Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПФА́ЙФЕР ((Pfeiffer) Рыхард) (27.3.1858, г. Здуны, Польшча — 15.9.1945),

нямецкі бактэрыёлаг, імунолаг і гігіеніст. Вучань і супрацоўнік Р.Коха. Праф. Ін-та інфекц. хвароб у Берліне (1891), Ін-та гігіены ў Кёнігсбергу (1899) і Брэславе (1909—26). Навук. працы па вывучэнні грыпу, малярыі, брушнога тыфу, халеры, чумы і інш., агульнай гігіене, праблемах імунітэту. Адкрыў шэраг бактэрый, апісаў (разам з інш.) бактэрыёліз халерных вібрыёнаў пад уплывам спецыфічнай імуннай сывараткі, паказаў утварэнне лізінаў пры ўвядзенні ў арганізм забітых культур бактэрый, што прывяло да выкарыстання прышчэпак супраць тыфу і халеры іх забітымі (ці аслабленымі) культурамі.

т. 13, с. 143

ПФЕ́ФЕР ((Pfeffer) Вільгельм Фрыдрых Філіп) (9.3.1845, г. Грэбенштайн, Германія — 31.1.1920),

нямецкі батанік і фізіёлаг раслін. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1865). Праф. Бонскага (1873), Цюбінгенскага (1878) і Лейпцыгскага (1887) ун-таў. Навук. працы па геаграфіі, эмбрыялогіі і фізіялогіі раслін. Паказаў ролю осмасу ў паглынанні, перамяшчэнні, выпарэнні вады ў раслін, іх мінер. жыўленні; заклаў асновы мембраннай тэорыі клетачнай пранікальнасці. Даследаваў дыханне, энергетыку фотасінтэзу, азотны абмен, фізіялогію раздражняльнасці і механіку руху лісця і кветак. Адкрыў станоўчы хематаксіс у гамет папарацяў.

т. 13, с. 143

ПФЛЮ́ГЕР ((Pflüger) Эдуард Фрыдрых Вільгельм) (7.6.1829, г. Ганаў, Германія — 16.3.1910),

нямецкі фізіёлаг. Вучыўся ў Магдэбургскім і Берлінскім ун-тах. З 1859 праф. Бонскага ун-та, арганізатар і кіраўнік Ін-та фізіялогіі пры ім. Навук. працы па рэфлекторнай дзейнасці спіннога мозга, дзеянні пастаяннага эл. току на нерв і мышцу, агульным абмене рэчываў, праблемах кровазвароту і інш. Адкрыў тармазны ўплыў сімпатычных валокнаў чэраўнага нерва на рух кішэчніка. Сфармуляваў закон электратону і палярны закон, якія ляглі ў аснову развіцця электратэрапіі і электрадыягностыкі захворванняў нерв. сістэмы.

т. 13, с. 143

ПФЛЯЎМБА́ЎМ (Яўгенія Эргардаўна) (1.11.1908, Мінск — 13.1.1996),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1930). З 1930 працавала ў Кніжнай палаце пры Дзярж. б-цы Беларусі імя У.​І.​Леніна, газ. «Звязда». У 1933 выехала ў Сібір (г. Марыінск) услед за сваім рэпрэсіраваным мужам М.Лужаніным. У 1935—45 працавала ў Абаронным дзярж. выд-ве ў Маскве. З 1945 жыла ў Мінску. Друкавалася з 1925. Аўтар калект. кн. «Вершы» (з З.​Бандарынай і Н.​Вішнеўскай, 1926). Доўгі час не пісала. Да паэт. творчасці вярнулася ў 1980-я г. Паэт. зб-кі «Сувой жыцця» (1989), «На захадзе сонца» (1992) пра нялёгкі жыццёвы лёс свайго пакалення. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць, шчырасць, непасрэднасць. Перакладала на бел. мову з рус., укр., англ. моў.

т. 13, с. 143