Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПА (франц. pas літар. крок),

танцавальная форма: 1) асобны выразны рух, які выконваецца адпаведна правілам класічнага танца; 2) танец у балеце; 3) шматчасткавая форма класічнага балета, у т.л. гран па, па-дэ-дэ, па-дэ-труа, па д’аксьён.

т. 11, с. 460

ПААЗЕ́Р’Е,

тэрыторыя з вялікай колькасцю азёр (звычайна больш за 2%). Характарызуецца своеасаблівымі рысамі рэльефу і азёрамі аднолькавага паходжання — ледавіковага, тэрмакарставага, карставага і інш. Звычайна ў П. маляўнічыя ландшафты, якія часта вылучаюцца ў буйныя рэкрэацыйныя зоны. Пояс П. цягнецца праз Еўропу ўздоўж межаў паазерскага зледзянення, на Беларусі прадстаўлены Беларускім Паазер’ем.

т. 11, с. 460

ПААЗЕ́Р’Е, Падзвінне,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Віцебскай вобл. На ПдУ па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на Пд і ПдЗ па ўмоўнай лініі на Пн ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гіст.-этнагр. рэгіён адпавядае асн. масіву стараж. Полацкай зямлі (полацкія крывічы). У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найб. самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-паліт. ладу і арыгінальнай культурай. У 11 ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканам. цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.; гл. Полацкае княства). Для П. разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэднявечча і да 2-й пал. 19 ст. захавалася этнагр. назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэр. Беларусі. З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў. Ратуючыся ад рэліг. ганенняў і сац. ўціску, сюды перасялілася ч. рус. старавераў. У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясц. эканоміка і культура панеслі вял. страты, адбыліся істотныя змены ў геагр. размяшчэнні і этнасац. структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) П. далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ.; зах. ч. ўваходзіла ў Віленскую губ. Пасля 1917 і ўтварэння БССР усх. П. ў складзе БССР; зах. (левабярэжная) ч. П. ўз’яднана з БССР у 1939.

Традыц.-быт. культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабел. рысы, так і спецыфіку мясц. гіст. і прыродных умоў. Нар. вытв. практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і інш. з улікам мясц. прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясц. варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для П. 2-рэбравых нахільных мялках. Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асн. і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сял. гаспадарцы быў конь. З канца 19 ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытв-сці ў Віленскай губ. — Дзісенскі пав.). З развіццём капіталіст. адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалт. парты. Мноства сялян ішло на буд. і земляныя работы: мясц. каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі. Найб. густа населеным здаўна было левабярэжжа Зах. Дзвіны. На П. пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вял. дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невял. вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі. Найб. пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гасп. памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыццёва-быт. комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясц. вызначэнні — комплекс гасп. пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невял. млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сял. гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»), Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й пал. 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.

Для традыц. адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найб. пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабел. світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор’е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жан. адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырв. колер, у набіванцы — сіні ці блакітны. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясц. вусна-паэт. творчасць і традыц. абраднасць. Побач з агульнабел. каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў інш. рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору П. ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясц. гаворкі П. складаюць групу паўн.-ўсх. дыялекту (гл. Дыялект).

В.С.Цітоў.

т. 11, с. 460

ПААЗЕ́РСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, валдайскае зледзяненне, вістуліянскае зледзяненне,

апошняе зледзяненне на тэр. Беларусі ў плейстацэне. Доўжылася па розных ацэнках 105 ці 85 тыс. гадоў ад муравінскага міжледавікоўя да галацэну. Было самым халодным сярод плейстацэнавых зледзяненняў. Складалася з трох этапаў — анагляцыялу (раннеледавікоўя), пленігляцыялу (сярэдне- ці ўласна ледавікоўя) і катагляцыялу (позналедавікоўя). На працягу анагляцыялу адбывалася паступовая (з «цёплымі» інтэрстадыяльнымі перапынкамі) змена міжледавіковага клімату на перыгляцыяльны. Пленігляцыял, у якім панавала шматгадовая мерзлата і інш. крыягенныя з’явы, завяршыўся пашырэннем на тэр. Беларусі мацерыковага ледавіка (да паўд. мяжы Беларускага Паазер’я). Ледавік пакінуў пасля сябе свежы марэнны рэльеф і тоўшчу адкладаў сярэдняй магутнасцю каля 15 м. У катагляцыяле паскорана-рытмічнае пацяпленне прывяло да канчатковага знікнення пахаванага (мёртвага) лёду, шматгадовай мерзлаты і інш. прыкмет зледзянення. З адкладамі П.з. звязаны многія радовішчы жвіру, пяску, гліны.

А.Ф.Санько.

т. 11, с. 461

ПА́АЛА УЧЭ́ЛА [Paolo Uccello; сапр. Паала ды Дона (Paolo di Dono); 1397, г. Фларэнцыя, Італія — 10.12.1475],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці (1407—14). Працаваў у Фларэнцыі, Венецыі (1425—30), Падуі (каля 1447) і Урбіна (1465—68). У ранні перыяд працаваў у традыцыях готыкі, пазней зазнаў уплывы Данатэла, Ф.Брунелескі і Мазачыо. Першы італьян. баталіст. Сярод твораў: фрэскі ў саборы (конны партрэт кандацьера Дж.Акута, 1436) і ў К’ёстра Вердэ ў царкве Санта-Марыя Навела (сярэдзіна 1430-х г. каля 1450) у Фларэнцыі, 3 карціны з эпізодамі бітвы пры Сан-Рамана (сярэдзіна 1450-х г.), «Бітва св. Георгія з драконам», прыдзела са сцэнамі прычашчэння, «Паляванне» (абедзве канец 1460-х г.) і інш.

т. 11, с. 461

ПААЛЕ́Й ЦЫЁН (Рабочыя Сіёна),

палітычныя партыі і міжнар. т-вы сацыял-сіянісцкага кірунку, якія з пач. 20 ст. да пач. 1930-х г. дзейнічалі ў шэрагу краін, у т.л. ў Расіі. Іх дзеячы ўспрынялі асобныя тэарэт. палажэнні марксізму (напр., пра вядучую ролю рабочага класа), але пераважна пашыралі ідэі сіянізму сярод яўр. рабочых, дробных гандляроў і інтэлігенцыі. Найб. поўна ідэалогія і палітыка П.Ц. ўвасоблена ў дзейнасці Яўр. с.-д. рабочай партыі (ЯСДРП, засн. ў 1906 у Расіі). У 1907 у г Гаага (Нідэрланды) утвораны Сусв. яўр. сацыяліст. рабочы саюз П.Ц., куды акрамя рас. ЯСДРП увайшлі аднайм. партыі ЗША, Аўстра-Венгрыі, Палесціны, Вялікабрытаніі, Румыніі. Фактычна паалейцыянізм выступіў як міжнар. левасіянісцкая плынь. ЯСДРП разглядала сіянізм як гіст. неабходнасць і мела на мэце стварэнне яўр. пралет. дзяржавы ў Палесціне, дамагалася нац.-паліт. аўтаноміі для тых народаў Расіі, якія, на яе думку, не выспелі для самаст. дзярж. існавання. У рэвалюцыю 1905—07 тактыка ЯСРДП супадала з меншавіцкай, у 1-ю сусв. вайну яна выступала з антываен. пазіцый, прапагандавала сіянізм, заклікала яўр. працоўных да эміграцыі ў Палесціну, каб будаваць там сацыялізм. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 ЯСДРП падтрымлівала Часовы ўрад. На Беларусі арг-цыі П.Ц. з пач. 20 ст. існавалі ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і інш. гарадах. П.Ц. уваходзіў у створаны ў маі 1917 Савет нац. сацыяліст. партый Расіі. Летам 1917 прадстаўнікі П.Ц. абраны ў гар. думы Віцебска, Гомеля, Мінска, Оршы. ЯСДРП варожа сустрэла Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917. У сак. 1918 прадстаўнікі ЯСДРП увайшлі ў склад Рады БНР, аднак былі сярод тых, хто ўстрымаўся пры галасаванні за 3-ю Устаўную грамату, што абвяшчала незалежнасць Беларусі. Пратэстуючы супраць прагерм. арыентацыі большасці Рады БНР, прадстаўнікі П.Ц. ў крас. 1918 разам з інш. яўр. сацыялістамі, эсэрамі і меншавікамі выйшлі з яе складу. У жн. 1919 на канферэнцыі ў Гомелі ЯСДРП раскалолася. Левыя паалейцыяністы арганізавалі Яўр. камуніст. партыю (ЯКП), якая разам з ёй падобнымі партыямі ў жн. 1920 стварыла Сусв. яўр. камуніст. саюз П.Ц. Мэтай ЯКП было стварэнне ў Палесціне яўр. камуніст. дзяржавы. Яна не была прынята ў Камуністычны Інтэрнацыянал, але выкарыстоўвала яго механізм для накіравання ў Палесціну каланістаў — прыхільнікаў П.Ц. У снеж. 1922 ЯКП самаліквідавалася, ч. яе членаў уступіла ў РКП(б), іншыя ўліліся ў ЯСДРП, якая ў 1923 перайменавалася ў Яўр. камуніст. рабочую партыю (ЯКРП) і фактычна працягвала сіянісцкую прапаганду. У 1928 ЯКРП у СССР ліквідавана. У 1920—30-я г. паалейцыянісцкія партыі дзейнічалі ў Польшчы, у т.л. ў Зах. Беларусі. У 1932 на канфер. ў Данцыгу (цяпер Гданьск, Польшча) Сусв. саюз яўр. рабочых П.Ц. і інш. яўр. сацыял-сіянісцкія арг-цыі злучыліся ў Сусв. саюз сіяністаў-сацыялістаў. Ідэалогія П.Ц. садзейнічала фарміраванню сацыял-сіянісцкіх партый, якія цяпер дзейнічаюць у Ізраілі.

Літ.:

Дадиани Л.Я. Критика идеологии и политики социал-сионизма М., 1986.

У.Я.Камякоў.

т. 11, с. 461

ПААПО́ (Рооро́),

салёнае возера ў Балівіі, у Цэнтральных Андах, на выш. 3690 м. Пл. 2,5—3 тыс. км2 (мяняецца па сезонах). Глыб. (у сухі перыяд) да 3 м. П. — частка стараж. больш буйнога вадаёма. У возера ўпадае р. Дэсагуадэра; у дажджлівы сезон частка вады з П. па р. Лакаауіра паступае ў воз. Кайпаса.

т. 11, с. 461

ПА́АСІКІВІ ((Paasikivi) Юха Кусці) (27.11.1870. г. Тамперэ, Фінляндыя — 14.12.1956),

дзяржаўны дзеяч Фінляндыі. Д-р юрыд. н. Скончыў Хельсінкскі ун-т (1892). У 1903—13 і 1917—18 уваходзіў у кіраўніцтва старафін. партыі. У 1918 прэм’ер-міністр. У 1920 узначальваў дэлегацыю на сав.-фін. мірных перагаворах у Тарту і 14.10.1920 падпісаў мірны дагавор паміж Фінляндыяй і РСФСР. У 1934—36 старшыня Нац. кааліцыйнай партыі. У 1936—40 пасланнік у Швецыі. 12.3.1940 ад імя Фінляндыі падпісаў мірны дагавор з СССР, якім скончана сав.-фінл. вайна 1939—40. У 1940—41 пасланнік у СССР. У 1944—46 прэм’ер-міністр, у 1946—56 прэзідэнт Фінляндыі. Садзейнічаў устанаўленню і развіццю добрасуседскіх адносін Фінляндыі з СССР, у т.л. санкцыяніраваў падпісанне сав.-фінл. дагавора аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (1948, тэрмін дзеяння прадоўжаны ў 1955). Палітыку П. прадоўжыў У.К.Кеканен, у сувязі з чым пасляваен. знешнепаліт. курс Фінляндыі на дружбу і супрацоўніцтва з СССР атрымаў назву «лініі Паасіківі — Кеканена».

т. 11, с. 461

ПАБЕДАНО́СЦАЎ (Канстанцін Пятровіч) (2.6.1827, Масква — 23.3.1907),

расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў вучылішча правазнаўства (1846, С.-Пецярбург). Служыў у дэпартаментах Сената. У 1860—65 праф. Маскоўскага ун-та. Сенатар (з 1868), чл. Дзярж. савета (з 1872), обер-пракурор Сінода (1880—1905). Выкладаў заканазнаўства рас. вял. князям, у т.л. будучым імператарам Аляксандру III і Мікалаю II, на якіх аказваў значны ўплыў. Аўтар тэксту маніфеста 11.5.1881 «Аб умацаванні самадзяржаўя», ініцыятар «контррэформ». Адыгрываў значную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі ў галіне асветы, нац. пытанні і інш. Насаджаў вялікадзяржаўныя ідэі ў якасці афіц. ідэалогіі, выступаў з кансерватыўных пазіцый супраць зах.-еўрап. культуры і дэмакр. форм грамадскага жыцця. Як обер-пракурор Сінода праследаваў прыхільнікаў расколу і сектантаў, уціскаў земскую школу і насаджаў царк.-прыходскую. Пасля выдання маніфеста 17 кастрычніка 1905 у адстаўцы. Свае погляды выклаў у кн. «Маскоўскі зборнік» (1896). Аўтар гіст.-юрыд. твораў.

Літ.:

К.П.Победоносцев: pro et contra: Антология. СПб., 1996.

т. 11, с. 462

ПАБЕ́ДАЎ (Віктар Сцяпанавіч) (н. 20.11.1924, в. Канстанцінава Гусь-Хрустальнага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 6.3.1988),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства. Д-р с.-г. н. (1982), праф. (1985). Скончыў Маскоўскі лесатэхн. ін-т (1951). З 1955 у Ін-це лесу АН Беларусі. З 1957 у Бел. НДІ лясной гаспадаркі (з 1964 нам. дырэктара). Навук. працы па лесазнаўстве, лесаводстве і аднаўленні лесу, мінер. жыўленні дрэвавых раслін і выкарыстанні ўгнаенняў у лясной гаспадарцы.

Тв.:

Применение удобрений в лесном хозяйстве. М., 1972.

т. 11, с. 462