ГАЙ,
невялікі, звычайна адасоблены ад асн. масіву, участак лесу, які складаюць дрэвы лісцевых парод (бяроза, дуб і інш.), часцей аднаго ўзросту.
т. 4, с. 436
ГАЙ
(Gaius),
рымскі юрыст, пісьменнік 2 ст. Біяграфічных звестак не захавалася. Дакладна вядома, што ў часы імператара Адрыяна ён выкладаў права, сістэматызаваў рым. рабаўладальніцкае права і распрацоўваў каментарыі. Яго гал. твор «Інстытуцыі» (настаўленні; каля 161) атрымаў паводле рым. закону 426 абавязковую юрыд. сілу і ўвайшоў у Кодэкс Юстыніяна.
т. 4, с. 436
ГАЙ Гая Дзмітрыевіч
(сапр. Бжышкян Гайк; 18.2.1887, г. Тэбрыз, Іран — 11.12.1937),
савецкі ваенны дзеяч, камкор (1935). Праф. (1933). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). Удзельнік 1-й сусв. вайны, прапаршчык. З 1918 камандзір 1-й зводнай Сімбірскай пях. дывізіі, з 1919 камандуючы 1-й арміяй Усх. фронту. У 1920 на Зах. фронце, камандзір 3-га коннага корпуса. З 1922 нарком па ваен. справах Арменіі. З 1923 камандзір і ваенком 7-й Самарскай кав. дывізіі, якая размяшчалася на Беларусі. У 1924 адрадзіў 3-і конны корпус, названы імем БССР (штаб знаходзіўся ў Мінску). З 1933 выкладчык, нач. кафедры Ваенна-паветр. акадэміі. Чл. ЦВК БССР у 1924—25. Аўтар прац і нарысаў па гісторыі грамадз. вайны. У 1935 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны.
т. 4, с. 436
ГАЙ
(Gaj) Людэвіт (8.7.1809, Крапіна, Харватыя — 20.4.1872),
харвацкі паліт. дзеяч, паэт, адзін з кіраўнікоў ілірызму (прытрымліваўся ліберальнага кірунку).
1835 выдаваў газ. «Novine hrvatske» [«Харвацкія навіны», з 1836 «Ilirske narodne novine» («Ілірыйскія народныя навіны»)], у якой прапаведаваў ідэі нац., культ. і паліт. еднасці паўд. славян пад эгідай Габсбургаў. Адзін са стваральнікаў агульнанац. літ. мовы харватаў на аснове штокаўскага дыялекту. У час рэвалюцыі 1848—49 узначаліў нац. камітэт у Заграбе (1848), але праз год увайшоў у склад венскага кабінета міністраў. Нешматлікія літ. творы Гая не маюць маст. вартасці, за выключэннем некалькіх патрыят. песень («Яшчэ Харватыя не загінула», 1835).
т. 4, с. 436
ГА́ЙДА Наталля Віктараўна
(н. 1.5.1939, г. Екацярынбург, Расія),
бел. спявачка (сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла кансерваторыю ў Свярдлоўску (1966). У 1965—68 салістка Свярдлоўскага опернага т-ра, з 1969 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1970 — Дзярж. т-ра муз. камедыі Рэспублікі Беларусь. Мае яркі прыгожы голас, дасканала валодае майстэрствам пераўвасаблення, танца, пластыкі. Сярод лепшых партый у нац. аперэтах: Насця («Несцерка» Р.Суруса), Паўлінка, Ірына, Каця («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Эпіфанія («Мільянерка» Я.Глебава), Агнеса («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Джулія («Джулія» У.Кандрусевіча); сярод інш. партый: Сільва, Тэадора Вердзье («Сільва», «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Ганна Главары («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Эліза Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Стэла («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Чаніта («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Прынц і Жабрак («Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна), мадам Рэнесанс («Клоп» У.Дашкевіча), Долі («Хэло, Долі!» Дж.Германа) і інш.
Літ.:
Шумилова Э. Наталья Гайда, заслуженная артистка БССР // Тэатр. Мінск. 1980. № 4;
Брылон В. Наталля Гайда застаецца і перамагае // Мастацтва. 1992. №7.
А.Я.Ракава.
т. 4, с. 436
ГАЙДАБУ́РАЎ Павел Паўлавіч
(27.2.1877, С.-Пецярбург — 4.3.1960),
рускі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Расіі (1940). Сцэн. дзейнасць пачаў у правінцыі ў 1899; іграў у антрэпрызе Н.Васільевай у Мінскім гар. т-ры; выступаў у Віцебску (1919) і Гомелі (1928). У 1903 разам з актрысай Н.Скарскай арганізаваў у Пецярбургу Агульнадаступны т-р, у 1905 на яго аснове — Першы вандроўны драм. т-р (існаваў да 1928). На сцэне абодвух ставіў спектаклі і стварыў у іх яркія сцэн. вобразы: Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Освальд («Здані» Г.Ібсена), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. У 1933—39 кіраўнік Калгасна-саўгаснага вандроўнага Т-ра, у 1944—50 у маск. Камерным т-ры, з 1955 у Т-ры імя Я.Вахтангава. У розныя гады паставіў усе п’есы А.Чэхава. Аўтар кн. «На сцэне і ў жыцці» (1959, разам са Скарскай). Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 4, с. 436
ГАЙДА́Й Зоя Міхайлаўна
(1.6.1902, г. Тамбоў, Расія — 21.4.1965),
украінская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1944). Скончыла Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.Лысенкі (1927). У 1928—55 салістка Кіеўскага, у 1930—34 — Харкаўскага т-раў оперы і балета. У 1947 — 65 выкладала ў Кіеўскай кансерваторыі (з 1963 праф.). Сярод партый: Наталка («Наталка Палтаўка» Лысенкі), Аксана («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Ганна («Наймічка» М.Верыкоўскага), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступала як камерная спявачка. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1933, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1941.
т. 4, с. 436
ГАЙДА́Й Леанід Іовіч
(30.1.1923, г. Свабодны Амурскай вобл., Расія — 19.11.1993),
рускі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1989). Скончыў тэатр. студыю пры Іркуцкім абл. драм. т-ры (1947), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1955). Працаваў у жанры сатыр. камедыі. Майстар эксцэнтрыкі, гратэску, пародыі. Яго фільмы адметныя лёгкасцю, дасціпнасцю і адточаным рытмам: «Пёс Барбос і незвычайны крос» (кінаальманах «Зусім сур’ёзна», 1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Дзелавыя людзі» (1963), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967), «Брыльянтавая рука» (1969), «12 крэслаў» (1971), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Спортлато-82» (1982), «Прыватны дэтэктыў, або Аперацыя «Кааперацыя» (1990), «На Дзерыбасаўскай добрае надвор’е, ці На Брайтан-Біч ізноў ідуць дажджы» (1992). Аўтар ці сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1970.
т. 4, с. 437
ГАЙДАМА́КІ
(ад тур. haydamak нападаць),
удзельнікі вызв. руху на Правабярэжнай Украіне супраць польскай шляхты. Рух гайдамакаў узнік у 1720-я г. на Валыні і ў Зах. Падоліі, пазней распаўсюдзіўся на інш. раёны Украіны. Атрады гайдамакаў складаліся з сялян, бяднейшых запарожскіх казакоў, батракоў, рамеснікаў. У 1734, 1750, 1768 рух гайдамакаў перарастаў у буйныя паўстанні, найб. значнае ў 1768 («Калііўшчына»). У грамадз. Вайну 1918 — 20 на Украіне нац. фарміраванні, што змагаліся супраць сав. улады, выкарыстоўвалі папулярныя ў народзе гіст. традыцыі і называлі сябе гайдамакамі.
т. 4, с. 437
ГАЙДА́Р
(сапр. Голікаў) Аркадзь Пятровіч (22.1.1904, г. Льгоў, Расія — 26.10.1941),
рускі пісьменнік. У перыяд грамадз. вайны ў 15 гадоў камандаваў ротай, у 17 — палком. У Вял. Айч. вайну быў карэспандэнтам газ. «Комсомольская правда». Загінуў на фронце. Пісаў для дзяцей. Творы Гайдара адметныя даверлівай інтанацыяй, веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю сюжэта, рамантыкай рэв. барацьбы, лірызмам («Р.В.С.», 1926; «Школа», 1930; «Ваенная тайна», 1935; «Цімур і яго каманда», 1940, і інш.). Аўтар кінасцэнарыяў «Цімурава клятва», «Камендант снежнай крэпасці». Асобныя творы Гайдара на бел. мову перакладалі С.Грахоўскі, У.Краўчанка, М.Татур, А.Якімовіч і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т.1—3. М., 1986;
Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1954.
Літ.:
Смирнова В.В. Аркадий Гайдар: Очерк жизни и творчества. 2 изд. М., 1972.
Г.І.Дайлідава.
т. 4, с. 437