ПАЯ́РКАЎ Васіль Данілавіч, рускі землепраходзец (17 ст.). У 1643—46 кіраваў атрадам (каля 130 чал.), які прайшоў ад Якуцка па рэках Лена, Алдан, Уур, Ганам і праз водападзел выйшаў да р. Зея і потым да р. Амур. Ад вусця Амура па Ахоцкім м. дасягнуў вусця р. Улья і адтуль праз горны хр. Джугджур, па рэках Мая і Алдан вярнуўся ў Якуцк. Сабраў каштоўныя звесткі аб прыродзе і насельніцтве Д. Усходу. Яго імем наз. гар. пасёлак у Рэспубліцы Саха (Якуція) у Расіі.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)