адзнак арганізма, якія абумоўліваюць узнаўленне падобнага да сябе. Уласцівы ўсім жывым арганізмам. Асобіны з процілеглымі адзнакамі здольны злівацца адна з адной (некат. аднаклетачныя водарасці) або прадуцыраваць гаметы розных тыпаў, якія пры зліцці ўтвараюць зіготу (большасць раслін і жывёл). З зіготы развіваецца новы арганізм; ён мае 2 адзінарныя (матчын і бацькаў) наборы храмасом гамет, што забяспечвае працэс генет. рэкамбінацыі і спрыяе натуральнаму адбору больш прыстасаваных форм. Гэта з’яўляецца асн. перавагай палавога размнажэння перад бясполым размнажэннем.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 449

ПО́ЛА (Вера Мікалаеўна) (7.2.1901, Мінск — 15.10.1989),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1953). Прафес. падрыхтоўку атрымала ў Е.А.Міровіча. У 1922—77 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Адначасова выступала на эстрадзе як выканаўца бел. нар. песень. Актрыса яркага камед. таленту. Яе мастацтву былі ўласцівы гранічная тыповасць створаных вобразаў, псіхал. дакладнасць, шматграннасць характараў. Найб. значныя ролі: Агата («Паўлінка» Я.​Купалы), Малання («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча), Кацярына, Ганна Паўлаўна, Насця, Паўліна Бохан («Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Канец дружбы», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы; за апошнюю ролю Дзярж. прэмія СССР 1952), Марыля («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Карміцелька («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Дуэння («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана), Жыўка Попавіч («Пані міністэрша» Б.​Нушыча), Прастакова («Недаростак» Дз.​Фанвізіна), Лябёдкіна, Манефа, Белацелава, Карміна («Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Жаніцьба Бальзамінава», «Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага, апошняя з М.​Салаўёвым), графіня Чарская («Уваскрэсенне» паводле Л.​Талстога), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава). Знялася ў фільмах «Хвоі гамоняць», «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Несцерка».

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн. 1985.

Г.​Г.​Коваль.

В.М.Пола.
В.Пола ў ролі Агаты.

т. 12, с. 449

ПО́ЛА ((Polo) Марка) (каля 1254, г. Венецыя, Італія — 8.1.1324),

італьянскі падарожнік. У 1271 разам з бацькам і дзядзькам (венецыянскія гандляры) адправіўся ў Кітай праз М.​Азію, Іранскае нагор’е, Памір, пустыні Такла-Макан і Гобі. У Кітаі пражыў каля 17 гадоў, быў на службе ў манг. хана Хубілая. Па яго даручэннях пабываў амаль ва ўсіх абласцях краіны. У 1292 пакінуў Кітай морам цераз Малаку, Яву, Суматру, Цэйлон, Персію і вярнуўся ў Венецыю ў 1295. Прымаў удзел у вайне Венецыі з Генуяй. Каля 1297 трапіў у палон да генуэзцаў. Яго расказы аб падарожжах запісаны пізанцам Рустычана і змешчаны ў «Кнізе» Марка Пола (1298) — адной з першых еўрап. крыніц па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі краін Усходу.

Тв.:

Рус. пер. — «Книга» Марко Поло. М., 1956.

Літ.:

Харт Г. Венецианец Марко Поло: Пер. с англ. М., 1999.

М.Пола.

т. 12, с. 450

ПО́ЛАВА,

вёска ў Белькаўскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., на р. Дзісна. Цэнтр калгаса. За 37 км на ПнУ ад г. Паставы, 250 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Полава. 210 ж., 82 двары (2000). Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 12, с. 450

ПО́ЛАЗАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (22.6.1914, г. Віцебск — 10.9.1977),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1939). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Сцяпным і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Львоўска-Сандамірскай, Пражскай і Берлінскай аперацый. Камандзір роты аўтаматчыкаў ст. лейтэнант П. вызначыўся ў жн. 1944 у баях за г. Самбар (Украіна), дзе рота на чале з ім уварвалася ў горад і вяла бой з ворагам да падыходу асн. сіл брыгады. Да 1969 працаваў у калгасе.

т. 12, с. 450

ПО́ЛАЗНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. У бас. р. Ушача, за 21 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,15 км², даўж. 490 м, найб. шырыня 430 м, найб. глыб. 32,5 м, даўж. берагавой лініі 1,55 км. Пл. вадазбору 0,5 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 10—15 м (на ПнЗ — 5 м), спадзістыя, пад лесам. Берагі абрывістыя, пясчаныя. Дно да глыб. 7—9 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Празрыстасць 4,2 м. Выцякае ручай у воз. Царкавішча.

т. 12, с. 450

ПО́ЛАЗЫ сапраўдныя

(Coluber),

род неядавітых змей сям. вужовых атр. паўзуноў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, ва ўмераным і трапічным паясах Азіі, у Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах. Вельмі рухавыя, добра лазяць па дрэвах і скалах.

Даўж. да 2,4 м. Цела зверху аднаколернае, часам яркае з цёмнымі палосамі і плямамі, знізу светлае. Кормяцца мышападобнымі грызунамі, яшчаркамі, птушанятамі, насякомымі. Ахвяру душаць: абвіваюць кольцамі цела або прыціскаюць да зямлі. Адкладваюць да 40 яец. Да П. сапраўдных блізкія роды П. лазячых (Elaphe, каля 50 відаў, даўж. да 2 м), велікавокіх (Ptyas, каля 10 відаў, даўж. да 3,5 м) і інш.

Э.​Р.​Самусенка.

Полазы: 1 — жаўтабрухі; 2 — рознакаляровы; 3 — папярочнапаласаты; 4 — аліўкавы.

т. 12, с. 450

ПО́ЛАК ((Pollock) Джэксан) (28.1.1912, г. Коды, штат Ваёмінг, ЗША — 11.8.1956),

амерыканскі жывапісец, адзін з гал. прадстаўнікоў амер. абстрактнага экспрэсіянізму. Вучыўся ў Вышэйшай школе прыкладнога мастацтва ў Лос-Анджэлесе (1925—29) і ў Маст. студэнцкай лізе ў Нью-Йорку ў Т.​Х.​Бентана (1930—31). Пасля 1935 зазнаў уплыў П.​Пікасо і сюррэалізму («Ваўчыха», «Захавальнікі сакрэту», абедзве 1943, і інш.). У 1940-я г. звярнуўся да абстрактнага мастацтва. Працаваў у рэчышчы т. зв. жывапісу дзеяння, калі фарбы наносяцца непасрэдна з цюбікаў без дапамогі пэндзля (тэхніка «дрыпінг») па разасланым на падлозе палатне, што дазваляе спалучаць аўтарскую задуму з выпадковымі каляровымі і лінейнымі эфектамі. Сярод твораў: «Капрыз мора» (1947), «Арабескі № 13» (1948), «За межамі палатна № 7» (1949), «Lavender Mist № 1», «Восеньскі рытм № 30» (абодва 1950) і інш. З 1951 працаваў у чорна-белым фігуратыўным жывапісе.

Дж.Полак. Капрыз мора. 1947.

т. 12, с. 450

ПО́ЛАК ((Pollack) Міхай) (1773, Вена — 5.1.1855),

венгерскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Венскай АМ. З 1799 працаваў у Пешце. Пабудовы П. ў значнай ступені ствараюць класіцыстычнае аблічча левабярэжнай ч. Будапешта 18—1-й пал. 19 ст. Ім уласцівы манументальнасць і прастата форм, стрыманая пластыка фасадаў, выразнасць архітэктанічнага дэкору: у Будапешце — лютэранская царква (1799), уласны дом (1822), будынкі Ваен. акадэміі (б. ліцэй Людовіка; 1829—35), Нац. музея (1837—47); Дом абл. савета ў Секешфехервары (1807—12, з Я.​Тэглем), замак у Алчуце (1819—27, не захаваўся), дом камітацкай управы ў Сексардзе (1827—53).

І.​Л.​Чэбан.

т. 12, с. 451

Полак Сідні

т. 18, кн. 1, с. 440