Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАВЕ́ТРАНА-РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К (ПРР),

рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім. паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні з хім. ракетнымі рухавікамі.

Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.

Схемы паветрана-рэактыўных рухавікоў: а — праматочнага (1 — паветразаборнік, 2 — стабілізатар полымя, 3 — камера згарання); б — пульсуючага (1 — клапанная рашотка, 2 — фарсункі, 3 — камера згарання, 4 — рэактыўнае сапло).

т. 11, с. 467

ПО́ЛЬСКІ РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т (ПРК),

Часовы польскі рэвалюцыйны камітэт, Польрэўком, часовы ўрад для Польшчы, які быў створаны 30.7.1920 польскімі камуністамі ў Беластоку, на падкантрольнай Чырв. Арміі тэрыторыі. Старшыня ПРК — Ю.Б.Мархлеўскі, члены — Ф.Э.Дзяржынскі, Ф.Я.Кон і інш. Абвясціў радыкальную эканам. праграму, якая прадугледжвала канфіскацыю буйных землеўладанняў і нацыяналізацыю прам-сці, пачаў стварэнне польскай Чырв. Арміі. Пасля правалу Варшаўскай аперацыі /920 і адступлення Чырв. Арміі распушчаны.

т. 12, с. 486

ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ (Соф’я Пятроўна) (27.9.1904, С.-Пецярбург — 21.7.1966),

расійская спявачка (мецца-сапрана).

Нар. арт. СССР (1955). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1928), у 1947—51 і 1960—61 выкладала ў ёй (з 1949 праф.). У 1928—59 у Ленінградскім т-ры оперы і балета імя Кірава. Валодала моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону, яркім сцэн. дараваннем. Сярод партый: Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Іаанна, Графіня («Арлеанская дзева», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Ефрасіння («Сям’я Тараса» Дз.​Кабалеўскага), Актавіян («Кавалер руж» Р.​Штрауса) і інш. Выканала вак. цыкл «Песні і танцы смерці» Мусаргскага. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

Літ.:

Трайнин В. С.​П.​Преображенская. [Л.]. 1972.

т. 12, с. 523

ПРААБРАЖЭ́НСКІ (Уладзімір Барысавіч) (н. 15.7.1950, г. Гродна),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1972). Працаваў у ін-це «Гроднаграмадзянпраект» (да 1988 гал. архітэктар праектаў), у 1988—93 і з 1998 гал. архітэктар праектнага ўпраўлення «Гроднажылбуда», у 1994—97 нач. упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкома. Асн. работы ў Гродне: адм. будынкі абл. ўпраўлення МУС (1968—77), Дома тэхнікі (1977—84), аблвыканкома (1978—84), буд. арг-цый (офіс «Гроднажылбуда»; 1987—88), групы жылых дамоў па вуліцах Горкага (1974—75), Сав. пагранічнікаў, на пл. Дзекабрыстаў (абодва 1998—99), у мікрараёне «Вішнявец» (1999—2000); забудова мікрараёна «Перасёлка 3» (1975—77). За жылы комплекс гарадка Рось у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. (1993—94) Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

т. 12, с. 523

ПРААКТЫНАМІКО́З,

тое, што актынабацылёз.

т. 12, с. 523

ПРАБА́ЦЫЯ ( ад лац. probatio выпрабаванне),

від умоўнага асуджэння ў крымінальным праве ЗША, пры якім асуджаны знаходзіцца пад наглядам спец. органаў на час выпрабавальнага тэрміну, устаноўленага судом. На асуджанага на час П. можа быць накладзены таксама шэраг дадатковых абмежаванняў (напр., не наведваць пэўныя месцы, устрымлівацца ад зносін з пэўнымі асобамі і да т.п.).

т. 12, с. 523

ПРАБЕ́ЛКА,

у старажытным жывапісе тэхнічны прыём выканання светлых частак выявы: нанясенне фарбы ў некалькі прыёмаў з паступовым павелічэннем колькасці бялілаў. Завяршалася, як правіла, светлымі штрыхамі. У шырокім сэнсе П. ўключае вохранне — паступовае высвятленне твару і рук шматразовымі прапіскамі па асн. роўным цёмным фоне (санкіры).

т. 12, с. 523

ПРАБІ́РНЫ АНА́ЛІЗ,

метады вызначэння колькасці высакародных металаў (пераважна серабра і золата) у рудах, прадуктах іх абагачэння, сплавах і розных вырабах, у т. л. ювелірных. Заснаваны на сплаўленні пробы даследуемага матэрыялу з сухімі парашкападобнымі рэагентамі і наступным гравіметрычным аналізе атрыманага сплаву. Пробу ювелірных вырабаў (гл. Проба высакародных металаў) звычайна вызначаюць без парушэння іх цэласнасці: параўнаннем ліній, прачэрчаных вырабам і эталоннымі (т.зв. прабірнымі) іголкамі вядомага саставу на прабірным камені (брусок з чорнага або рудога тонказярністага крамяністага сланцу).

т. 12, с. 523

ПРАБЛЕ́МА (ад грэч. problema задача, заданне),

у шырокім сэнсе — складаная тэарэт. або практычная задача, якая патрабуе вывучэння, вырашэння; у навуцы — супярэчлівая сітуацыя, якая выступае ў выглядзе процілеглых пазіцый у тлумачэнні якіх-н. з’яў, аб’ектаў, працэсаў і патрабуе адэкватнай тэорыі для яе вырашэння. Фармулюецца ў розных формах лагічнай структуры ведаў: суджэння, пытання, гіпотэзы. Калі П. ставіцца без дастатковай падставы, яна становіцца псеўдапраблемай.

т. 12, с. 524

ПРАБЛЕ́М АХО́ВЫ ІНФАРМА́ЦЫІ НДІ Дзяржаўнага цэнтра бяспекі інфармацыі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1987 у Мінску як Дзярж. н.-д. і праектна-канструктарскі тэхнал. ін-т па тэхн. абслугоўванні сродкаў вылічальнай тэхнікі. Са жн. 1992 Дзярж. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-т міжгаліновых праблем інфармацыі. З 1996 дзярж. прадпрыемства «НДІ праблем аховы інфармацыі». З 2000 навукова-вытв. рэсп. унітарнае прадпрыемства «НДІ праблем аховы інфармацыі». Асн. кірунак дзейнасці: навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы па стварэнні засцерагальных інфарм. сістэм. Распрацаваны нац. стандарт электроннага лічбавага подпісу. У ін-це працуе д-р тэхн. н.

У.​Ф.​Голікаў.

т. 12, с. 524