ГАЙДА́Й Зоя Міхайлаўна
(1.6.1902, г. Тамбоў, Расія — 21.4.1965),
украінская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1944). Скончыла Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.Лысенкі (1927). У 1928—55 салістка Кіеўскага, у 1930—34 — Харкаўскага т-раў оперы і балета. У 1947 — 65 выкладала ў Кіеўскай кансерваторыі (з 1963 праф.). Сярод партый: Наталка («Наталка Палтаўка» Лысенкі), Аксана («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Ганна («Наймічка» М.Верыкоўскага), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступала як камерная спявачка. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1933, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1941.
т. 4, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)