раздзел механікі суцэльных асяроддзяў, у якім вывучаюцца перамяшчэнні, дэфармацыі і напружанні, што ўзнікаюць у пругкіх целах пад уздзеяннем нагрузкі. З’яўляецца навук. асновай разлікаў на трываласць, дэфармавальнасць і ўстойлівасць машын, канструкцый, збудаванняў, іх элементаў, геал. структур, частак жывых арганізмаў і інш., што знаходзяцца пад уздзеяннем сіл, т-р, радыеактыўных апрамяненняў і г.д.
Метадамі П.т. вызначаюць: дапушчальныя нагрузкі, пры якіх у аб’екце не ўзнікаюць небяспечныя напружанні ці перамяшчэнні; найб. мэтазгодныя канфігурацыі і памеры збудаванняў і іх дэталей; перагрузкі, што ўзнікаюць пры дынамічных уздзеяннях; амплітуды і частоты ваганняў канструкцый і іх частак, а таксама дынамічныя напружанні, якія ўзнікаюць у іх; сілавыя нагрузкі, пры якіх аб’ект траціць устойлівасць. Гэтыя разлікі выкарыстоўваюцца таксама для вызначэння матэрыялаў, найб. прыдатных для вырабу запраектаванага аб’екта, або матэрыялаў, якімі можна замяніць пэўныя часткі арганізма (касцявыя тканкі, крывяносныя сасуды і інш). Асн. закон П.т. — абагульнены Гука закон, паводле якога напружанні механічныя лінейна залежаць ад дэфармацый. Пругкія ўласцівасці (пругкасць) цел характарызуюцца модулямі пругкасці. Эксперым. метады П.т. (палярызацыйна-аптычны метад даследавання, метады шматпунктавага тэнзаметрыравання, муараў і інш.) дазваляюць у некаторых выпадках непасрэдна вызначаць размеркаванне напружанняў і дэфармацый у доследным аб’екце.
Літ.:
Тимошенко С.П., Гудьер Дж. Теория упругости: Пер. с англ. 2 изд. М., 1979;
Хан Х. Теория упругости: Основы линейной теории и ее применения: Пер. с нем. М., 1988;
Сопротивление материалов с основами теории упругости и пластичности. М., 1995.
уласцівасць цел аднаўляць сваю форму і аб’ём (цвёрдыя целы) ці толькі аб’ём (вадкасці і газы) пасля спынення дзеяння знешніх сіл, якія выклікалі іх дэфармацыю. У цвёрдых целах і вадкасцях П. абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж часцінкамі рэчыва, у газах — кінетычнай энергіяй руху малекул.
У целах з ідэальнай П. дэфармацыя поўнасцю знікае пасля спынення дзеяння сілы, у рэальных целах застаецца т.зв. астаткавая дэфармацыя (гл.Пластычнасць). Дэфармацыю пругкіх цел пад уздзеяннем знешніх сіл вывучае пругкасці тэорыя. У большасці матэрыялаў пры малых дэфармацыях залежнасць паміж напружаннем механічным і дэфармацыяй з’яўляецца лінейнай і апісваецца Гука законам. Пругкія ўласцівасці цел, што падпарадкоўваюцца абагульненаму закону Гука, характарызуюцца модулямі пругкасці. Затрачаная на пругкую дэфармацыю энергія вяртаецца назад у працэсе аднаўлення формы ці аб’ёму цела, таму пругкія целы могуць служыць акумулятарамі мех. энергіі, напр., гадзіннікавая спружына.
Літ.:
Френкель Я.И. Введение в теорию металлов. 4 изд. Л., 1972;
Сопротивление материалов с основами теории упругости и пластичности. М., 1995.
Да арт.Пругкасць матэрыялаў. Шарыкавая мадэль элементарнай ячэйкі кубічнага крышталя: 1 — у раўнавазе пры адсутнасці знешніх сіл; 2 — пад дзеяннем знешняга датычнага напружання.
механічныя ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў пругкім асяроддзі. Узнікаюць пры землетрасеннях, выбухах, ударах. Разнавіднасці П.х. — гукавыя хвалі і ультрагукавыя хвалі.
У вадкасцях і газах існуюць пераважна падоўжныя хвалі разрэджання-сціскання (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамку распаўсюджання). У ізатропных цвёрдых целах, якія маюць пругкасць зруху, існуюць падоўжныя і папярочныя хвалі (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамках, перпендыкулярных да распаўсюджання). У анізатропных асяроддзях (крышталях) П.х. падоўжна-папярочныя (часцінкі зрушваюцца ўздоўж трох узаемна перпендыкулярных напрамкаў, якія не супадаюць з напрамкам распаўсюджання). Паблізу паверхні цвёрдага асяроддзя могуць існаваць паверхневыя акустычныя хвалі. У абмежаваных цвёрдых целах (пласцінках, стрыжнях) узнікаюць т.зв. нармальныя П.х. — камбінацыя падоўжных і Папярочных хваль. На мяжы асяроддзяў П.х. адбіваюцца і пераламляюцца. Пры гэтым у цвёрдым асяроддзі ўзнікаюць і падоўжныя і папярочныя П.х. На перашкодах можа адбывацца дыфракцыя хваль і іх рассеянне. З-за ўнутр. трэння (вязкасці) і цеплаправоднасці асяроддзя П.х. затухаюць з адлегласцю (гл.Паглынанне хваль). Пры вял. амплітудах хваль іх узаемадзеянне з асяроддзем становіцца нелінейным. П.х. ўлічваюцца пры тэхн. разліках падмуркаў, станкоў, турбін, самалётаў, караблёў, пры рашэнні геафіз. задач (распаўсюджанне П.х. ад землетрасенняў, зрухаў зямной кары), пры кантролі ядз. выпрабаванняў.
Літ.:
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;
Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.
кірунак грамадска-паліт. думкі, тэарэт. асновай якога з’яўляецца філас.-сацыялагічная канцэпцыя франц. філосафа П.Прудона. Для П. характэрны вульгарная інтэрпрэтацыя гегелеўскай дыялектыкі і звядзенне яе да тэзы аб наяўнасці ў кожным прадмеце ці з’яве добрага і дрэннага; тлумачэнне развіцця грамадства барацьбой ідэй; сцвярджэнне магчымасці вырашэння грамадскіх супярэчнасцей шляхам ураўнаважання дзеючых у грамадстве сац. сіл. Эканам. пасылкі П. ўключаюць; асуджэнне буйной капіталіст. уласнасці, абарону дробнай прыватнай уласнасці, адмаўленне грашовай сістэмы, ідэю аб арганізацыі «справядлівага абмену» паміж асобнымі таваравытворцамі. Для П. характэрны некат. анархісцкія тэндэнцыі: адмаўленне дэмакратыі, нігілістычныя адносіны да паліт. партый, пропаведзь ліквідацыі дзяржавы і замены яе федэрацыяй супольнасцей вытворцаў. Паліт. праграма П грунтавалася на палажэннях аб ажыццяўленні сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам і паступовым рэфармаванні грамадства, неабходнасці рэалізацыі ідэі сац. справядлівасці і маральнага ўдасканалення асобы. Прадстаўнікі П. адмоўна ставіліся да ўдзелу жанчын у прамысл. працы і грамадскім жыцці. Некаторыя палажэнні П. выкарыстаны прадстаўнікамі анархізму (М.А.Бакунін), сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн), а яго антыдэмакр. ідэі знайшлі адбітак у ідэалогіі фаш. рухаў у Італіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Лац. Амерыцы.
вёска ў Шайцераўскім с/с Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., на аўтадарозе Верхнядзвінск—Полацк. Цэнтр калгаса. За 18 км на ПдУ ад г. Верхнядзвінск, 157 км ад г. Віцебск, 5 км ад чыг. раз’езда Беніслаўскага. 340 ж., 75 двароў (2000). Пач. школа, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
ПРУ́ДКІН (Марк Ісаакавіч) (13.9.1898, г. Клін Маскоўскай вобл. —25.9.1994),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў школу 2-й Студыі Маск. маст.т-ра (1920). З 1918 удзельнічаў у спектаклях гэтай Студыі і Маскоўскага Маст.т-ра. З 1924, у трупе Маск. маст.акад.т-ра (з 1989 Маск. маст.акад.т-ра імя А.Чэхава). Выконваў вострахарактарныя, сатыр. і камедыйныя ролі. Майстар пераўвасаблення. Стварыў шэраг драм. і глыбока псіхал. вобразаў. Сярод роляў: Дульчын, Круціцкі («Апошняя ахвяра», «На ўсялякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Шабельскі («Іванаў» Чэхава), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.Булгакава), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), князь Абрэзаў («Жывы труп» Л.Талстога), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Хмелік («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1949. Дзярж. прэмія Расіі 1974.
ПРУ́ДНІКАЎ (Алесь) (Аляксандр Трафімавіч; 14.4.1910, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 5.8.1941),
бел.паэт. Скончыў Ленінградскі настаўніцкі ін-т (1938). Працаваў на будаўніцтве. З 1931 на рэсп. кніжнай базе, у Белдзяржвыдзе, БелТА у Мінску. У 1933 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 у клімавіцкай раённай газеце, з 1938 настаўнічаў у Карэліі. У Вял.Айч. вайну ў апалчэнні, загінуў. Друкаваўся з 1930. Аўтар паэмы «Зямныя зоры» (1932) пра перабудову на вёсцы. Падборка вершаў П. змешчана ў зб. «Крывёю сэрца» (1967).
ПРУ́ДНІКАЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 29.12.1949, в. Куляшова Буда Рослаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1991), праф. (1992). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1972). З 1976 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы на імунаморфагенезе ў жывёл пры захворваннях і вакцынацыях, уплыве на яго імунастымулятараў.
Тв.:
Иммуноморфологические изменения у поросят при пероральной вакцинации против сальмонеллеза // Ветеринария. 1990. №10;
Вскрытие животных и дифференциальная патаморфологическая диагностика болезней. Мн., 1998 (у сааўт.);
Болезни кожи собак и кошек. Мн., 2000 (разам з М.Ф.Карасёвым).
ПРУ́ДНІКАЎ (Міхаіл Сідаравіч) (15.4.1913, с. Новапакроўка Іжморскага р-на Кемераўскай вобл., Расія — 24.7.1995),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1970). Скончыў Ваенна-юрыд. акадэмію (1953). З 1931 у пагранвойсках, АДПУ, НКУССССР. У Вял.Айч. вайну з 1941 камандзір батальёна асобага прызначэння, камандзір спец. атрада, партыз. брыгады «Няўлоўныя», з мая 1943 у войсках НКУС, КДБ. Аўтар кніг «Няўлоўныя» (1961), «Няўлоўныя» дзейнічаюць» (1965), «Асобае заданне» (1969), шэрагу п’ес, кінасцэнарыяў.