ПО́ЛА (Вера Мікалаеўна) (7.2.1901, Мінск — 15.10.1989),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1953). Прафес. падрыхтоўку атрымала ў Е.А.Міровіча. У 1922—77 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Адначасова выступала на эстрадзе як выканаўца бел. нар. песень. Актрыса яркага камед. таленту. Яе мастацтву былі ўласцівы гранічная тыповасць створаных вобразаў, псіхал. дакладнасць, шматграннасць характараў. Найб. значныя ролі: Агата («Паўлінка» Я.​Купалы), Малання («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча), Кацярына, Ганна Паўлаўна, Насця, Паўліна Бохан («Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Канец дружбы», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы; за апошнюю ролю Дзярж. прэмія СССР 1952), Марыля («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Карміцелька («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Дуэння («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана), Жыўка Попавіч («Пані міністэрша» Б.​Нушыча), Прастакова («Недаростак» Дз.​Фанвізіна), Лябёдкіна, Манефа, Белацелава, Карміна («Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Жаніцьба Бальзамінава», «Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага, апошняя з М.​Салаўёвым), графіня Чарская («Уваскрэсенне» паводле Л.​Талстога), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава). Знялася ў фільмах «Хвоі гамоняць», «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Несцерка».

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн. 1985.

Г.​Г.​Коваль.

В.М.Пола.
В.Пола ў ролі Агаты.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)