ГАЙ Гая Дзмітрыевіч

(сапр. Бжышкян Гайк; 18.2.1887, г. Тэбрыз, Іран — 11.12.1937),

савецкі ваенны дзеяч, камкор (1935). Праф. (1933). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). Удзельнік 1-й сусв. вайны, прапаршчык. З 1918 камандзір 1-й зводнай Сімбірскай пях. дывізіі, з 1919 камандуючы 1-й арміяй Усх. фронту. У 1920 на Зах. фронце, камандзір 3-га коннага корпуса. З 1922 нарком па ваен. справах Арменіі. З 1923 камандзір і ваенком 7-й Самарскай кав. дывізіі, якая размяшчалася на Беларусі. У 1924 адрадзіў 3-і конны корпус, названы імем БССР (штаб знаходзіўся ў Мінску). З 1933 выкладчык, нач. кафедры Ваенна-паветр. акадэміі. Чл. ЦВК БССР у 1924—25. Аўтар прац і нарысаў па гісторыі грамадз. вайны. У 1935 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)