Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГА́ЎБІЦА (ням. Haubitze),

артылерыйская гармата для стральбы пад вуглом узвышэння да 70° па наземных цэлях. Першыя гаўбіцы з’явіліся ў Еўропе ў 15 ст., у Расіі (гаўфніцы) у сярэдзіне 16 ст. (гл. Артылерыя). Сучасныя гаўбіцы маюць калібр 105—203 мм, адносна кароткі ствол (15—40 калібраў), скарастрэльнасць да 10 стрэлаў за мінуту, далёкасць стральбы да 24 км (рэактыўнымі снарадамі — да 30 км). Бываюць самаходныя або буксіруюцца, некат. могуць страляць ядз. снарадамі. Гаўбіцы калібру 122-, 152- і 203-мм шырока выкарыстоўваліся ў гады Вял. Айч. вайны.

т. 5, с. 88

ГАЎДЗІ́, Гаўдзі-і-Карнет (Gaudi y Cornet) Антоніо (25.6.1852, г. Рэўс, Іспанія — 10.6.1926), іспанскі архітэктар. З 1868 жыў у Барселоне, вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе архітэктуры. У яго мудрагелістых па форме пабудовах (пераважна ў Барселоне) — у царкве Саграда Фамілія (1884—1926, не закончана), дзе ў містычным духу пераасэнсавана кампазіцыя гатычнага сабора, і ў дамах стылю мадэрн (Каса Батло, 1904—07; Каса Міла, 1905—10) пластычна сагнутыя аб’ёмы і смелыя канструкцыйныя новаўвядзенні (парабалічныя аркі, нахіленыя апоры, палегчаныя скляпенні) ствараюць уражанне фантастычных, быццам вылепленых ад рукі арганічных крывалінейных формаў.

А.Гаўдзі. Жылы дом Каса Батло ў Барселоне. 1904—07.

т. 5, с. 88

«ГАЎДЭА́МУС»

(ад лац. gaudeamus будзем радавацца),

сярэдневяковая песня на лац. мове, гімн студэнтаў. Пачынаецца словамі «Gaudeamus igitur, juvenes dum sumus» («Будзем радавацца, пакуль мы юныя»); усхваляе жыццё, маладосць і навуку. У яе аснове песня 13 ст., упершыню надрукавана ў 1776. У 1781 апрацавана ням. вандроўным паэтам К.​В.​Кіндлебенам і стала папулярным студэнцкім гімнам у Германіі і інш. краінах Еўропы, у т. л. ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі, а таксама ў ЗША. Мелодыю «Гаўдэамус» выкарыстоўвалі кампазітары Ф.​Ліст, І.​Брамс, А.​Кос-Анатольскі, Э.​Гумпердынк (опера «Гаўдэамус») і інш.

т. 5, с. 88

ГА́ЎЗЕ (Файфель Ісакавіч) (15.4.1897, г. Слуцк Мінскай вобл. — 18.1.1990),

бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1965). Скончыў Харкаўскі ін-т нар. гаспадаркі (1921). У 1921—29 працаваў у Наркамаце юстыцыі і СНК БССР. З 1923 выкладаў у БДУ, Алма-ацінскім, Мінскім юрыд. ін-тах. У 1966—78 праф. БДУ. Даследаваў праблемы цывільнага і сямейнага права, гісторыю права БССР, кадыфікацыю права БССР.

Тв.:

: Да тэорыі гаспадарчага разліку. Мн., 1933;

Обязательственное право. Мн., 1968.

т. 5, с. 89

ГАЎК (Аляксандр Васілевіч) (15.8.1893, г. Адэса, Украіна — 30.3.1963),

расійскі дырыжор, педагог, кампазітар. Нар. арт. Расіі (1954). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917). З 1917 дырыжор, у т. л. ў 1920—31 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. З 1933 дырыжор, у 1953—61 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Заснавальнік, гал. дырыжор і маст. кіраўнік (1936—41) Дзярж. сімф. аркестра СССР. Выкладаў у Ленінградскай (1927—48, з перапынкам) і Маскоўскай (1939—63, з 1948 праф.) кансерваторыях. Сярод яго вучняў Я.Мравінскі, А.Мелік-Пашаеў, К.Сімяонаў, Я.Святланаў. Аўтар сімфоніі, сімфаньеты для стр. аркестра, уверцюры, канцэртаў для арфы, фп. з аркестрам, рамансаў і інш. Інструментаваў оперу «Жаніцьба» М.​Мусаргскага (1917), «Поры года» і 2 цыклы рамансаў Чайкоўскага (1942) і інш. Аднавіў 1-ю сімфонію С.​Рахманінава.

Літ.:

А.​В.​Гаук: Мемуары. Избр. статьи;

Воспоминания современников. М., 1975.

т. 5, с. 89

ГАЎМА́ТА, Ілжэбардыя (? — 29.9.522 да н.э.),

мідыйскі маг (жрэц). У 522 да н.э. выступіў супраць перс. Цара Камбіса, сына Кіра II. Выдаў сябе за тайна забітага Бардыю (Смердыса) — брата Камбіса і замацаваўся на троне. Завалодаў б.ч. Ахеменідаў дзяржавы. Імкнуўся перацягнуць на свой бок заваяваныя персамі краіны, вызваліў іх на 3 гады ад падаткаў. Забіты змоўшчыкамі на чале з Дарыем (гл. Дарый I).

т. 5, с. 89

ГАЎПТВА́ХТА (ням. Haupwache літар. галоўны каравул),

спецыяльнае памяшканне для ўтрымання вайскоўцаў пад арыштам. Ва Узбр. сілах Беларусі бывае гарнізонная і вайсковая. На гаўптвахце ўтрымліваюць вайскоўцаў, арыштаваных у дысцыплінарным парадку, арыштаваных следчымі органамі, тых, што знаходзяцца пад судом, прыгавораных ваен. судом да ўтрымання на гаўптвахце, а таксама асуджаных да інш. мер пакарання да набыцця прыгаворам законнай сілы.

т. 5, с. 89

ГА́ЎПТМАН ((Hauptmann) Герхард) (15.11.1862, Оберзальцбрун, цяпер г. Шчаўна-Здруй, Польшча — 6.6.1946),

нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у г. Брэслаў, Іенскім ун-це, вывучаў скульптуру ў Рыме (1883—84). З пазіцый натуралізму напісаны яго драмы «Перад усходам сонца» (1889), «Свята перамір’я» (1890); «Адзінокія» (1891), сац. п’есы «Возчык Геншэль» (1898), «Роза Бернд» (1903), «Пацукі» (1911) і сац.-гіст. драма «Ткачы» (1892; пра паўстанне сілезскіх ткачоў 1844). Аўтар сатыр. камедыі «Бабровае футра» (1893), гіст. трагедыі «Фларыян Геер» (1896; пра сял. паўстанне 1524—25). Цікавасць да гіст. і міфалагічных тэм, цяга да ірацыяналізму ў драмах «Зімовая балада» (1917), «Белы выратавальнік» (1920), раманах «Юродзівы Эмануэль Квінт» (1910), «Ерэтык з Сааны» (1918), «Востраў Вялікай маці» (1924). Драма «Перад захадам сонца» (1932) сцвярджае гуманіст. ідэалы. Аўтар аўтабіягр. тэтралогіі ў вершах «Атрыды» (выд. 1941—48) на сюжэт грэч. легенды. Яго негатыўныя адносіны да нацыянал-сацыялізму выявіліся ў фантаст. паэме «Вялікі сон» (1942). Нобелеўская прэмія 1912. П’есы Гаўптмана ставіліся на Беларусі: «Эльга» — т-рам імя Я.​Купалы (1926), «Ткачы» — на Бел. тэлебачанні (1970).

Тв.:

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—14. М., 1910—12;

Пьесы. Т. 1—2. М., 1959.

Літ.:

Сильман Т. Герхард Гауптман, 1862—1946. Л.;

М., 1958;

Герхард Гауптман: Библиогр. указ. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. (1891—1983). Мн., 1985.

У.​Л.​Сакалоўскі.

Г.Гаўптман.

т. 5, с. 89

ГАЎР (Le Havre),

горад на Пн Францыі, марскі аванпорт Парыжа, у вусці р. Сена. Засн. ў 1517. 197 тыс. ж., з прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1994). Адзін з найб. партоў краіны (грузаабарот больш за 50 млн. т, з іх 60% нафта). Прам-сць: суднабудаванне і інш. галіны машынабудавання, нафтаперапр., хім., цэм., баваўняная, харч., каляровая металургія. Акіянаграфічны ін-т. Арх. помнікі 17—18 ст. Каля Гаўра ў царкве абацтва Гравіль-Сент-Анарын (11—14 ст.) — музей сярэдневяковай скульптуры і археалогіі.

т. 5, с. 89

ГАЎРА́НЕК ((Hauránek) Багуслаў) (30.1.1893, Прага — 2.3.1978),

чэшскі мовазнавец, славіст. Адзін з заснавальнікаў Пражскага лінгвістычнага гуртка. Акад. Чэхаславацкай АН, праф. ун-та ў Брно (з 1929), Карлава ун-та ў Празе (з 1945). Працы па чэшскім мовазнаўстве («Чэшскія дыялекты», 1934; «Развіццё чэшскай літаратурнай мовы», 1936; «Нарыс літаратурнай мовы», 1963), параўнальнай граматыцы і параўн.-гіст. вывучэнні літ. слав. моў («Genera verbi ў славянскіх мовах», 1928—34). Распрацоўваў функцыянальна-структурную тэорыю. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар часопісаў «Slavia» («Славія»), «Slovo a slovesnost» («Слова і славеснасць»), «Naše řeč» («Наша мова»). Дзярж. прэмія ЧССР 1957. А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 89