Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГАФЕ́З (сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),

асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.

т. 5, с. 93

ГА́ФНІЙ (лац. Hafnium),

Hf, хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 72, ат. м. 178,49. Складаецца з 6 ізатопаў з масавымі лікамі 174, 176—180. Належыць да рассеяных элементаў, у зямной кары знаходзіцца (3—4)∙10​−4% па масе. Адкрыты ў 1923 венг. хімікам Дз.Хевешы і нідэрл. фізікам Дз.​Костэрам, названы па месцы адкрыцця — г. Капенгаген.

Бліскучы серабрыста-шэры пластычны метал, існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: гексаганальнай α-Hf і кубічнай β-Hf (вышэй за 1740 °C). Шчыльн 13 350 кг/м³, tпл каля 2230 °C. Кампактны гафній устойлівы ў паветры, парашкападобны пірафорны (гл. Пірафорныя рэчывы). Па хім. уласцівасцях падобны да цырконію. Пры т-ры вышэй за 700 °C з кіслародам утварае дыаксід HfO2, (белыя крышталі, tпл 2780 °C), пры 200—400 °C з галагенамі — тэтрагалагеніды (напр., тэтрахларыд HfCl4 — бясколерныя крышталі, т-ра вазгонкі 315 °C), пры высокіх т-рах з азотам, борам, крэмніем, вугляродам — металападобныя тугаплаўкія злучэнні (напр., нітрыд HfN — залаціста-жоўтыя крышталі, tпл 3310 °C). Злучэнні гафнію атрымліваюць пры вытв-сці цырконію з руднай сыравіны, метал. гафнію — аднаўленнем HfCl4 магніем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць як матэрыял для рэгулюючых стрыжняў і аховы ядз. рэактараў, кампанент гарачатрывалых і тугаплаўкіх сплаваў у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.

І.​В.​Боднар.

т. 5, с. 93

ГАФРЫРАВА́ННЕ (ад франц. gaufrer прасаваць складкі, выціскаць узор),

наданне ліставым метал. і неметал. матэрыялам складкаватай хвалепадобнай формы; разнавіднасць гібкі. Павышае жорсткасць і трываласць матэрыялаў пры рабоце на выгін і змінанне. Робіцца на выгінальных прэсах або прафілёвачных станах.

Гафрыраваныя ліставая сталь, азбестацэментавыя вырабы ідуць на дахавыя матэрыялы, буд. канструкцыі; кардон — на гука- і тэрмаізаляцыю, выраб тары; дуралюмінавыя лісты выкарыстоўваюцца ў самалётабудаванні. Гафрыруюць таксама тканіны. Пры ручным спосабе гафрыравання тканіну закладваюць у папяровую форму (гафрэ), запарваюць і сушаць; пры прамысл. спосабе апрацоўваюць хім. рэагентамі, закладваюць у шаблоны, прапарваюць у аўтаклавах, потым высушваюць і ахалоджваюць.

т. 5, с. 94

ГАФТ (ад польск. haft вышываны ўзор, вышыўка),

1) ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі (шаўковымі, залатымі, сярэбранымі ніткамі, жэмчугам, каштоўнымі ці штучнымі камянямі, з 19 ст. — бісерам, мішурой і інш.) па шоўку, аксаміце, парчы і інш. тканінах. Існуюць разнастайныя тэхн. прыёмы гафту (гладзь, высокарэльефнае шыццё «па карце», «у прыкрэп» і інш.). Узор бывае плоскі, пукаты, ажурны, накладны. Вядомы са стараж. часоў у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі, Стараж. Рыме, з сярэдневякоўя — па ўсёй Еўропе. На Беларусі з 15—16 ст. гафтам аздаблялі літургічныя тканіны, шляхецкае адзенне і інш. Пераважалі раслінныя матывы, стылістыка адпавядала агульнаеўрап. маст. кірункам. У нар. побыце гафтаваннем называлі розныя віды ажурных швоў.

2) Машынная вышыўка белай гладдзю па белай тканіне. У сучаснай маст. прам-сці плоскім машынным гафтаваннем пераважна расліннага характару аздабляюць пасцельную бялізну, жаночае адзенне, тасьму, тканіны і інш.

Я.​М.​Сахута.

т. 5, с. 94

ГАФТ (Валянцін Іосіфавіч) (н. 2.9.1935, Масква),

рускі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. Расіі (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1957). Працаваў у маскоўскіх т-рах імя Массавета, на Малой Броннай, імя Ленінскага камсамола, Сатыры, з 1969 у т-ры «Сучаснік». Творчая манера Гафта вызначаецца тонкай псіхалагічнай прапрацоўкай вобразаў, інтэлектуальнай вастрынёй і іроніяй, якая набліжаецца да едкага сарказму, дакладным вонкавым малюнкам: Глумаў («Балалайкін і К°» паводле М.​Салтыкова-Шчадрына), Вяршынін («Тры сястры» А.​Чэхава), Рахлін («Кот хатні сярэдняй пушыстасці» У.​Вайновіча і Р.​Горына), Джордж («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.​Олбі) і інш. З 1956 здымаецца ў кіно: «Забойства на вуліцы Дантэ», «Кентаўры», «Гараж», «Зладзеі ў законе», «Нябёсы запаветныя», у тэлевізійных пастаноўках. Аўтар вершаў і эпіграм.

Да арт. Гафт. Фрагмент арната Петрапаўлаўскага касцёла з вёскі Дрысвяты Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.
Славацкі гафт. Канец 19 ст.
Да арт. Гафт. Фрагмент сурвэткі з царквы манастыра базыльян у вёсцы Баруны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 5, с. 94

ГАФУ́РАЎ (Абуталіб Гафуравіч) (21.11.1882, аул Шуні, Дагестан — 1975),

лакскі паэт. Нар. паэт Дагестана (1939). Першыя вершы апублікаваны ў альманаху «Крокі рэвалюцыі» (1932). Асн. тэмы яго творчасці — жыццё вёскі, штодзённыя клопаты людзей, што працуюць на зямлі (зб-кі «Новы свет», 1934; «Голас Дагестана», 1943; «Світанак жыцця», 1963; «Горныя крыніцы», 1966; «Другое жыццё», 1970, і інш.). Пісаў апавяданні, мініяцюры, творы для дзяцей. Стварыў новы жанр у дагестанскай л-ры — прозу ў спалучэнні з вершамі. Увёў у лакскае вершаскладанне рыфму, васьміскладовы сілабічны памер.

т. 5, с. 94

ГАФУРЫ́ (Мажыт) (сапр. Гафураў Габдулмажыт Нурганіевіч; 1.8.1880, в. Зілім-Каранова Гафурыйскага р-на, Башкортастан — 28.10.1934),

башкірскі і татарскі пісьменнік. Нар. паэт Башкортастана (1923). Упершыню выступіў у друку ў 1904 (зб. вершаў «Сібірская чыгунка»). Паэт. зб-кі «Маё маладое жыццё» (1906), «Любоў да нацыі» (1907) былі забаронены цэнзурай. Аўтар жанрава разнастайных твораў пра грамадз. вайну, станаўленне новага ладу жыцця ў краіне, лёс жанчыны (зб. вершаў «Чырвоны сцяг», 1917; паэма «Рабочы», 1921; п’еса «Чырвоная зорка», 1926; аповесці «Чарнатварыя», 1927; «Ступені жыцця», 1930; «На залатых капальнях паэта», аўтабіягр., 1931, і інш.). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Гафуры пераклалі Э.​Валасевіч, Ю.​Свірка.

Літ.:

Рамазанов Г. Мажит Гафури. М., 1980.

Р.​З.​Шакураў.

т. 5, с. 94

ГАФУ́Р ГУЛЯ́М (сапр. Гулямаў Гафур Гулямавіч; 10.5.1903, Ташкент — 10.7.1966),

узбекскі пісьменнік. Нар. паэт Узбекістана (1963). Акад. АН Узбекістана (1943). Друкаваўся з 1923. У творах крытыкаваў перажыткі мінулага ў свядомасці і побыце людзей, сцвярджаў новую сав. рэчаіснасць (зб-кі вершаў «Дынама», 1931; «Іду з Усходу», 1943, Дзярж. прэмія СССР 1946; «Агні Узбекістана», 1947; «Шчасце роднай зямлі», 1951; «Вынік», апубл. 1967, Ленінская прэмія 1970; кн. прозы «Гумарыстычныя апавяданні», 1931; «Хітрыкі шарыяту», 1953 і інш.). На бел. мову творы Гафура Гуляма перакладалі Э.​Агняцвет, А.​Астрэйка, С.​Гаўрусёў і інш.

Тв.:

Бел. пер.: — у кн.: Спявае Узбекістан. Мн., 1962;

Сонца ў арыках. Мн., 1966;

Вясёлка над арыкам. Мн., 1986.

т. 5, с. 94

ГА́ФЫ (ад ням. Haff лагуна, возера),

назва лагун ў вусцевых участках рэк на паўд. узбярэжжы Балтыйскага м. Утвараюцца ў выніку дзейнасці прыбярэжных цячэнняў і прыбою. Маюць выгляд паўзамкнёнага лімана, які аддзелены ад мора астравамі або пясчанымі косамі.

т. 5, с. 95