ПАБЕДАНО́СЦАЎ (Канстанцін Пятровіч) (2.6.1827, Масква — 23.3.1907),

расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў вучылішча правазнаўства (1846, С.-Пецярбург). Служыў у дэпартаментах Сената. У 1860—65 праф. Маскоўскага ун-та. Сенатар (з 1868), чл. Дзярж. савета (з 1872), обер-пракурор Сінода (1880—1905). Выкладаў заканазнаўства рас. вял. князям, у т.л. будучым імператарам Аляксандру III і Мікалаю II, на якіх аказваў значны ўплыў. Аўтар тэксту маніфеста 11.5.1881 «Аб умацаванні самадзяржаўя», ініцыятар «контррэформ». Адыгрываў значную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі ў галіне асветы, нац. пытанні і інш. Насаджаў вялікадзяржаўныя ідэі ў якасці афіц. ідэалогіі, выступаў з кансерватыўных пазіцый супраць зах.-еўрап. культуры і дэмакр. форм грамадскага жыцця. Як обер-пракурор Сінода праследаваў прыхільнікаў расколу і сектантаў, уціскаў земскую школу і насаджаў царк.-прыходскую. Пасля выдання маніфеста 17 кастрычніка 1905 у адстаўцы. Свае погляды выклаў у кн. «Маскоўскі зборнік» (1896). Аўтар гіст.-юрыд. твораў.

Літ.:

К.П.Победоносцев: pro et contra: Антология. СПб., 1996.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)