Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГА́МА (грэч. gamma) у музыцы, 1) літара грэч. алфавіта, якой у сярэднія вякі абазначалі самы нізкі гук — соль вял. актавы.

2) Паступенная ўзыходная і сыходная паслядоўнасць усіх ступеней гукарада (у межах адной ці больш актаў) пэўнай гукавой сістэмы (12-ступеннай — храматычная гама, 7-ступеннай — дыятанічная, 5-ступеннай — пентатонная) ці ладу (гама мажорная, мінорная і інш.). Выкананне розных гам — сродак развіцця тэхнікі ігры на муз. інструментах і вакальнай тэхнікі.

т. 5, с. 8

ГА́МА

(Gama) Баска да (1469, г. Сініш, Партугалія — 24.12.1524),

партугальскі мараплавец, які ўпершыню праклаў марскі шлях з Еўропы ў Індыю. Адмірал (1502). Граф Відыгейра (1519). На чале экспедыцыі з 4 караблёў (выйшла з Лісабона ў ліп. 1497) абагнуў з Пд Афрыку і з дапамогай араб. лоцмана Ахмеда ібн Маджыда ў маі 1498 дасягнуў інд. порта Калікут. Са 168 маракоў у Партугалію жывымі вярнуліся 55 (вер. 1499). У час экспедыцыі 1502—03 на чале армады (20 караблёў з дэсантам пяхоты і артылерыі) разбурыў Калікут, стварыў крэпасць у порце Кочын, заснаваў шэраг апорных баз-факторый на Малабарскім беразе, усх. узбярэжжы Афрыкі і інш. У 1524 прызначаны віцэ-каралём Індыі і здзейсніў туды апошняе плаванне. Памёр у крэпасці Кочын. Экспедыцыі Гамы садзейнічалі каланізацыі Індыі партугальцамі і ўстанаўленню іх кантролю за міжнар. гандлем у Індыйскім акіяне.

Літ.:

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. Т. 2. С. 39—44, 84—85.

т. 5, с. 8

ГАМАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,

аднародная фізіка-хім. сістэма, якая мае адну фазу. Хім. састаў і фіз. ўласцівасці ва ўсіх частках гамагеннай сістэмы аднолькавыя ці мяняюцца без скачкоў (паміж часткамі сістэмы няма паверхні падзелу). Гамагенная сістэма можа быць ізатропнай (газы, вадкасці) і анізатропнай (большасць цвёрдых і вадкіх крышталёў, гл. Анізатрапія). Гл. таксама Гетэрагенная сістэма.

т. 5, с. 9

ГАМАГЕ́ННЫ РЭА́КТАР,

ядзерны рэактар, у актыўнай зоне якога знаходзіцца аднародная (гамагенная) сумесь ядзернага паліва і запавольніка. Паліва (солі урану, торыю, плутонію) раствараюць у звычайнай ці цяжкай вадзе або ў пылападобным стане змешваюць з цвёрдым запавольнікам (напр., графітам). Цеплавую энергію адводзяць цепланосьбітам па трубах, што пранізваюць актыўную зону, або непасрэдна гамагеннай сумессю паліва і запавольніка. Выкарыстоўваецца ў эксперыментальных мэтах.

т. 5, с. 9

ГАМА́ДА,

тып пустыні, гл. Хамада.

т. 5, с. 9

ГАМАДРЫ́Л

(Papio hamadryas),

малпа роду павіянаў сям. мартышкавых атр. прыматаў. Пашыраны ў Афрыцы (Эфіопія, Паўн.-Усх. Судан, Паўн. Самалі) і Азіі (Паўд.-Зах. Аравія). Жыве ў адкрытай мясцовасці, у стэпах і саваннах статкамі да 100 і больш асобін.

Даўж. цела 75—80 см, хваста 53—60 см, маса 20—30 кг; самкі амаль удвая меншыя. Самцы светла-шэрыя, з доўгімі (да 25 см) валасамі на плячах і верхняй ч. тулава, якія ўтвараюць серабрыста-шэрую мантыю, на мордзе — вял. «бакенбарды», на хвасце — кутасік. Самкі цемнавата-карычневыя з аліўкавым адценнем. Сядалішчныя мазолі чырвоныя, добра развітыя. Усёедны. Дзіцяняты чорнага колеру, нараджаюцца 2 разы за год. Сродкі зносін (міміка, жэсты, позы, гукі) вельмі складаныя і выразныя.

т. 5, с. 9

ГАМА́ЗАВЫЯ КЛЯШЧЫ́

(Gamasoidea),

група кляшчоў атр. паразітыформных. 30 сям., 3—4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразітычныя формы. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнаі, норах і гнёздах млекакормячых і птушак, мурашніках, жыллі чалавека, на раслінах і інш. Многія віды паразітуюць на целе або ў органах і поласцях наземных пазваночных жывёл, чалавека. Некаторыя — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцый кляшчовага энцэфаліту, кляшчовага сыпнога тыфу, ліхаманкі Ку, тулярэміі і інш. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. Пашыраныя гамазавыя кляшчы: курыны (Dermanyssus gallinae), пацуковы (Ornithonyssus bacoti), грызуноў (Haemogamasus nidi), андралелапс (Androlaelaps hermaphrodita).

Даўж. 0,2—4 мм. Цела прадаўгавага-круглаватае, пляскатае, укрытае хіцінавымі шчыткамі. Ногі шасцічленікавыя. На целе і канечнасцях шматлікія шчацінкі. Ротавы апарат грызуча- або колюча-сысучы. Адкладваюць яйцы або жывародныя. Развіццё непрацяглае, поўнае. За сезон могуць даваць дзесяткі пакаленняў. Пераважна драпежнікі, кормяцца дробнымі членістаногімі, нематодамі, крывёй і інш.

т. 5, с. 9

ГАМА́К

(франц. hamac ад індзейскага),

падвясны ложак, сплецены ў выглядзе сеткі, для сну і адпачынку на свежым паветры. Прыдуманы індзейцамі трапічных лясоў Паўд. Амерыкі. Атрымаў сусветнае пашырэнне.

т. 5, с. 9

ГАМАЛІ́ЦКІ Міхаіл Лявонавіч

(3.12.1791, в. Бялавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 2.2.1861),

бел. ўрач, гісторык, літаратар. Д-р медыцыны (1815), праф. (1824). Скончыў Віленскі ун-т (1815) і працаваў у ім (1816—27). Чл. Віленскай археал. камісіі (з 1857). З 1830-х г. даследаваў помнікі палеаграфіі, займаўся вывучэннем стараж. Вільні і зах. зямель Беларусі. Дапамагаў А.Кіркору ў арганізацыі і прымаў удзел у яго археал. экспедыцыях, збіранні археал. матэрыялаў. Шмат рэдкіх дакументаў перадаў у Віленскі музей старажытнасцей. Даследаваў бел. гісторыю, займаўся літ. дзейнасцю.

Літ.:

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.

Г.А.Каханоўскі.

т. 5, с. 9

ГАМАЛО́ГІЯ (ад грэч. homologia адпаведнасць) у біялогіі, 1) адпаведнасць органаў у арганізмах розных відаў, абумоўленая іх філагенетычнай роднасцю. Падобныя органы або іх часткі звычайна развіваюцца ад эвалюцыйна аднолькавых зыходных зачаткаў, якія могуць выконваць розныя функцыі. Такія органы наз. гомалагічнымі. Напр., канечнасці пазваночных — ногі, ласты, крылы лятучых мышэй. Гамалогія як падабенства, заснаванае на роднасці, процістаіць аналогіі. Гамалогія органаў у розных відаў мае 3 крытэрыі: падабенства марфалагічнага плана будовы органаў, таксама іх стану ў арганізме ў адносінах да інш. органаў і падабенства іх морфагенезу.

2) Ідэнтычнасць структуры 2 (у дыплоідаў) або большай колькасці (у аўтапаліплоідаў) храмасом, якая азначае, што ў гомалагічных храмасомах аднолькавыя локусы размешчаны ў той жа лінейнай паслядоўнасці. Доказам гамалогіі генет. структур служыць дакладная кан’югацыя іх храмасом у прафазе меёзу і ўтварэнне жыццяздольных гамет і зігот.

т. 5, с. 9