Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПОТ,

бясколерная салёная вадкасць, якая выдзяляецца потавымі залозамі. Састаў П. залежыць ад віду жывёлы, тыпу яго потавых залоз, стану арганізма, інтэнсіўнасці потавыдзялення і колькасці розных рэчываў у крыві. У чалавека П. мае 98—99% вады, каля 0,1% мачавіны, арган. к-ты, аміяк, тлушчы, хлорысты натрый (каля 0,3%) і інш. Рэакцыя П. бывае кіслай (pH 3,8—6,2) або шчолачнай (пры раскладанні мачавіны і выдзяленні аміяку). У капытных з П. выдзяляюцца бялкі (таму спацелы конь мае «запенены» выгляд). У некат. жывёл П. мае пігменты (напр., у бегемота і самца вял. кенгуру ён чырвоны). У чалавека выдзяляецца 0,5—12 л П. за суткі ў залежнасці ад мышачнай нагрузкі, т-ры навакольнага асяроддзя, колькасці выпітай вады. Пры паталаг. стане П. можа мець глюкозу (цукр. дыябет), жоўцевыя пігменты, цысцін (цыстынурыя), часам эрытрацыты — крывавы П.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 519

ПО́ТАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

простыя скурныя трубчастыя залозы ў млекакормячых жывёл і чалавека. Выпрацоўваюць і выдзяляюць пот, выконваюць выдзяляльную, тэрмарэгулятарную, сігнальную і інш. функцыі. Па характары развіцця, будове, тыпу сакрэцыі адрозніваюць апакрынныя залозы і экрынныя залозы. У арганізме П.з. значна менш, чым тлушчавых, у многіх млекакормячых жывёл яны адсутнічаюць на абваласелай скуры і сканцэнтраваны на невял. участках. Часам уваходзяць у склад спецыфічных скурных залозістых комплексаў — пахучых залоз.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 519

ПО́ТКІН (Уладзімір Іванавіч) (н. 19.7.1953, г.п. Красныя Бакі Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. хімік-арганік.

Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (2000), д-р хім. н. (1996). Скончыў Горкаўскі ун-т (1975). З 1975 у Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Навук. працы па хіміі галагенвытворных арган. злучэнняў, у т. л. гетэрацыклічных. Распрацаваў метады атрымання цяжкадаступных гетэрацыклічных сістэм і поліфункцыян. арган. рэчываў розных класаў з выкарыстаннем новых высока рэакцыйназдольных селектыўных рэагентаў — нітразамешчаных галагенбутадыенаў. Адкрыў новую рэакцыю нітразлучэнняў, якая з’яўляецца зручным шляхам пабудовы ізатыязольнага цыкла. Сінтэзаваў шэраг злучэнняў з высокай біял., у т. л. проціпухліннай актыўнасцю.

Тв.:

Полихлор-1,3-бутадиены. Мн., 1991 (разам з Р.​В.​Кабердзіным);

Нитробутадиены и их галогенпроизводные: синтез и реакции (разам з Р.​В.​Кабердзіным, В.​А.​Запольскім) // Успехи химии. 1997. Т. 66, № 10;

Синтез и реакции смешанных галоген-1,3-бутадиенов (з імі ж) // Там жа. 1999. Т. 68, № 9.

У.І.Поткін.

т. 12, с. 520

ПО́ТЭС (Інеса Сяргееўна) (н. 28.9.1956, Мінск),

бел. спартсменка (вадналыжны спорт). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1973). Засл. майстар спорту СССР (1980). Суддзя міжнар. катэгорыі (1992). Скончыла БДУ (1978.). З 1992 старшы трэнер Рэсп. спарт. дзіцяча-юнацкай школы алімп. рэзерву па водных лыжах. Чэмпіёнка Еўропы па фігурным катанні (1978, г. Тэміль-сюр-Лот, Францыя), 14-разовая чэмпіёнка СССР (1972—77) у мнагабор’і і асобных відах практыкаванняў. Рэкардсменка Еўропы (1980) па фігурным катанні, 29-разовая рэкардсменка СССР у мнагабор’і, фігурным катанні, скачках з трампліна.

т. 12, с. 520