Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГА́ЦІХ Міхаіл Аляксандравіч

(н. 10.6.1931, в. Радкоўшчына Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тарфяной механікі. Д-р тэхн. н. (1982), праф. (1987). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1958). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па стварэнні сістэм кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі торфабрыкетнай вытв-сці.

Тв.:

Автоматизация процессов сушки торфа на брикетных заводах. Мн., 1983 (разам з У.Я.Геншафтам, Б.В.Вайтовічам);

Влагометрия торфа. Мн., 1986 (разам з Л.С.Лісам);

Физико-механические методы измерения и дозирования массы сыпучих материалов. Мн., 1987.

т. 5, с. 95

ГАЦКО́ Галіна Рыгораўна

(н. 15.7.1930, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне эндакрыналогіі і геранталогіі. Д-р біял. н. (1984), праф. (1991). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1954). З 1954 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі, з 1958 у Сектары геранталогіі АН Беларусі, з 1987 у Ін-це радыебіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні агульных заканамернасцей уздзеяння працэсу старэння і радыяцыі на функцыю эндакрыннай сістэмы і гарманальную рэгуляцыю метабалізму, павелічэнні прыстасавальных магчымасцей арганізма ва ўмовах працяглага ўздзеяння малых доз іанізавальнага выпрамянення.

Тв.:

Старение и инсулин. Мн., 1975;

Жировая ткань при старении. Мн., 1985 (разам з А.С.Жукавай, Л.Д.Чайкай);

Гормоны и старение: Мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991 (разам з Я.Ф.Канаплёй, А.А.Мілюціным);

Прыродная радыеактыўнасць. Мн., 1994 (разам з Я.Ф.Канаплёй).

т. 5, с. 95

ГАЦУ́К,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. На аўтадарозе Слуцк—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на Пн ад горада і чыг. ст. Слуцк, 67 км ад Мінска. 1172 ж., 373 двары (1996). Торфабрыкетны з-д «Слуцкі», пральня. Сярэдняя і муз. школы, Дом фальклору, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 5, с. 95

ГАЦЬ,

насціл з бярвён або галля праз топкае месца, гл. Грэбля.

т. 5, с. 95

ГАЦЬ,

рака ў Смалявіцкім і Чэрвеньскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Волма (бас. Дняпра). Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 210 км². Пачынаецца за 3 км на ПдУ ад в. Пяцігодка Смалявіцкага р-на. Асн. прыток — р. Дыеўка. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 5, с. 95

ГАЦЬ,

вадасховішча ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад Баранавіч, каля в. Яжона, на р. Лахазва (бас. Нёмана). Створана ў 1934. Пл. 1,26 км², даўж. 3,1 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 4,7 м. Аб’ём вады 3,15 млн. м³. Берагі моцна парэзаныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ўкрыта торфам і глеем. Сярэдні шматгадовы сцёк 32 млн. м³. Выкарыстоўваецца для адпачынку і рыбагадоўлі.

т. 5, с. 95

ГАЦЬЕ́

(Gautier) Тэафіль (30.8.1811, г. Тарб, Францыя — 23.10.1872),

французскі пісьменнік і крытык. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рамантызму. Удзельнік парыжскіх літ.-маст. гурткоў, натхняльнік літ. групы «Парнас». У прадмовах да паэмы «Альбертус» (1832) і рамана «Мадэмуазель дэ Мапэн» (1835—36) выступіў супраць утылітарызму ў мастацтве, даў абгрунтаванне тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва». Аўтар паэт. зб-каў «Вершы» (1830), «Камедыя смерці» (1838), «Іспанія» (1845), «Эмалі і камеі» (1852), раманаў «Кароль Кандоль» (1844), «Жан і Жанета» (1850), «Раман муміі» (1858), фантаст. аповесцей і апавяданняў («Ноч, падараваная Клеапатрай», 1845; «Мілітона», 1847, і інш.), падарожных нататкаў, у т. л. «Падарожжа ў Расію» (1867). Для яго твораў характэрна сувязь з мастацтвам (з жывапісам і пластыкай у паэзіі, з т-рам у рамане «Капітан Фракас», т. 1—2, 1861—63), выкарыстанне фантастыкі для стварэння «звышнатуральнага» свету і асяроддзя, да якога імкнецца герой, пастаўлены ў рэальныя ўмовы зямнога існавання. Крытычныя працы — «Гратэскі» (1844; пра франц. паэтаў 15—17 ст.), «Гісторыя рамантызму» (выд. 1874). Нарыс пра жыццё і творчасць Ш.Бадлера.

Тв.:

Poésies complètes. Vol. 1—3. Paris, 1970;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1972.

С.В.Логіш.

т. 5, с. 95

ГАЦЬЕ́ Юрый Уладзіміравіч

(30.6.1873, Масква — 17.12.1943),

рускі гісторык, археограф. Чл.-кар. Рас. АН (1922), акад. АН СССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). У 1902—18 праф. Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў, адначасова Межавога ін-та, Нар. ун-та А.Л.Шаняўскага, Маскоўскага ун-та. Аўтар прац «Замаскоўны край у XVII ст. Спроба даследавання па гісторыі эканамічнага быту Маскоўскай Русі» (1906), «Гісторыя абласнога кіравання ў Расіі ад Пятра І да Кацярыны II» (т. 1—2, 1913—41), «Нарыс гісторыі землеўладання ў Расіі» (1915). З 1900 вёў раскопкі ў сярэднерас. і паўд.-рас. губернях. У працах па археалогіі выступаў за сінтэз звестак гісторыі і археалогіі.

Літ.:

К 100-летию со дня рождения акад. Ю.В.Готье, 1973 г. // Черепнин Л.В. Отечественные историки XVIII—XX вв. М., 1984.

т. 5, с. 95