ПОЛ,
сукупнасць марфалагічных, фізіялагічных, біяхімічных і інш. адзнак арганізма, якія абумоўліваюць узнаўленне падобнага да сябе. Уласцівы ўсім жывым арганізмам. Асобіны з процілеглымі адзнакамі здольны злівацца адна з адной (некат. аднаклетачныя водарасці) або прадуцыраваць гаметы розных тыпаў, якія пры зліцці ўтвараюць зіготу (большасць раслін і жывёл). З зіготы развіваецца новы арганізм; ён мае 2 адзінарныя (матчын і бацькаў) наборы храмасом гамет, што забяспечвае працэс генет. рэкамбінацыі і спрыяе натуральнаму адбору больш прыстасаваных форм. Гэта з’яўляецца асн. перавагай палавога размнажэння перад бясполым размнажэннем.
Р.Г.Заяц.
т. 12, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)