ГАФТ

(ад польск. haft вышываны ўзор, вышыўка),

1) ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі (шаўковымі, залатымі, сярэбранымі ніткамі, жэмчугам, каштоўнымі ці штучнымі камянямі, з 19 ст. — бісерам, мішурой і інш.) па шоўку, аксаміце, парчы і інш. тканінах. Існуюць разнастайныя тэхн. прыёмы гафту (гладзь, высокарэльефнае шыццё «па карце», «у прыкрэп» і інш.). Узор бывае плоскі, пукаты, ажурны, накладны. Вядомы са стараж. часоў у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі, Стараж. Рыме, з сярэдневякоўя — па ўсёй Еўропе. На Беларусі з 15—16 ст. гафтам аздаблялі літургічныя тканіны, шляхецкае адзенне і інш. Пераважалі раслінныя матывы, стылістыка адпавядала агульнаеўрап. маст. кірункам. У нар. побыце гафтаваннем называлі розныя віды ажурных швоў.

2) Машынная вышыўка белай гладдзю па белай тканіне. У сучаснай маст. прам-сці плоскім машынным гафтаваннем пераважна расліннага характару аздабляюць пасцельную бялізну, жаночае адзенне, тасьму, тканіны і інш.

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)