ГА́КЕЛЬ Якаў Якаўлевіч
(18.7.1901, Пецярбург — 30.12.1965),
савецкі акіянограф. Д-р геагр. н. (1950), прафесар. Удзельнік арктычнай экспедыцыі на «Сібіракове» (1932), «Чэлюскіне» (1934) і інш. Кіраваў складаннем першай батыметрычнай карты Арктычнага басейна. Яго імем названы падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне.
т. 4, с. 441
ГА́КЕЛЯ ХРЫБЕ́Т,
падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне, працяг Сярэдзінна-Атлантычнага хрыбта ў Арктычным бас. Падзяляе катлавіны Нансена і Амундсена. Даўж. больш за 1000 км; найменшая глыб. над хрыбтом 400 м. Названы ў гонар Я.Я.Гакеля.
т. 4, с. 441
ГАКІНА́ЕВА Лідзія Іларыёнаўна
(5.4.1905, в. Мязга Валагодскай вобл., Расія — 29.1.1990),
бел. дэрматавенеролаг. Д-р мед. н. (1963), праф. (1964). Скончыла 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1938). З 1946 працавала ў ім. У 1963—77 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па піядэрміі, туберкулёзе скуры, абмене рэчываў у хворых на дэрматозы, па псарыязе.
т. 4, с. 441
ГАКХА́ЛЕ Гапал Крышна
(9.5.1866, г. Бамбей, Індыя — 19.2.1915),
дзеяч нац.-вызв. руху Індыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Адзін з вядучых лідэраў памяркоўнага крыла Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Да 1902 праф. гісторыі і палітэканоміі Фергюсан-каледжа ў г. Пуна. З 1899 чл. заканад. савета Бамбея (з 1902 — Цэнтр. заканад. савета пры англ. віцэ-каралі ў Індыі). З 1905 прэзідэнт ІНК. У 1905 заснаваў і да 1915 быў лідэрам «Т-ва слуг Індыі». Выступаў супраць эканам. ўплыву Вялікабрытаніі ў Індыі, але быў праціўнікам паліт. байкоту англ. улад, лічыў, што Брыт. імперыя павінна ператварыцца ў саюз свабодных народаў, а Індыя атрымаць аўтаномію шляхам паступовых рэформаў пад англ. кіраваннем.
т. 4, с. 441