ПАЯ́ЛЬНІК,

інструмент для пайкі металаў і расплаўлення прыпою. Медная рабочая частка П. награваецца ад знешняй крыніцы цяпла (ад паяльнай лямпы і інш.). Форма, памеры і маса П. вызначаюцца тыпам паянага шва, канфігурацыяй і масай вырабу. Бываюць без пастаяннага падагрэву, з падагрэвам полымем ці з электрападагрэвам (найб. пашыраны). Спец. від П. — ультрагукавы, у якім ваганні нагрэтага стрыжня разбураюць аксідную плёнку на паверхні паянага вырабу пад слоем прыпою. Асн. перавага — магчымасць бясфлюсавай пайкі. Выкарыстоўваюцца для пайкі і луджэння вырабаў са сталі, медзі і медных сплаваў, алюмінію (пераважна ультрагукавыя П.) мяккімі алавяна-свінцовымі прыпоямі.

Паяльнікі: 1 — газавы з падагрэвам адкрытым полымем; 2 — бензінавы з рэзервуарам для гаручага ў рукаятцы; 3 — электрычныя (звычайны і з фарсіраваным падагрэвам — паяльны пісталет).

т. 12, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)