Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ОРТА-, МЕТА-, ПАРА- ў хіміі,

прэфіксы, якімі карыстаюцца ў арган. хіміі для абазначэння становішча двух (аднолькавых ці розных) замяшчальнікаў адносна адзін аднаго ў бензольным кальцы. У орта-злучэннях замяшчальнікі знаходзяцца ў 1,2-, у мета у 1,3- і ў пара у 1,4-становішчах (адпаведныя скарачэнні: о-, м-, п-), напр., 1,2-дыметылбензол наз. орта-ксілол ці о-ксілол (гл. Ксілолы). Прыстаўкі «орта» і «мета» выкарыстоўваюць у неарган. хіміі ў трывіяльных назвах кіслародзмяшчальных кіслот з рознай колькасцю гідраксільных груп пры цэнтр. атаме (орта — найбольшая, мета — найменшая), напр., к-ты артафосфарная H3PO4 ці (HO)3PO і метафосфарная HPO3 ці HOPO2.

т. 11, с. 449

ПА́РА,

газападобны стан рэчыва пры т-ры і ціску, ніжэйшых за крытычныя (гл. Крытычны стан). Працэс пераходу кандэнсаванага рэчыва ў П. наз. параўтварэннем.

Паняцці П. і газ амаль эквівалентныя; звычайна да газаў (выключэнне вадзяная П.) адносяць рэчывы пры т-ры, вышэйшай за крытычную тэмпературу. Адрозніваюць П. насычаную, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі з тым жа рэчывам у кандэнсаваным (вадкім або цвёрдым) стане, ненасычаную (перагрэтую), т-ра якой вышэйшая за т-ру насычанай П. пры дадзеным ціску, і перанасычаную, шчыльнасць (ціск) якой вышэйшая за шчыльнасць (ціск) насычанай П. пры такой жа т-ры. Пры нізкім ціску (у разрэджаным стане) і т-ры, значна вышэйшай за т-ру кандэнсацыі, уласцівасці П. блізкія да ўласцівасцей ідэальнага газу. У тэхніцы шырока выкарыстоўваюць вадзяную П. як рабочае цела паравых турбін і машын.

т. 12, с. 75

ПАРА... (ад грэч. para каля, пры, па-за, без), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае знаходжанне побач, а таксама перамяшчэнне, адхіленне ад чаго-н. змену чаго-н., напр., парабіёз, парамагнетызм.

т. 12, с. 75

ПАРААЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ (ад пара... + алімпійскія гульні),

міжнародныя комплексныя спарт. спаборніцтвы спартсменаў-інвалідаў. Праводзяцца з 1960, у адзін год з Алімп. гульнямі, пры падтрымцы Міжнар. алімп. камітэта. Міжнар. Параалімп. к-т створаны ў 1960; Параалімп. к-т Беларусі — у 1996, аб’ядноўвае 5 федэрацый інваспорту (па зроку, слыху, з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, інвалідаў-калясачнікаў і танцаў на калясках), больш за 25 клубаў спартсменаў-інвалідаў. Нац. каманда Беларусі прыняла ўдзел у X П.г. (1996, г. Атланта, ЗША), выступіла ў 5 з 18 відаў спорту, заняла 2-е агульнакаманднае месца. Чэмпіёнамі X П.г. сталі І.​Леанцюк (скачкі ў даўжыню), Т.​Сівакова (штурханне ядра), А.​Шэпель (скачкі ў вышыню). На XI П.г. (2000, г. Сідней, Аўстралія) каманда Беларусі (25 спартсменаў) заваявала 5 залатых, 8 сярэбраных і 10 бронз. медалёў. Чэмпіёнамі сталі А.​Данілік і І.​Фядотава (веласпорт), Р.​Макараў (плаванне), Р.​Сівіцкі (скачкі ў вышыню), В.​Шулякоўская (бег на 200 м).

т. 12, с. 76

ПАРААМІНАБЕНЗО́ЙНАЯ КІСЛАТА́, вітамін H1,

роставы фактар многіх мікраарганізмаў, у т. л. насельнікаў кішэчніка жывёл і чалавека, якія сінтэзуюць з яе фоліевую кіслату.

Бясколернае крышт. рэчыва, дрэнна раствараецца ў вадзе, добра ў спірце. Спрыяе сінтэзу РНК і ДНК, уплывае на абмен некат. біягенных амінаў. Антымікробнае ўздзеянне сульфаніламідных прэпаратаў заснавана на іх здольнасці (з-за структурнага падабенства з П.к.) парушаць сінтэз фоліевай к-ты. Этылавы (анестэзін) і дыэтыламінаэтылавы (навакаін) эфіры П.к. выкарыстоўваюць у медыцыне. На П.к. багатыя печань, ныркі, сэрца, дрожджы.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 76

ПАРА́БАЛА (ад грэч. parabolē),

геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.

Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).

т. 12, с. 76

ПАРАБАЛІ́ЧНАЕ ЛЮСТЭ́РКА,

крывалінейнае люстэрка, адбівальная паверхня якога мае форму парабалоіда вярчэння ці парабалічнага цыліндра.

т. 12, с. 76

ПАРАБАЛІ́ЧНАЯ АНТЭ́НА,

від люстраной антэны, у якой для факусіроўкі эл.-магн. энергіі ў пэўным напрамку выкарыстоўваецца парабалічнае люстэрка.

т. 12, с. 76

ПАРАБАЛІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,

мінімальная скорасць, якую трэба надаць целу (напр., касм. апарату) для пераадолення ім гравітацыйнага прыцягнення інш. цела (напр., Зямлі) і аддалення ад яго па парабалічнай арбіце. Памяншаецца з павелічэннем адлегласці ад цела, што прыцягвае. Пры скорасці, меншай за П.с., цела рухаецца па эліпсе; пры скорасці, большай за П.с., — па гіпербале. П.с. цела каля паверхні нябеснага цела наз. другой касмічнай скорасцю; каля паверхні Зямлі роўная 11,2 км/с.

т. 12, с. 76

ПАРАБАЛІ́ЧНЫ ЦЫЛІ́НДР,

лінейчастая цыліндрычная паверхня, накіроўная лінія якой — парабала. Кананічнае ўраўненне П.ц. y2 = 2px.

Парабала.
Парабалічны цыліндр.

т. 12, с. 76