ГАФТ Валянцін Іосіфавіч

(н. 2.9.1935, Масква),

рускі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. Расіі (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1957). Працаваў у маскоўскіх т-рах імя Массавета, на Малой Броннай, імя Ленінскага камсамола, Сатыры, з 1969 у т-ры «Сучаснік». Творчая манера Гафта вызначаецца тонкай псіхалагічнай прапрацоўкай вобразаў, інтэлектуальнай вастрынёй і іроніяй, якая набліжаецца да едкага сарказму, дакладным вонкавым малюнкам: Глумаў («Балалайкін і К°» паводле М.Салтыкова-Шчадрына), Вяршынін («Тры сястры» А.Чэхава), Рахлін («Кот хатні сярэдняй пушыстасці» У.Вайновіча і Р.Горына), Джордж («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі) і інш. З 1956 здымаецца ў кіно: «Забойства на вуліцы Дантэ», «Кентаўры», «Гараж», «Зладзеі ў законе», «Нябёсы запаветныя», у тэлевізійных пастаноўках. Аўтар вершаў і эпіграм.

т. 5, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)