ПА́ЙКА, паянне,
тэхналагічны працэс атрымання нераздымнага злучэння цвёрдых матэрыялаў расплаўленым прыпоем. Пры П. адбываецца ўзаемнае растварэнне і пранікненне асн. матэрыялу і вадкага прыпою, які запаўняе прамежак паміж злучанымі часткамі вырабу і пасля ахаладжэння цвярдзее з утварэннем суцэльнага паянага шва. П. злучаюць вырабы з металаў і іх сплаваў, радзей шкла, керамікі, графіту і інш. матэрыялаў у аўтамабіле- і прыладабудаванні, электроніцы, радыётэхніцы і інш.
Адрозніваюць П. цвёрдымі прыпоямі на аснове серабра, медзі і інш. (т-ра плаўлення 550—1100 °C) і мяккімі прыпоямі на аснове волава, свінцу і інш. (да 400 °C). У адрозненне ад зваркі канцы вырабаў, злучаных П., не аплаўляюцца. Для ачысткі паверхні металаў ад аксідных ці інш. плёнак выкарыстоўваюць флюсы. Для аблягчэння працэсу П. паверхні вырабаў часам папярэдне лудзяць (гл. Луджэнне). Неметалічныя матэрыялы злучаюць прыпоямі з актыўнымі металамі (напр., тытан, цырконій, хром) ці звычайнымі прыпоямі пасля металізацыі. Пры П. вырабы разам з прыпоем награюць у эл. печах, паяльнікамі, паяльнымі лямпамі, газавымі гарэлкамі, інфрачырвонымі і лазернымі прамянямі і інш.
т. 11, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)