ГА́ТАВА,
вёска ў Навадворскім с/с Мінскага р-на. За 4 км на Пд ад Мінска, 1 км ад чыг. ст. Асееўка. 7791 ж. (1997).
Вядома з 16 ст. ў складзе Мінскага пав. ВКЛ. З 1567 уладанне М.Служкі, з 1600 цэнтр маёнтка. У 1791 уласнасць Мінскага кляштара бернардзінцаў. 123 дымы, 3 карчмы. Пасля далучэння да Расіі (1793) у складзе Мінскай губ. У 1870 вёска Самахвалавіцкай воласці, 315 ж., 50 двароў; у 1897 — 450 ж., 77 двароў, нар. вучылішча, жаночая царкоўнапрыходская школа, Святадухаўская царква. У 1919 акупіравана польск. войскамі. У гэты час у вёсцы і наваколлі дзейнічаў партыз. атрад пад камандаваннем І.В.Маслыкі. З 1924 у Самахвалавіцкім р-не, у 1931—34 у адм. падпарадкаванні Мінскага гар. Савета, з 1935 у Мінскім р-не. Да 1927 і ў 1954—59 цэнтр сельсавета.
Акцыянернае т-ва Мінскага вытв. гарбарнага аб’яднання, Мінскія з-ды другаснай перапрацоўкі чорных і каляровых металаў, раённае аб’яднанне сельгасхіміі. Сярэдняя школа, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан.
Г.А.Маслыка.
т. 5, с. 87
ГАТАВА́ЛЬНЯ,
набор інструментаў для чарцёжна-графічных работ у спец. футляры. Асн. інструменты набору: цыркуль, вымяральны і прапарцыянальны цыркулі, рэйсфедэр, чарцёжны і разметачны кронцыркулі, транспарцір і інш. Гатавальні бываюць універсальныя, школьныя, партатыўныя, для канструктарскіх і капіравальных работ.
т. 5, с. 87
ГАТА́ЛЬСКАЯ Людміла Мікалаеўна
(дзявочае Драздова; н. 13.8.1953, в. Дзям’янкі Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працавала на Добрушскім фарфоравым з-дзе (гал. мастак у 1985—91). Сярод твораў: сервізы і наборы для чаю і кавы «Вячоркі» (1979), «Паўлінка» (1984), «Пяшчота» (1991); дэкар. вазы «Палескія ўзоры» (1982), «Слуцкія матывы» (1988); наборы дэкаратыўныя — «Сузор’е» (1985), «Гарады Беларусі» (1986), «Свята» (1987), «Шляхам Скарыны» (1989), «Казка» (1995), «Дыванок» (1996) і інш. У творах — нац. каларыт, адухоўленасць вобразаў, лірызм, тактоўная спроба прычыніцца да тэмы бел. мінуўшчыны.
Т.Р.Ермаковіч.
т. 5, с. 87
ГАТА́ЛЬСКІ Міхаіл Аляксеевіч
(н. 15.3.1952, в. Вылева Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1977). Працаваў на Добрушскім фарфоравым з-дзе (1979—92). Сярод твораў: дэкар. блюды «Спадчына» (1978), «Незнаёмка» (1985); медаль «Мой родны кут» (1981); сервізы «Народны» (1981), «Раманс» (1990); наборы чайнікаў «Кірмаш» (1984), для нац. страў «Беларускі» (1986), кубкаў «Гербы» (1988), дзіцячы «НЛА» (1989), чайны «Купалле» (1991), ваз «Фантазія» (1994), «У пушчах Палесся» (1995); серыі блюд «Кветкі майго дзяцінства» (1983) і інш. Маст. манера вызначаецца аптымістычнай стыхіяй пачуццяў і неўтаймоўнай фантазіяй.
Т.Р.Ермаковіч.
т. 5, с. 87
ГАТО́ВАЯ ПРАДУ́КЦЫЯ,
сукупнасць гатовых вырабаў і паўфабрыкатаў, фактычна адпушчаных за межы прадпрыемства ці поўнасцю падрыхтаваных для гэтага. Гатовая прадукцыя, ацэненая ў грашах, адрозніваецца ад таварнай прадукцыі тым, што не ўключае кошт паслуг і работ, выкананых паводле заказаў старонніх арганізацый па-за межамі асн. дзейнасці прадпрыемства.
т. 5, с. 88
ГА́ТЧЫНА
(у 1923—29 Троцк, у 1929—44 Краснагвардзейск),
горад у Расіі, цэнтр раёна ў Ленінградскай вобл. Вядомы з 1499. 81,8 тыс. ж. (1997). Вузел чыг. ліній. Машынабудаванне і металаапрацоўка, электрамех., дрэваапр. (вытв-сць мэблі), лёгкая, харч. прам-сць. Краязнаўчы музей. Палацава-паркавы ансамбль 18 ст.
т. 5, с. 88
ГА́ТЧЫНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры 18 ст. ў г. Гатчына Ленінградскай вобл. Гал. збудаванне — палац у стылі ранняга класіцызму (1766—81, арх. А.Рынальдзі; расшыраны ў 1793—97, арх. В.Брэна; перабудаваны ў 1845—51, арх. Р.І.Кузьмін). Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 пяціграннымі вежамі па баках і 2 бакавымі карпусамі. Маляўнічыя паркі горада (Палацавы, «Звярынец» і інш.; агульная пл. 617 га) са шматлікімі мастамі, тэрасамі, павільёнамі, варотамі і інш. збудаваннямі належаць да лепшых узораў ландшафтнай архітэктуры. Унікальны па тэхніцы выканання землябітны Прыярацкі палац (1798—99, арх. М.А.Львоў), які нагадвае сярэдневяковы замак.
Літ.:
Гатчина. Л., 1980;
Памятники архитектуры пригородов Ленинграда. Л., 1983.
т. 5, с. 88
ГА́ТЫ,
Гхаты, горы на п-ве Індастан, у Індыі. Гл. Заходнія Гаты, Усходнія Гаты.
т. 5, с. 88
ГАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
гатычны мінускул, почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст. прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).
Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.
А.А.Кожынава.
т. 5, с. 88
ГАТЭ́РЫЯ,
туатара (Sphenodo npunctatus), адзіны сучасны прадстаўнік атр. дзюбагаловых паўзуноў. Вядома з позняй юры і верх. Мелу. 3 падвіды. Да канца 19 ст. насяляла Паўн. і Паўд. а-вы Новай Зеландыі, потым вымерла. Захавалася на 20 дробных а-вах. Ахоўваецца ў спец. запаведніку; у Чырв. кнізе МСАП.
Цела масіўнае, даўж. да 76 см, маса 0,5—1 кг, аліўкава-зялёнага колеру, укрытае дробнай зярністай луской. Уздоўж сліны і хваста грэбень з трохвугольных пласцінак. Канечнасці пяціпальцыя. Жыве ў норах глыб. Да 1 м, у якіх адначасова могуць гнездаваць і буравеснікі. Палаваспеласці дасягае ў 20 гадоў. Адкладвае ў норы 8—15 яец. Актыўная пры т-ры 6—18 °C, спосаб жыцця начны. Корміцца насякомымі і інш. беспазваночнымі; зрэдку паядае яйцы і птушанят буравеснікаў.
т. 5, с. 88