Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПА́ГАДА (партуг. pagoda ад санскр. свяшчэнны),

будыйскае мемар. збудаванне і сховішча рэліквій. Узніклі ў пач. н.э. ў Кітаі (П. Сун’юэсы на гары Суншань, 520; Даяньта, 652, і Сяаяньта, 707—709, каля г. Сіянь), вядомы ў Карэі (П. Ханмётхап храма Папчонса, 1085; мармуровая П. храма Вангакса, 1464, абедзве ў Сеуле), Японіі (П. храмавых ансамбляў Сітэнодзі ў Наніве, цяпер г. Осака, 593; Харудзі, канец 6 — пач. 7 ст., і Хакедзі, каля 685, абодва каля г. Нара), краінах Паўд.-Усх. Азіі. Маюць форму павільёна ці вежы (часта шмат’яруснай) з квадратным ці 6—8—12-вугольным планам. У якасці буд. матэрыялаў пры ўзвядзенні П. выкарыстоўваюць дрэва (П. манастыра Кафукудзі ў г. Нара), цэглу, камень, метал, фарфор (П. ў Летнім палацы імператара ў Пекіне).

Пагады: фарфоравая ў Летнім палацы імператара ў Пекіне (уверсе) і манастыра Кафукудзі ў г. Нара (Японія).

т. 11, с. 474

ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял. кн. ВКЛ Вітаўтам і вял. кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т.л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.

т. 11, с. 475

ПАГА́Н,

горад у цэнтр. ч. М’янмы. Будыйскі рэліг. цэнтр і месца паломніцтва. Засн. ў 850. Каля 10 тыс. ж. (1999). Рачны порт на р. Іравадзі. Харч. прам-сць. Цэм з-д. Паблізу — цэнтр вытв-сці лакавых вырабаў. Шматлікія культавыя збудаванні (каля 2 тыс. храмаў і пагад) 10—13 ст. Рэшткі цагляных сцен і варот квадратнага ў плане (1 км х 1 км) горада.

т. 11, с. 475

ПАГАНАФО́РЫ (Pogonophora),

тып беспазваночных жывёл. Вядомы з позняга дакембрыю (каля 600 млн. г. назад). 2 кл.: вуздэчкавыя, або франуляты (Frenulata), і безвуздэчкавыя, або афрануляты (Vestimentifera, або Afrenulata), больш за 150 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, на глыб. 3—10 км, пераважна прымацаваныя.

Даўж. 5,5—150 см, дыяметр 0,1 мм — 3,5 см. Цела нітка- або чэрвепадобнае, у ахоўнай хіцінавай трубцы. Газаабмен ажыццяўляецца шчупальцамі, размешчанымі на пярэднім канцы цела. Крывяносная сістэма замкнутая.

Жыўленне адбываецца пераважна за кошт арган. рэчыва, якое сінтэзуецца аўтатрофнымі сернымі бактэрыямі, што жывуць у поласці цела П. Раздзельнаполыя.

А.М.Петрыкаў.

Паганафора: 1 — шчупальцы; 2 — галаўная лопасць; 3 — вуздэчка; 4 — другі аддзел цела; 5 — трэці аддзел цела; 6 — задні аддзел цела.

т. 11, с. 475

ПАГАНІ́НІ ((Paganini) Нікало) (27.10.1782, г. Генуя, Італія —27.5.1840),

італьянскі скрыпач, гітарыст, кампазітар. Вучыўся пераважна самастойна, напачатку — у бацькі. З 11-гадовага ўзросту выступаў у Італіі, з 1828 у інш. краінах Еўропы, хутка заваяваў сусв. вядомасць. Мастак-наватар, прадстаўнік муз. рамантызму, фенаменальны віртуоз, П. зрабіў карэнны пераварот у культуры і тэхніцы скрыпічнага выканальніцтва, узбагаціў і расшырыў магчымасці скрыпкі, увёў у свае скрыпічныя п’есы новыя каларыстычныя і тэхн. эфекты (выкарыстоўваў тэхніку двайных нот, ігру на адной струне, pizzicato, флажалеты). Некаторыя яго творы з-за іх складанасці доўгі час лічыліся не прыдатнымі для выканання. Творчасць П. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё інстр. музыкі. Сярод твораў: 6 канцэртаў (1815—30), «Вечны рух» для скрыпкі з арк.; 24 капрысы для скрыпкі сола (1807, выд. 1820), цыклы варыяцый, санаты для скрыпкі і гітары, камерна-інстр. ансамблі, каля 200 п’ес для гітары, вак. творы і інш. Своеасаблівае дэманічнае аблічча П., вулканічны тэмперамент, некат. эпізоды біяграфіі спарадзілі вакол яго імя фантаст. легенды. З 1954 у Генуі штогод праводзіцца Міжнар. конкурс скрыпачоў імя П.

Літ.:

Ямпольский И.М. Н.Паганини: Жизнь и творчество 2 изд. М., 1968;

Тибальди-Кьеза М. Паганини: Пер. с итал. М., 1986;

Григорьев В.Ю Н.Паганини: Жизчь и творчество. М., 1987.

Н.Паганіні.

т. 11, с. 475

ПАГАНКАПАДО́БНЫЯ, паганкі (Podicipediformes, Podicipedes),

атрад вадаплаўных птушак. 1 сям., 4—6 родаў, 22 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыкі. Жывуць на прэсных вадаёмах, добра плаваюць і ныраюць. На Беларусі 5 відаў: паганка вял., або чомга (Podiceps cristatus, нар. назвы: гагара, кавур, нырэц), малая (P. ruficollis, або Tachybaptus ruficollis, нар. назва нырчык), чарнашыяя, або вушастая (P. caspicus), чырванашыяя, або рагатая (P. auritus), і шэрашчокая (P. grisegena). 5 відаў занесены ў Чырв. кнігу МСАП, 3 віды (паганкі малая, чырванашыяя і шэрашчокая) — у Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 60 см, маса да 2 кг. Апярэнне густое, шчыльнае. На галаве чубок з падоўжанага пер’я. Дзюба прамая. Ногі аднесены далёка назад. Пальцаў 4, кожны з асобнымі лопасцевымі перапонкамі. Кормяцца пераважна рыбай і воднымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць 2—10 яец. Мяса неядомае (адсюль назва).

Э.Р.Самусенка.

Да арт. Паганкападобныя. Паганкі: 1 — вялікая; 2 — малая; 3 — чырванашыяя; 4 — шэрашчокая.

т. 11, с. 475

ПАГА́НКІ, паганкі сапраўдныя,

або ўпрыгожаныя (Podiceps),

род вадаплаўных птушак. 10 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 5 відаў (гл. ў арт. Паганкападобныя). П.-галавасцік (P. gallardoi) і П. калумбійская (P. andinus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП; П. калумбійская з канца 1980-х г. лічыцца вымерлай.

Даўж. да 57 см, маса да 1,5 кг (чомга, або паганка вялікая), у інш. відаў — адпаведна 24—36 см і 125—1200 г. Крылы вузкія, доўгія. Хвост амаль рэдукаваны. Маюць складаны рытуал шлюбных дэманстрацый і спароўвання. Біял. індыкатары забруджвання ўнутр. вадаёмаў хім. рэчывамі, солямі цяжкіх металаў і інш.

т. 11, с. 476

ПАГАНЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА,

нізіннага тыпу, у Брагінскім, часткова ў Хойніцкім р-нах Гомельскай вобл., у вадазборы р. Брагінка, на 3 — р. Прыпяць. Пл. 28,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 8,4 тыс. га. Сярэдняя глыбіня торфу 1,5 м, ступень распаду 33%, попельнасць 15%. Запасы торфу каля 21 млн. т. У Брагінскім р-не часткі балота наз. Паломы, Гала і інш. Балота амаль цалкам асушана. На асушаных землях сеюць збожжавыя і травы.

т. 11, с. 476

ПАГАРА́НЫ,

радовішча мелу ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Пагараны. Лінзападобны паклад у выглядзе адорвеня туронканьякскага ўзросту залягае ў ледавіковых адкладах дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Мел белы, шаравата-белы, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, масіўны; аксіду кальцыю СаО у ім 52,5—55,5%. Разведаныя запасы 30,1 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 3—61 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,3—16 м. Мел прыдатны на выраб цэменту, вапны.

А.П.Шчураў.

т. 11, с. 476

ПАГАРО́ДНА,

вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Пагародна». За 18 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 115 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Бастуны. 962 ж., 343 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Капліца. Помнік сувязісткам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 476