ГАЛ,
адзінка паскарэння ў сістэме СГС (сантыметр, грам, секунда). Абазначаецца гал. 1 гал = 1 см/с2. Названа ў гонар Г.Галілея. Выкарыстоўваецца ў гравіметрыі.
т. 4, с. 441
ГАЛА...
[ад грэч. hals (halos) соль],
першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «соль», напр., галабіёнты, галагены.
т. 4, с. 442
ГА́ЛА,
нізіннае балота на З Ельскага і У Лельчыцкага р-наў Гомельскай вобл., у вадазборы р. Убарць і Батыўля. Пл. 17,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 12,4 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 1,2 м. Балота асушана адкрытай сеткай, 4,2 тыс. га дрэнажом. Вырошчваюць сеяныя травы і збожжавыя.
т. 4, с. 442
ГАЛАБАКТЭ́РЫІ
(Halobacteriaceae),
сямейства бактэрый, якія развіваюцца ў асяроддзі з вял. колькасцю хлорыстага натрыю (не менш чым 12%). Строгія (аблігатныя) аэробы. Адрозніваюць 2 роды: рухомыя палачкі і нерухомыя кокі. Жывуць у салёных вадаёмах, саланчаковых глебах, развіваюцца ў расолах, салёных рыбе і мясе. Вял. колькасць солей у асяроддзі неабходна для падтрымкі структурнай цэласнасці цытаплазматычнай мембраны і функцыянавання звязаных з ёй ферментных сістэм, а таксама для забеспячэння трываласці клетачных сценак галабактэрый. Утвараюць пігменты караціноіды, якія афарбоўваюць калоніі галабактэрый у чырвоны колер.
т. 4, с. 442
ГАЛАБІЁНТЫ
[ад гала... + біёнт(ы)],
арганізмы, якія жывуць у перасоленых вадаёмах (напр., азёры Баскунчак, Эльтон; Мёртвае і Чырвонае м.). Найб. тыповыя галабіёнты — зялёная водарасць дуналіела, сіне-зялёная водарасць хлараглея, калаўротка Brachionus mülleri, рачок артэмія, лічынкі некат. насякомых і інш.
т. 4, с. 442
ГАЛАБІ́ЯС,
сукупнасць жывёльных і раслінных арганізмаў, якія жывуць у акіянах і морах.
т. 4, с. 442
ГАЛАВА́,
1) назва ваен. і адм. пасад у Расіі ў 16—17 ст. Ваен. пасады: соценны галава, стралецкі галава, казацкі галава, абозны галава і інш. На пасаду галавы звычайна прызначаліся дваране і дзеці баярскія. Адм.-фін. пасады: жытнічы галава, пісьмовы галава, саляны галава, мытны галава і інш. 2) Выбарныя гар. і саслоўныя пасады ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. (гарадскі галава, валасны галава, рамесны галава).
т. 4, с. 442
ГАЛАВАГРУ́ДЗІ,
прасома, аддзел цела членістаногіх, які ўтвараецца ў выніку зліцця галаўных і грудных сегментаў. Уласцівы вышэйшым ракападобным і хеліцэравым (павукападобныя, мечахвосты і некаторыя вымерлыя). У хеліцэравых у склад галавагрудзей уваходзяць элементы галаўной лопасці і наступных 6 сегментаў з канечнасцямі, якія выконваюць жавальную і рухальную функцыі. Галавагрудзі часта наз. сківіцагрудзі вышэйшых дзесяціногіх ракападобных разам з галавой, якія ўтвараюцца пры зліцці 6 галаўных і 7 грудных сегментаў.
т. 4, с. 442
ГАЛАВА́НАЎ Мікалай Сямёнавіч
(21.1.1891, Масква — 28.8.1953),
рускі дырыжор, піяніст, кампазітар. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1914), выкладаў у ёй (праф. у 1925—29, 1943—44). З 1915 у Вял. тэатры ў Маскве (з 1919 дырыжор, з 1948 гал. дырыжор). Адначасова з 1937 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Выдатны інтэрпрэтатар рус. класічных і сучасных опер, нац. сімф. музыкі. Выступаў як акампаніятар з жонкай А.Няжданавай. Кансультант Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940), неаднаразова наведваў Мінск, дырыжыраваў канцэртамі. У 1953 удзельнічаў у падрыхтоўцы 2-й Дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве. Аўтар опер, сімф. і хар. твораў, рамансаў і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950, 1951.
т. 4, с. 442
ГАЛАВАНІ́ЎСКІ Сава Яўсеевіч
(29.5.1910, г. Кіраваград, Украіна — 2.5.1989),
украінскі пісьменнік. У 1927—30 вучыўся ў Адэскім і Харкаўскім с.-г. ін-тах. Друкаваўся з 1927. У паэт. зб-ках (больш за 30) «Рапартую!» (1931), «Блізкае і далёкае» (1948), «Сіняя птушка» (1980), «Вечны агонь» (1986) і інш. рамантычна-ўзнёсла апаэтызаваў рэчаіснасць, хараство бацькоўскай зямлі, лёс свайго пакалення. Аўтар п’ес «Лёс паэта» (1939), «Далёкае рэха» (1961), раманаў «Таполя на тым беразе» (1965), «Корсунь» (1972; пра героіку Вял. Айч. вайны) і інш. Уражанні ад паездак па Італіі, Германіі, Польшчы і Турцыі ў вершах і нарысах. Нарысы, артыкулы Галаваніўскага ў кн. «Паядынак» (1941), «Часопіс» (1968), «Мемарыял» (1987) і інш. На бел. мову творы Галаваніўскага перакладалі П.Глебка, А.Звонак, М.Танк, М.Калачынскі, Л.Салавей, К.Цітоў.
Тв.:
Твори. Т. 1—3. Київ, 1980—81;
Рус. пер. — Мост к людям: Размышления, воспоминания, рассказы. М., 1985.
В.А.Чабаненка.
т. 4, с. 442