ПО́ЙМА, поплаў,
частка дна рачной даліны, якая заліваецца вадой у разводдзе або ў час паводкі. Фарміруецца ў выніку адкладання наносаў пры бакавых зрухах рэчышча.
У аснове П. залягае рэчышчавы алювій або карэнныя пароды, перакрытыя поймавым наілкам, які штогод намнажаецца ў разводдзе. Выш. П. над рэчышчам у межань — ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў, шырыня на вял. раўнінных рэках ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У далінах горных рэк П. трапляюцца толькі на асобных участках. П. падзяляюцца на прырэчышчавыя — найб. высокія, складзеныя з буйназярністага пяску; цэнтральныя — складзеныя з больш дробнага матэрыялу; прытэрасныя — паніжаныя, забалочаныя, высланыя ілістым матэрыялам. Адрозніваюць П. двухбаковыя і аднабаковыя. Паверхня П. часта падзелена невысокім уступам на нізкую, якая заліваецца вадой штогод, і высокую, якая затапляецца 1 раз у некалькі гадоў (у час высокіх паводак). Рэльеф П. ўскладняецца прырэчышчавымі валамі, поймавымі грывамі, старыцамі, старычнымі азёрамі, дзюнамі, астанцамі першай надпоймавай тэрасы. На П. фарміруюцца ўрадлівыя поймавыя глебы. Расліннасць пераважна лугавая, цэнтр. і прытэрасная П. звычайна ўкрыты хмызнякамі або поймавымі лясамі. Жывёльны свет П. багаты вадаплаўнымі і балотнымі птушкамі. Вясной на П. нерастуе рыба. Скарыстоўваюцца пад сенажаць і пашу, асушаныя ўчасткі — зрэдку пад ворыва.
На тэр. Беларусі, у вобласці распаўсюджвання ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення (Бел. Паазер’е), дзе рачныя даліны вызначаюцца адноснай маладосцю, П. не распрацаваныя, вузкія (шыр. да 300—500 м, месцамі 2,5—3 км) або адсутнічаюць. У больш стараж. распрацаваных далінах (цэнтр. і паўд. раёны) шыр. П. ад 2—8 да 15 км, месцамі 20—30 км (р. Прыпяць пры ўпадзенні Піны і Ясельды). Выш. П. над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, у цэнтр. і паўн. ч. — ад 1,5—4 да 6 м. У разводдзе П. затапляецца на глыб. 0,3—0,8 м, найб. 1,5—2 м. Перыяд затаплення на сярэдніх і вял. рэках 1—3 месяцы, на малых — ад некалькіх сутак да месяца.
т. 12, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)