Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАБЕДАНО́СЦАЎ (Канстанцін Пятровіч) (2.6.1827, Масква — 23.3.1907),

расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў вучылішча правазнаўства (1846, С.-Пецярбург). Служыў у дэпартаментах Сената. У 1860—65 праф. Маскоўскага ун-та. Сенатар (з 1868), чл. Дзярж. савета (з 1872), обер-пракурор Сінода (1880—1905). Выкладаў заканазнаўства рас. вял. князям, у т.л. будучым імператарам Аляксандру III і Мікалаю II, на якіх аказваў значны ўплыў. Аўтар тэксту маніфеста 11.5.1881 «Аб умацаванні самадзяржаўя», ініцыятар «контррэформ». Адыгрываў значную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі ў галіне асветы, нац. пытанні і інш. Насаджаў вялікадзяржаўныя ідэі ў якасці афіц. ідэалогіі, выступаў з кансерватыўных пазіцый супраць зах.-еўрап. культуры і дэмакр. форм грамадскага жыцця. Як обер-пракурор Сінода праследаваў прыхільнікаў расколу і сектантаў, уціскаў земскую школу і насаджаў царк.-прыходскую. Пасля выдання маніфеста 17 кастрычніка 1905 у адстаўцы. Свае погляды выклаў у кн. «Маскоўскі зборнік» (1896). Аўтар гіст.-юрыд. твораў.

Літ.:

К.П.Победоносцев: pro et contra: Антология. СПб., 1996.

т. 11, с. 462

ПАБЕ́ДАЎ (Віктар Сцяпанавіч) (н. 20.11.1924, в. Канстанцінава Гусь-Хрустальнага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 6.3.1988),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства. Д-р с.-г. н. (1982), праф. (1985). Скончыў Маскоўскі лесатэхн. ін-т (1951). З 1955 у Ін-це лесу АН Беларусі. З 1957 у Бел. НДІ лясной гаспадаркі (з 1964 нам. дырэктара). Навук. працы па лесазнаўстве, лесаводстве і аднаўленні лесу, мінер. жыўленні дрэвавых раслін і выкарыстанні ўгнаенняў у лясной гаспадарцы.

Тв.:

Применение удобрений в лесном хозяйстве. М., 1972.

т. 11, с. 462

ПА́БЛІК СКУЛЗ (англ. public schools),

прыватныя прывілеяваныя сярэднія школы ў Вялікабрытаніі, якія захавалі арыстакратычныя традыцыі.

т. 11, с. 462

ПАБЛІ́СІЦІ (англ. publicity),

1) папулярнасць, шырокая вядомасць, якая дасягаецца публічнымі выступленнямі, а таксама з дапамогай інфармацыі.

2) Галоснасць, публіцыстычнасць.

3) Рэклама, рэкламаванне, самарэклама.

т. 11, с. 462

ПАБО́ЕЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 1,6 км на 3 ад в. Мілявічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Пабоева. Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату ў выглядзе таблічак і з зернямі ружовага кварцу. Даўж. 2,4 м, шыр. 1,7 м, выш. 0,8 м, у абводзе 6,3 м, аб’ём 1,9 м³, маса каля 4,9 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. На верхняй пляцоўцы захаваліся 12 паўсферычных выемак (глыб. 0,3—0,5 см, у папярочніку 3—5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. г. назад. Меў культавае значэнне.

В.Ф.Вінакураў.

т. 11, с. 462

ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,

словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.

Літ.:

Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;

Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.І.Наркевіч.

т. 11, с. 462

ПАБО́ЧНЫ СКАЗ,

сінтаксічная канструкцыя, якая знешне суадносіцца з камунікатыўнымі адзінкамі — сказамі, а па сваёй функцыі і ролі ў сказе збліжаецца з пабочнымі словамі і пабочнымі словазлучэннямі. Можа мець форму двухсастаўных развітых і неразвітых сказаў, аднасастаўных пэўна-, няпэўна-, агульнаасабовых, безасабовых і інфінітыўных сказаў. Да асн. сказа далучаецца бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў ці злучальных слоў, можа размяшчацца ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне сказа. Уключаецца ў склад сказа для выражэння пэўных мадальных, эмацыянальных ці экспрэсіўных значэнняў. У адрозненне ад пабочных слоў характарызуецца большай канкрэтнасцю выказвання, сэнсавай і сінтаксічнай расчлянёнасцю структуры, закончанасцю зместу («На гэтых дубах — так павялося ўжо з незапомных часоў — на Купалле вешалі качэлі». Б.Сачанка).

Літ.:

Гл. да арт. Пабочныя словы.

А.І.Наркевіч.

т. 11, с. 462

ПАБРАЦІ́МСТВА,

звычай родавага ладу, паводле якога двое ці некалькі людзей, якія не з’яўляліся сваякамі, з мэтай узаемнай падтрымкі ўступалі ў саюз, што адпавядаў кроўнай роднасці; суправаджаўся пэўнымі абрадамі.

т. 11, с. 462

ПАБСТ ((Pabst) Георг Вільгельм) (27.8.1885, г. Роўдніцы, Чэхія — 30.5.1967),

нямецкі і аўстрыйскі кінарэжысёр. З 1905 акцёр і рэжысёр у т-рах Цюрыха, Зальцбурга, Берліна, Нью-Йорка, Вены. З 1921 у кіно, з 1923 кінарэжысёр. З 1933 працаваў у Францыі і ЗША, з 1939 у Аўстрыі. У фільмах спалучыў традыцыі экспрэсіянізму, камершпіле (разнавіднасць драмы з павышаным псіхалагізмам, імкненнем агаліць унутр. сутнасць звычайна нешматлікіх персанажаў, сац. песімізмам), тэорыю псіхааналізу З.Фрэйда з рэаліст. падыходам да адлюстравання рэчаіснасці; «Скарб» (1923), «Графіня Донелі» (1924), «Бязрадасны завулак» (1925, у сав. пракаце «Бязрадасная вуліца»), «Тайнікі душы» (1926), «Каханне Жанны Ней» (паводле І.Эрэнбурга, 1927), «Памылковы шлях» («Пажадлівасць», 1928), «Скрынка Пандоры» (паводле Ф.Ведэкінда, у сав. пракаце «Лулу»), «Дзённік паўшай» (абодва 1929), «Заходні фронт, 1918» (1930, першы гукавы фільм), «Трохграшовая опера» (паводле Б.Брэхта і К.Вейля, 1931), «Дон Кіхот» (паводле М.Сервантэса, 1933), «Зверху ўніз», «Сучасны герой» (паводле Л.Бромфілда, абодва 1934), «Мадэмуазель доктар» (1937), «Шанхайская драма» (1938), «Працэс» (паводле Ф.Кафкі, 1947, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Апошні акт» (паводле Э.М.Рэмарка, 1955) і інш.

Літ.:

Кракауэр З. Психологическая история немецкого кино: От Калигари до Гитлера: Пер. с англ. М., 1977.

Г.В.Ратнікаў.

т. 11, с. 462

ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,

камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.Я.Міхневіч.

т. 11, с. 462