ПАЙ,
1) частка капіталу прадпрыемства (фірмы, кампаніі), якая дае права на ўдзел у агульным сходзе пайшчыкаў-укладчыкаў, на атрыманне дывідэндаў і часткі маёмасці фірмы пры яе ліквідацыі. Фіксуецца ў дакуменце — паявым пасведчанні (у адрозненне ад акцыі не з’яўляецца каштоўнай паперай і прадметам куплі-продажу), да якога дадаюцца купоны на атрыманне дывідэндаў.
2) П. — сума ўзносу, якая выплачваецца членам кааператыва (напр., жыллёвага, дачнага, будаўнічага і інш). Права П. — асабістае маёмаснае права члена кааператыва (можа быць прадметам дарэння, раздзелу або спадчыннасці ва ўстаноўленым законам парадку).
У.Р.Залатагораў.
т. 11, с. 522
ПА́ЙКА, паянне,
тэхналагічны працэс атрымання нераздымнага злучэння цвёрдых матэрыялаў расплаўленым прыпоем. Пры П. адбываецца ўзаемнае растварэнне і пранікненне асн. матэрыялу і вадкага прыпою, які запаўняе прамежак паміж злучанымі часткамі вырабу і пасля ахаладжэння цвярдзее з утварэннем суцэльнага паянага шва. П. злучаюць вырабы з металаў і іх сплаваў, радзей шкла, керамікі, графіту і інш. матэрыялаў у аўтамабіле- і прыладабудаванні, электроніцы, радыётэхніцы і інш.
Адрозніваюць П. цвёрдымі прыпоямі на аснове серабра, медзі і інш. (т-ра плаўлення 550—1100 °C) і мяккімі прыпоямі на аснове волава, свінцу і інш. (да 400 °C). У адрозненне ад зваркі канцы вырабаў, злучаных П., не аплаўляюцца. Для ачысткі паверхні металаў ад аксідных ці інш. плёнак выкарыстоўваюць флюсы. Для аблягчэння працэсу П. паверхні вырабаў часам папярэдне лудзяць (гл. Луджэнне). Неметалічныя матэрыялы злучаюць прыпоямі з актыўнымі металамі (напр., тытан, цырконій, хром) ці звычайнымі прыпоямі пасля металізацыі. Пры П. вырабы разам з прыпоем награюць у эл. печах, паяльнікамі, паяльнымі лямпамі, газавымі гарэлкамі, інфрачырвонымі і лазернымі прамянямі і інш.
т. 11, с. 522
ПАЙКЕ́НД,
сярэдневяковы горад на тэр. Узбекістана (яго руіны за 35 км на ПдЗ ад г. Бухара). Паселішча на месцы П. ўзнікла ў першыя ст. н.э.; у 5—7 ст. П. — буйны гандл -рамесны цэнтр. Найб. росквіту дасягнуў у 9—10 ст. У гэтыя часы займаў пл. каля 20 га; быў абкружаны сценамі з вежамі, складзенымі з цэглы-сырцу і гліняных блокаў (захаваліся ў зах. частцы). Унутры горада знаходзіліся цытадэль, культавыя і свецкія збудаванні, жытлы, майстэрні (пераважна ганчарныя). У наваколлі П. размяшчаліся замкі і ваен. фарты. У 11 ст. П. заняпаў; у пач. 12 ст. і ў 14—15 ст. часткова адрадзіўся. Археалагічна вывучаўся ў 1914, 1939—40, 1954—56.
т. 11, с. 522
ПАЙКІЛАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ (ад грэч. poikilos пераменлівы, разнастайны + тэрма),
халаднакроўныя жывёлы, жывёлы з непастаяннай унутр. т-рай цела, аднолькавай з т-рай навакольнага асяроддзя або вышэйшай на 1—2 °C.
Да П.ж. належаць усе беспазваночныя, з пазваночных — кругларотыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны. Некат. П.ж. гінуць ці часова страчваюць рухомасць, калі т-ра асяроддзя павышаецца або паніжаецца за межы аптымальнай. Т-ра іх цела можа значна перавышаць т-ру асяроддзя пры павелічэнні рухальнай актыўнасці (напр., у насякомых у час палету, хутка плаваючых рыб) або пад уплывам паглынання сонечнага цяпла (паўзуны і інш.). Тэрмарэгуляцыя П.ж. абумоўлена нізкай агульнай арганізацыяй і ўзроўнем абмену рэчываў, які ў 20—30 разоў ніжэйшы, чым у гамаятэрмных жывёл, адсутнасцю замкнутай сістэмы кровазвароту (беспазваночныя) або недасканаласцю яе рэгуляцыі.
А.М.Летрыкаў.
т. 11, с. 522
ПАЙНС ((Pines) Дэвід) (н. 8.6.1924, г. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1973), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1980). Замежны чл. Рас. АН (1988). Скончыў Каліфарнійскі (1944) і Прынстанскі (1948) ун-ты. З 1959 праф. Ілінойскага ун-та, з 1999 у Ін-це складаных адаптыўных асяроддзяў Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і плазмы, тэорыі ядра, квантавай тэорыі вадкасцей, астрафізіцы. Паказаў наяўнасць плазмонаў у металах (1953). Распрацаваў тэорыю рассеяння электронаў і дзірак на аптычных ваганнях крышт. рашоткі.
Тв.:
Рус. пер. — Проблема многих тел. М., 1963;
Элементарные возбуждения в твердых телах. М., 1965;
Теория квантовых жидкостей. М., 1967 (разам з Ф.Наз’ерам).
М.М.Касцюковіч.
т. 11, с. 522
ПАЙН-ПОЙНТ (Pine Point),
свінцова-цынкавы раён у Канадзе (Паўн.-Зах. тэр.). Радовішчы стратыформныя, эпігенетычныя. Распрацоўваецца з 1964 адкрытым спосабам. Разведаныя запасы 36,3 млн. т руды з сярэдняй колькасцю свінцу 2,4%, цынку 6%. Здабываюцца таксама серабро і кадмій. Цэнтр — г. Пайн-Пойнт.
т. 11, с. 522
ПАЙПС ((Pipes) Рычард Эдгар) (н. 11.7.1923, г. Цешын, Польшча),
амерыканскі гісторык, палітолаг. З 1940 у ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1950). У 1962—63 дырэктар Цэнтра навук. даследавання Расіі. З 1963 праф. рас. гісторыі Гарвардскага ун-та. У 1981—82 саветнік па Сав. Саюзе прэзідэнта ЗША Р.Рэйгана. Аўтар прац «Еўропа пасля 1815 г» (1970), «Расія пры старым рэжыме» (1974), «Амерыканска-савецкія адносіны ў эру разрадкі» (1981), «Камунізм: знікаючы прывід» (1993), «Расія пры бальшавіцкім рэжыме» (1994) і інш. У кн. «Утварэнне Савецкага Саюза: камунізм і нацыяналізм. 1917—1923 гг» (1954, перавыд. 1968) вызначыў ролю і месца ў пач. 20 ст. бел. нац.-вызв. руху (у т.л. БСГ), разглядаў унутр. і знешнія абставіны, якія не дазволілі замацаваць бел. дзяржаўнасць у форме БНР.
Тв.:
Бел. пер. — Мінуўшчына Расеі і яе будучыня // Arche. 2000. № 1.
У.Я.Калаткоў.
т. 11, с. 522
ПАЙС ((Pais) Эторэ) (27.7.1856, г. Борга-Сан-Дальмаца, Італія — 28.3.1939),
італьянскі гісторык антычнасці. Вучань Т.Момзена. Праф. стараж. гісторыі ва ун-тах Палерма (1886—89), Пізы (да 1899), Неапаля (да 1904), Рыма (да 1931). Аўтар прац па гісторыі Стараж. Рыма, у якіх крытыкаваў рым. традыцыю, сумняваўся ў гістарычнасці царскага і раннерэспубліканскага перыядаў (да 3 ст. да н.э.) у Рыме. На яго думку, рымляне не ведалі сапраўдных гіст. паданняў, родавых летапісаў, а ранняя рым. традыцыя склалася нібыта пад уплывам грэч. гіст. апавяданняў і рым. драмы.
т. 11, с. 522