ОРТА-, МЕТА-, ПАРА- ў хіміі,
прэфіксы, якімі карыстаюцца ў арган. хіміі для абазначэння становішча двух (аднолькавых ці розных) замяшчальнікаў адносна адзін аднаго ў бензольным кальцы. У орта-злучэннях замяшчальнікі знаходзяцца ў 1,2-, у мета у 1,3- і ў пара у 1,4-становішчах (адпаведныя скарачэнні: о-, м-, п-), напр., 1,2-дыметылбензол наз. орта-ксілол ці о-ксілол (гл. Ксілолы). Прыстаўкі «орта» і «мета» выкарыстоўваюць у неарган. хіміі ў трывіяльных назвах кіслародзмяшчальных кіслот з рознай колькасцю гідраксільных груп пры цэнтр. атаме (орта — найбольшая, мета — найменшая), напр., к-ты артафосфарная H3PO4 ці (HO)3PO і метафосфарная HPO3 ці HOPO2.
т. 11, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)