ГАФУРЫ́ Мажыт
(сапр. Гафураў Габдулмажыт Нурганіевіч; 1.8.1880, в. Зілім-Каранова Гафурыйскага р-на, Башкортастан — 28.10.1934),
башкірскі і татарскі пісьменнік. Нар. паэт Башкортастана (1923). Упершыню выступіў у друку ў 1904 (зб. вершаў «Сібірская чыгунка»). Паэт. зб-кі «Маё маладое жыццё» (1906), «Любоў да нацыі» (1907) былі забаронены цэнзурай. Аўтар жанрава разнастайных твораў пра грамадз. вайну, станаўленне новага ладу жыцця ў краіне, лёс жанчыны (зб. вершаў «Чырвоны сцяг», 1917; паэма «Рабочы», 1921; п’еса «Чырвоная зорка», 1926; аповесці «Чарнатварыя», 1927; «Ступені жыцця», 1930; «На залатых капальнях паэта», аўтабіягр., 1931, і інш.). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Гафуры пераклалі Э.Валасевіч, Ю.Свірка.
Літ.:
Рамазанов Г. Мажит Гафури. М., 1980.
Р.З.Шакураў.
т. 5, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)