ГАЙДАБУ́РАЎ Павел Паўлавіч
(27.2.1877, С.-Пецярбург — 4.3.1960),
рускі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Расіі (1940). Сцэн. дзейнасць пачаў у правінцыі ў 1899; іграў у антрэпрызе Н.Васільевай у Мінскім гар. т-ры; выступаў у Віцебску (1919) і Гомелі (1928). У 1903 разам з актрысай Н.Скарскай арганізаваў у Пецярбургу Агульнадаступны т-р, у 1905 на яго аснове — Першы вандроўны драм. т-р (існаваў да 1928). На сцэне абодвух ставіў спектаклі і стварыў у іх яркія сцэн. вобразы: Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Освальд («Здані» Г.Ібсена), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. У 1933—39 кіраўнік Калгасна-саўгаснага вандроўнага Т-ра, у 1944—50 у маск. Камерным т-ры, з 1955 у Т-ры імя Я.Вахтангава. У розныя гады паставіў усе п’есы А.Чэхава. Аўтар кн. «На сцэне і ў жыцці» (1959, разам са Скарскай). Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 4, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)