ГАЛАБАКТЭ́РЫІ
(Halobacteriaceae),
сямейства бактэрый, якія развіваюцца ў асяроддзі з вял. колькасцю хлорыстага натрыю (не менш чым 12%). Строгія (аблігатныя) аэробы. Адрозніваюць 2 роды: рухомыя палачкі і нерухомыя кокі. Жывуць у салёных вадаёмах, саланчаковых глебах, развіваюцца ў расолах, салёных рыбе і мясе. Вял. колькасць солей у асяроддзі неабходна для падтрымкі структурнай цэласнасці цытаплазматычнай мембраны і функцыянавання звязаных з ёй ферментных сістэм, а таксама для забеспячэння трываласці клетачных сценак галабактэрый. Утвараюць пігменты караціноіды, якія афарбоўваюць калоніі галабактэрый у чырвоны колер.
т. 4, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)