ПО́ЙМА, поплаў,
частка дна рачной даліны, якая заліваецца вадой у разводдзе або ў час паводкі. Фарміруецца ў выніку адкладання наносаў пры бакавых зрухах рэчышча.
У аснове П. залягае рэчышчавы алювій або карэнныя пароды, перакрытыя поймавым наілкам, які штогод намнажаецца ў разводдзе. Выш. П. над рэчышчам у межань — ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў, шырыня на вял. раўнінных рэках ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У далінах горных рэк П. трапляюцца толькі на асобных участках. П. падзяляюцца на прырэчышчавыя — найб. высокія, складзеныя з буйназярністага пяску; цэнтральныя — складзеныя з больш дробнага матэрыялу; прытэрасныя — паніжаныя, забалочаныя, высланыя ілістым матэрыялам. Адрозніваюць П. двухбаковыя і аднабаковыя. Паверхня П. часта падзелена невысокім уступам на нізкую, якая заліваецца вадой штогод, і высокую, якая затапляецца 1 раз у некалькі гадоў (у час высокіх паводак). Рэльеф П. ўскладняецца прырэчышчавымі валамі, поймавымі грывамі, старыцамі, старычнымі азёрамі, дзюнамі, астанцамі першай надпоймавай тэрасы. На П. фарміруюцца ўрадлівыя поймавыя глебы. Расліннасць пераважна лугавая, цэнтр. і прытэрасная П. звычайна ўкрыты хмызнякамі або поймавымі лясамі. Жывёльны свет П. багаты вадаплаўнымі і балотнымі птушкамі. Вясной на П. нерастуе рыба. Скарыстоўваюцца пад сенажаць і пашу, асушаныя ўчасткі — зрэдку пад ворыва.
На тэр. Беларусі, у вобласці распаўсюджвання ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення (Бел. Паазер’е), дзе рачныя даліны вызначаюцца адноснай маладосцю, П. не распрацаваныя, вузкія (шыр. да 300—500 м, месцамі 2,5—3 км) або адсутнічаюць. У больш стараж. распрацаваных далінах (цэнтр. і паўд. раёны) шыр. П. ад 2—8 да 15 км, месцамі 20—30 км (р. Прыпяць пры ўпадзенні Піны і Ясельды). Выш. П. над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, у цэнтр. і паўн. ч. — ад 1,5—4 да 6 м. У разводдзе П. затапляецца на глыб. 0,3—0,8 м, найб. 1,5—2 м. Перыяд затаплення на сярэдніх і вял. рэках 1—3 месяцы, на малых — ад некалькіх сутак да месяца.
т. 12, с. 448
ПО́ЙМАВЫЯ ГЛЕ́БЫ, алювіяльныя глебы,
тыпы глеб, якія ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыяд. затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю (населенасцю жывымі істотамі), інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфал. профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, мех. складу, ступені агляення, колькасці гумусу П.г. падзяляюцца на поймавыя дзярновыя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і поймавыя тарфяна-балотныя глебы. Найб. пашыраны на Палессі. Большасць П.г. вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму (арашэнне, асушэнне). Выкарыстоўваюць пад сенажаці і пашы, радзей пад вырошчванне агародніны.
т. 12, с. 448
ПО́ЙМАВЫЯ ЛЯСЫ́,
лясы ў поймах рэк, якія перыядычна затапляюцца ў час веснавога разводдзя і пры разлівах ад дажджоў у летне-асенні перыяд. Склад і структура П.л. вызначаюцца геамарфал. і экалагічнымі ўмовамі розных ч. рачной поймы: працягласцю і вышынёй затаплення, амплітудай вагання і ступенню праточнасці грунтавых вод, саставам алювіяльных адкладаў. У П.л. пашыраны ўстойлівыя да затаплення віды раслін: дуб звычайны, вольха чорная, ясень звычайны, радзей бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вяз гладкі, бераст, некат. віды вербаў, свідзіна крывава-чырвоная, брызгліна еўрапейская, крушына ломкая, парэчкі чорныя, ажыны. На павышаных участках з непрацяглым затапленнем растуць ляшчына і снітка. У далінах старых пойм, дзе адсутнічае затапленне, трапляюцца пазапоймавыя расліны: граб, клён, ліпа, рабіна, маліны, чарніцы, кісліца, арляк. Масівы П.л. пашыраны ў поймах рэк Дняпро, Нёман, Бярэзіна, Пціч, Сож, найлепш захаваліся ў пойме р. Прыпяць і ў нізоўях яе прытокаў. П.л. маюць важнае вода- і глебаахоўнае значэнне.
В.С.Гельтман.
т. 12, с. 448
ПО́ЙНТЫНГ ((Poynting) Джон Генры) (9.9.1852, Монтан, Вялікабрытанія — 30.3.1914),
англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Лонданскі (1872) і Кембрыджскі (1876) ун-ты. З 1876 у Манчэстэрскім ун-це, з 1878 у Кавендышскай лабараторыі, з 1880 у Бірмінгемскім ун-це (з 1890 праф.). Навук. працы па даследаванні эл. з’яў, пераносу энергіі, тэорыі выпрамянення. Увёў паняцце пра шчыльнасць патоку эл.-магн. энергіі (гл. Пойнтынга вектар), вызначыў шчыльнасць Зямлі (1891) і гравітацыйную пастаянную (1893). У 1903 выказаў ідэю аб тармажэнні сонечным святлом геліяцэнтрычнага руху касм. цел (гл. Пойнтынга—Робертсана з’ява).
Літ.:
Спасский Б.И. История физики. Ч. 2. 2 изд. М., 1977.
т. 12, с. 448
ПО́ЙНТЫНГА ВЕ́КТАР,
вектар шчыльнасці патоку эл.-магн. энергіі; асобны выпадак Умава вектара. Выражаецца формулай
, дзе і — напружанасці эл. і магн. палёў у электрамагнітнай хвалі адпаведна. Паняцце ўведзена Дж.Г.Пойнтынгам.
Модуль П.в. роўны энергіі, якая пераносіцца за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, перпендыкулярнай да напрамку распаўсюджвання эл.-магн. хвалі (напрамку П.в.). Паток П.в. праз замкнутую паверхню, якая абмяжоўвае сістэму зараджаных часціц, дае энергію, якую страчвае гэтая сістэма за адзінку часу ў выніку выпрамянення эл.магн. хваль (гл. Максвела ўраўненні).
т. 12, с. 448
ПО́ЙНТЫНГА—РО́БЕРТСАНА З’Я́ВА,
паступовае памяншэнне моманту імпульсу часціцы пры яе руху ў полі прыцягнення зоркі з прычыны тармажэння, выкліканага паглынаннем і перавыпрамяненнем целам фатонаў поля выпрамянення зоркі. Названы па імю Дк.Г.Пойнтынга і амер. фізіка Г.Робертсана, які даследаваў гэтую з’яву ў 1937. П.—Р.з. ўлічваецца ў тэорыі эвалюцыі метэорнага рэчыва Сонечнай сістэмы і касмалогіі планетарных сістэм.
т. 12, с. 448