ПО́ЛАК ((Pollock) Джэксан) (28.1.1912, г. Коды, штат Ваёмінг, ЗША — 11.8.1956),
амерыканскі жывапісец, адзін з гал. прадстаўнікоў амер. абстрактнага экспрэсіянізму. Вучыўся ў Вышэйшай школе прыкладнога мастацтва ў Лос-Анджэлесе (1925—29) і ў Маст. студэнцкай лізе ў Нью-Йорку ў Т.Х.Бентана (1930—31). Пасля 1935 зазнаў уплыў П.Пікасо і сюррэалізму («Ваўчыха», «Захавальнікі сакрэту», абедзве 1943, і інш.). У 1940-я г. звярнуўся да абстрактнага мастацтва. Працаваў у рэчышчы т. зв. жывапісу дзеяння, калі фарбы наносяцца непасрэдна з цюбікаў без дапамогі пэндзля (тэхніка «дрыпінг») па разасланым на падлозе палатне, што дазваляе спалучаць аўтарскую задуму з выпадковымі каляровымі і лінейнымі эфектамі. Сярод твораў: «Капрыз мора» (1947), «Арабескі № 13» (1948), «За межамі палатна № 7» (1949), «Lavender Mist № 1», «Восеньскі рытм № 30» (абодва 1950) і інш. З 1951 працаваў у чорна-белым фігуратыўным жывапісе.