ГАРА́,
ізаляванае рэзкае падняцце зямной кары сярод роўнай мясцовасці. Вышыня гары ад падножжа да вяршыні больш за 200 м. Гарой называюць таксама вяршыні ў горных краінах. Найвышэйшая гара на Зямлі — Джамалунгма (Эверэст) у Гімалаях (8848 м над узроўнем мора). На раўнінных тэр. гарамі зрэдку называюць і невял. падняцці, якія фактычна з’яўляюцца ўзгоркамі. Найвыш. пункты Беларусі: Дзяржынская гара (345 м), Лысая гара (342 м), Маяк (335 м), Замкавая гара (323 м), Мілідаўская гара (320 м), Гаршэва гара (296 м).
т. 5, с. 37
ГАРА́,
мантаньяры, 1) у час франц. рэвалюцыі 1789—99 назва рэв.-дэмакр. крыла Канвента, якая прадстаўляла партыю якабінцаў; займала на пасяджэннях верхнія лавы (адсюль назва).
2) У час франц. рэвалюцыі 1848 група дробнабурж. дэмакратаў ва Устаноўчым сходзе, якая лічыла сябе наследнікамі ідэй мантаньяраў канца 18 ст. У лют. 1849 «Новай Гарой» назвалі блок дробнабурж. дэмакратаў і сацыялістаў.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Монтаньяры. М., 1989.
т. 5, с. 37
ГАРАБУ́РДА Васіль Міхайлавіч, бел. друкар і кнігавыдавец 16 ст. Пад кіраўніцтвам І.Фёдарава і П.Мсціслаўца прымаў удзел у рабоце Заблудаўскай друкарні. Арганізаваў друкарню ў Вільні, каля 1580 выдаў «Евангелле вучыцельнае» — блізкую копію заблудаўскага выдання 1569, у 1582 — «Актоіх» («Васьмігалоснік») з пасляслоўем, падпісаным ім. Працягваў выдавецкія традыцыі Заблудаўскай друкарні, выдаваў кнігі на царк.-слав. мове вял. фарматам, у 2 колеры. Захавалася каля 35 экз. яго кніг. Друкарня Гарабурды перайшла да Мамонічаў.
т. 5, с. 37
ГАРАБУ́РДА Міхаіл
(? — чэрв. 1586),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дыпламат. З роду Гарабурдаў. Зрабіў вял. ўклад ў дыпламат. забеспячэнне Лівонскай вайны 1558—83. У 1559 і 1561 ездзіў у Крым, каб схіліць татар да нападаў на Расію. У 1563—54 і 1566 сакратар пасольстваў у Маскву. У 1571 і 1573 пасол ВКЛ у Маскву. Вёў перагаворы пра абранне на трон Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча пры ўмове прыняцця ім каталіцтва. За заключанае перамір’е прызначаны пісарам ВКЛ, у 1579 атрымаў ва ўласнасць Свіслацкае староства і Клімавіцкую воласць на Гродзеншчыне. Быў абвінавачаны ў спробе перадаць Расіі Інфлянты ўзамен на Полацк і адхілены ад дыпламат. дзейнасці. У 1579—81 у арміі. У 1582 удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, быў паслом у Маскву. З 1584 кашталян мінскі. Лічыў, што дыпламат. метадамі можна падпарадкаваць Расію Рэчы Паспалітай, у 1585—86 вёў перагаворы пра унію дзвюх дзяржаў і іх саюз супраць Турцыі. У Маскве Гарабурда набыў Біблію, якую перадаў К.В.Астрожскаму для друкавання (т.зв. «Астрожская Біблія» 1581).
т. 5, с. 37
ГАРАБУ́РДЫ,
ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, радавы герб «Габданк». Паходзяць, верагодна, з полацкіх баяр. Найб. вядомыя:
Сямён Багданавіч, полацкі баярын, у час Лівонскай вайны 1558—83 трапіў у маскоўскі палон. Валодаў у Полацкім ваяв. Азярцамі, Гарадзеяй, Ушачамі і інш. Лукаш Багданавіч, каралеўскі дваранін, удзельнік пасольстваў у Маскву ў 1537 і 1558. У 1563—66 у маскоўскім палоне. Міхаіл (? — 1586), дыпламат, гл. Гарабурда М. Васіль Міхайлавіч, друкар, гл. Гарабурда В.М. Міхал Кароль (каля 1640—1709), дзярж. і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1666 дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы 1688—99, з 1691 маршалак слонімскі. Выступаў супраць групоўкі Сапегаў. Камандаваў слонімскай харугвай у Алькеніцкай бітве 1700, дзе Сапегі былі разбіты.
т. 5, с. 38
ГАРАВА́Я Галіна Аляксандраўна
(н. 7.2.1941, г. Барысаглебск, Расія),
бел. скульптар. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1968), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. У аснове філас. канцэпцыі твораў Гаравой — асэнсаванне гіст. працэсаў і з’яў сучаснасці. Сярод твораў: манум. кампазіцыя «Маці» (1976, р.п. Глуша Бабруйскага р-на), помнік воінам-кавалерыстам (1981, в. Горная Хоцімскага р-на; арх. Ю.Мамлін); паркавая скульптура «Голуб» (1988); станковыя работы «Беларусь партызанская», «Касманаўты» (абедзве 1975), «Несцерка і Паўлінка» (1985), «Дзекабрысты» (1986), «Нараджэнне» (1990), «Сляпыя» і «Аплакванне» (1993), «Патэн» і «Каханне» (1994), «Акг-1» (1995), «Акт-2» (1996) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 38
ГАРАВЕ́Ц Аляксандр Канстанцінавіч
(12.3.1915, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 6.7.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі аэраклуб, Ульянаўскую лётную школу (1935). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1942 на Паўн.-Каўказскім, Варонежскім франтах. Зрабіў 74 баявыя вылеты, удзельнічаў у 11 паветр. баях. Нам. камандзіра эскадрыллі знішчальнага авіяпалка ст. лейтэнант Гаравец у час Курскай бітвы ўступіў у бой з 20 бамбардзіроўшчыкамі ворага, збіў 9 самалётаў — адзіны ў свеце лётчык, які ў адным баі збіў столькі самалётаў. Загінуў у гэтым баі. На 597-м км аўтамагістралі Масква—Сімферопаль, у Полацку, вёсках Ског і Машканы Сенненскага р-на яму пастаўлены помнікі.
Літ.:
Мень Г. История одного подвига. Мн., 1964.
т. 5, с. 38
ГАРАВЫ́Я,
гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і курганны могільнік полацкіх крывічоў каля в. Гаравыя Полацкага р-на Віцебскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі доўгіх жытлаў слупавой канструкцыі, каменнае агнішча; сярод знаходак ляпны гліняны посуд, жал. прылады працы, косці жывёл. На могільніку было 38 круглых і падоўжаных у плане насыпаў; пахавальны абрад — трупаспаленне; пахавальны інвентар (шкляныя пацеркі, бронз. ўпрыгожанні, ляпныя гаршкі) выяўлены толькі ў 3 курганах.
т. 5, с. 38
ГАРАГЛЯ́Д Леанід Іванавіч
(13.4.1916, г. Ашгабат, Туркменістан — 14.7.1986),
Герой Сав. Саюза (1948), ген.-маёр авіяцыі (1953). Беларус. Скончыў акадэміі Ваенна-паветр. (1941), Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на Паўд.-Зах., 2-м і 1-м Укр. франтах: нач. штаба авіядывізіі, камандзір знішчальнага авіяпалка, дывізіі. Зрабіў 146 баявых вылетаў, удзельнічаў у 53 паветр. баях, асабіста збіў 15 самалётаў праціўніка. Да 1976 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 38
ГАРАГЛЯ́Д Харытон Сцяпанавіч
(11.10.1898, в. Стахава Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.5.1985),
бел. вучоны ў галіне агульнай і сан. ветэрынарыі. Акад. АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук БССР (1957—61), д-р вет. н., праф. (1939). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі вет.-зоатэхн. ін-т (1925). У 1933—60 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та (у 1941—44 у Троіцкім вет. ін-це, Чэлябінская вобл.), адначасова ў 1950—54 дырэктар Бел. НДІ жывёлагадоўлі АН Беларусі, з 1956 заг. аддзела, нам. дырэктара, з 1971 навук. кансультант Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. экспертызе, мікрабіялогіі, эпізааталогіі, паталаг. анатоміі, вет. санітарыі і гігіене, хваробах і санітарнай ацэнцы рыб. Распрацаваў метад гетэрагеннага донарства ў жывёлагадоўлі і апарат для абеззаражвання мяса пры прамысл. перапрацоўцы. Прапанаваў метады вызначэння прыроды жоўцевых пігментаў у мясе, альдэгідаў у тлушчах. Залаты медаль імя М.І.Вавілава.
Тв.:
Болезни и вредители рыб. Мн., 1955;
Трихинеллез сельскохозяйственных животных и его профилактика. Мн., 1959;
Болезни диких животных. Мн., 1971;
Ветеринарно-санитарная экспертиза с основами технологии переработки продуктов животноводства. 2 изд. М., 1981 (у сааўт.).
т. 5, с. 38