ПФЛЮ́ГЕР ((Pflüger) Эдуард Фрыдрых Вільгельм) (7.6.1829, г. Ганаў, Германія — 16.3.1910),
нямецкі фізіёлаг. Вучыўся ў Магдэбургскім і Берлінскім ун-тах. З 1859 праф. Бонскага ун-та, арганізатар і кіраўнік Ін-та фізіялогіі пры ім. Навук. працы па рэфлекторнай дзейнасці спіннога мозга, дзеянні пастаяннага эл. току на нерв і мышцу, агульным абмене рэчываў, праблемах кровазвароту і інш. Адкрыў тармазны ўплыў сімпатычных валокнаў чэраўнага нерва на рух кішэчніка. Сфармуляваў закон электратону і палярны закон, якія ляглі ў аснову развіцця электратэрапіі і электрадыягностыкі захворванняў нерв. сістэмы.
т. 13, с. 143
ПФЛЯЎМБА́ЎМ (Яўгенія Эргардаўна) (1.11.1908, Мінск — 13.1.1996),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1930). З 1930 працавала ў Кніжнай палаце пры Дзярж. б-цы Беларусі імя У.І.Леніна, газ. «Звязда». У 1933 выехала ў Сібір (г. Марыінск) услед за сваім рэпрэсіраваным мужам М.Лужаніным. У 1935—45 працавала ў Абаронным дзярж. выд-ве ў Маскве. З 1945 жыла ў Мінску. Друкавалася з 1925. Аўтар калект. кн. «Вершы» (з З.Бандарынай і Н.Вішнеўскай, 1926). Доўгі час не пісала. Да паэт. творчасці вярнулася ў 1980-я г. Паэт. зб-кі «Сувой жыцця» (1989), «На захадзе сонца» (1992) пра нялёгкі жыццёвы лёс свайго пакалення. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць, шчырасць, непасрэднасць. Перакладала на бел. мову з рус., укр., англ. моў.
т. 13, с. 143