Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПО́ДКІНА (Марыяна Барысаўна) (н. 10.2.1931, г. Краснадар, Расія),

расійская і бел. артыстка балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1967). Скончыла Пермскае харэагр. вуч. (1950), у 1951—89 выкладала ў ім (з перапынкамі). У 1950—91 працавала ў рас. і замежных т-рах. З 1994 на Беларусі: рэпетытар-педагог у Дзярж. т-ры муз. камедыі, з 1998 у Нац. акад. т-ры балета Беларусі. Да 1974 выступала на сцэне. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы яркі, вобразны стыль танца, які вызначаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам. Першая выканаўца партый: Грушанька («Грушанька» Б.​Машкова), Маці («Бераг надзеі» А.​Пятрова), Марутка («Выбух» М.​Крукава і Г.​Церпілоўскага). Сярод інш. партый: Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.​Пракоф’ева) і інш.

т. 12, с. 446

«ПО́ДЛЫЯ ЛЮ́ДЗІ»,

тэрмін, што ўжываўся ў некаторых заканад. актах Расіі 18 ст. ў адносінах да ніжэйшых пластоў гар. насельніцтва. Рэгламент Гал. магістрата (1721) называў «П.л.» асоб, якія знаходзіліся «ў наймах і чорных работах», г. зн. «нерэгулярных» (немаёмасных) гараджан, што не ўваходзілі ў склад мяшчан.

т. 12, с. 447

ПО́ДСЦІЛЬНАЯ ПАВЕ́РХНЯ ў геаграфіі,

паверхня Зямлі (расліннасць, глеба, грунт, вада, снег і інш.), якая ўзаемадзейнічае з атмасферай у працэсе цепла- і вільгацеабмену. З’яўляецца таксама крыніцай пылу і ядраў кандэнсацыі для атмасферы. Уплывае на фіз. стан атмасферы, у т. л. на надвор’е і клімат, вызначае мясц. асаблівасці атм. цыркуляцыі. П.п. ў геалогіі фіксуе мяжу сутыкнення больш маладых адкладаў горных парод з больш стараж.; крыццё ніжняга і падэшва верхняга слоя. У межах тэктанічных структурных комплексаў П.п. з’яўляецца перадперарыўнай, таксама паверхняй размыву, дэнудацыі.

І.​В.​Клімовіч.

т. 12, с. 447

ПО́ДЫУМ, подый (лац. podium),

1) высокая, звычайна прамавугольная платформа з лесвіцай з аднаго боку і стромкімі іншымі бакамі. На П. ўзводзіліся ант. (пераважна рым. і этрускія) храмы.

2) Узвышэнне ў старажытна-рым. цырку з крэсламі для імператара, сенатараў і інш. высокапастаўленых асоб.

3) Узвышэнне для натуры ў скульптараў, мастакоў.

т. 12, с. 447